Большай лухты, чым назваць франтавіка Быкава нацыстам, здаецца, нельга сабе ўявіць. Але ў прафесійнай даносчыцы Бондаравай і гэта атрымалася. Добра, у яе выпадку гэта пытанне да медыкаў. Але што нам з гэтага?..
Антыфашысцкія плакаты — класіка савецкай прапаганды
Чым далей адыходзяць у гісторыю падзеі Другой сусветнай, тым больш спекуляцыяў на тэму з’яўляецца тут і цяпер. Рэцэпт просты: у любой сітуацыі свайго апанента можна назваць «фашыстам» / «нацыстам» / «гітлераўцам» — гэта бяспройгрышны ход прапаганды. Прычым прапаганду апанента абавязкова трэ’ называць «гебельсаўскай».
Кейс Бондаравай і «нацыста Быкава» можа выклікаць усмешку праз абсурднасць. Бо такім самым чынам у нацысты ці протанацысты можна запісаць Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча і г.д. Нягледзячы на тое, што Гітлер за іхным жыццём яшчэ нават не нарадзіўся. Якая розніца?
А сэнс у тым, што «нацызм» ці «фашызм» як паняткі цалкам згубілі сэнс у сучасным свеце. Калі Умберта Эка ці іншыя інтэлектуалы пісалі кнігі пра генезіс фашызму, яго рысы, прычыны і вынікі, то зараз гэта бяздушнае клішэ. Набор эмацыйных асацыяцый, якія ўсплываюць у інфаполі з мэтай чорнага піяру. Тухлае яйка, якім пры кожным выпадку трэба кідаць у ворага.
Пуцін у вобразе Гітлера — топ антырасійскай прапаганды
Універсальная форма расчалавечвання
Яркі прыклад — сітуацыя вакол расійскай агрэсіі супраць Украіны. Абодва бакі, пачынаючы з 2014 года, выкарыстоўваюць тыя самыя клішэ, каб пляжыць апанента (расійскі бок бавіцца ў гэтую гульню нават даўжэй, прыкладна з 2004-га).
Лідар ворага — «гітлер», яго прапаганда — «гебельсаўская», яго войска — «карнікі» ды «эсэсаўцы». У ход ідуць самыя тупыя прыёмы, напрыклад, кадры чорна-белай хронікі з украінскімі нацыяналістамі часоў вайны. У адказ — такія самыя кадры з расійскімі казакамі ў мундурах Вермахта ды з георгіеўскімі стужкамі.
— Ты фашыст!
— Не, ты фашыст!
— Не-не, ты!..
Нагадвае дзіцячую гульню. У Беларусі не лепей, бо і ўлады Лукашэнкі з 1990-х гадоў параўноўваюць апазіцыю з нацыстамі, і апазіцыя адказвае тым самым. «Жалезны» аргумент ад улады: выкарыстанне нацыяналістамі ў часе вайны бел-чырвона-белай сімволікі. Аргумент ад апазіцыі: мілітарызм, парады і жорсткасць паноўнага рэжыму. І тое, і іншае — універсальныя формы расчалавечвання апанента.
Параўнанні Зяленскага з Гітлерам — топ расійскай прапаганды
«Фашысты»: ад Пазняка да Грэты Тунберг
Думаеце, у Еўропе па-іншаму? Не. «Фашыстамі» там паспелі пабываць ці не ўсе публічныя палітыкі і грамадскія дзеячы, ад ультраправых да ультралевых. Уключна з Грэтай Тунберг, Ангелай Меркель ці Дональдам Тускам, якім апаненты рэгулярна дамалёўвалі фірмовыя гітлераўскія вусікі.
Напрыклад, «нацызм» закідвалі палітыку і пісьменніку з Нідэрландаў Піму Форцёну (Pim Fortuyn), які крытыкаваў масавую міграцыю мусульманаў у Еўропу ды, урэшце быў забіты мусульманінам-мігрантам у 2002-м. Смешна, бо пісьменнік быў адкрытым гомасэксуалістам і ультралібералам. Тое самае з рэжысёрам Тэо Ван Гогам (Theodoor «Theo» van Gogh), нашчадкам таго самага Ван Гога, які таксама быў забіты мігрантам. Не мінула «чаша сія» нават цемнаскурую феміністку і пісьменніцу суданскага паходжання Гірсі Алі (Ayaan Hirsi Ali), якая адважылася крытыкаваць прарока Мухамеда...
Абсурд? Канешне. Прычым не меншы за заявы даносчыцы Бондаравай. Але сэнс у ...адсутнасці сэнсу. Панятак «фашызму» ды «нацызму» ў грамадскай дыскусіі, калі гэта яшчэ можна назваць дыскусіяй, проста згубіў якое-кольвек значэнне. Логіка тут не працуе. Дастаткова, каб нехта табе не падабаўся, а далей ужо знойдуцца нямецкія карані апанента, любоў да аўчарак, манера публічна выступаць ці нейкая выпадковая цытата, каб завяршыць справу. Як з Пазняком: калі камуністы параўноўвалі яго з Гітлерам, то, як правіла, дадавалі, што і той, і той любілі мастацтва...
Макрона параўналі з Гітлерам з-за... антыкавіднага рэжыму
Прапагандысцкі «фастфуд»
Дарэчы, у гісторыі нешта падобнае ўжо бывала. Так, напрыклад, не пашчасціла вандалам. Назва старажытнага племені стала сінонімам варвара, гвалтаўніка і забойцы. Кім у рэчаіснасці былі вандалы, ніхто не памятаў і не разбіраўся. Тое самае з готамі: назва «гатычны стыль» вынікла праз тое, што прыхільнікам рэнесансу гатычныя замкі і саборы падаваліся «варварскімі». Готы не мелі ніякага дачынення да іх будаўніцтва, але асацыяваліся з нечым дзікім ды некультурным.
Роўна тое самае з нацызмам і фашызмам. Здаецца, усе ўжо забыліся, што гэта такое. Гісторыю цалкам падмяніла карцінка з кіно ды камп’ютарных гульняў, а тэрміны пераўтварыліся ва ўніверсальны «наезд» на апанента. То-бок, параўнанне апанента з "фашыстам"/"нацыстам" — такі сабе прапагандысцкі фастфуд. Каб нават ідыёту было зразумела, хто тут кепскі. Але тады і спажыўцы падобнага кантэнту — ідыёты.
Да чаго гэта ўсё?
Варта ўжо спыніцца з гэтымі дурнымі гістарычнымі паралелямі, якія ў большасці выпадкаў ані разу не паралельныя. Хопіць абарочвацца назад і шукаць найпрасцейшае тлумачэнне з’явам сучаснасці ў мінулым. Гісторыя не паўтараецца.
Ані Трэці Рэйх, ані Савецкі Саюз не маюць і не будуць мець дакладных аналагаў у сучасным свеце. Той жа Пуцін ніякі не Путлер, бо ён — Пуцін. Ягоны рэжым не нацысцкі, не фашысцкі, не бальшавісцкі, ён — пуцінскі. І ён таксама ўвойдзе ў гісторыю ды, магчыма, некалі стане такім жа клішэ, як «фашызм».
Скончыць хочацца вядомымі словамі Быкава з далёкага 1989-га: «Бела-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны». Нашэнне штаноў — тое, што аб’ядноўвае Пуціна, Зяленскага, Грэту Тумберг, Ангелу Меркель, Быкава і нават Бондараву.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org