“Нацыянальнасць – беларус” можа стаць беларускім бэстсэлерам

“Нацыянальнасць – беларус” можа стаць беларускім бэстсэлерам: каля 100 кніг было прададзена за 4 дні на Віцебшчыне.

Каля 150 чалавек прысутнічала на прэзентацыях новага нумару “Arche” з удзелам галоўнага рэдактара часопіса Валера Булгакава і кніжкі “Нацыянальнасць – беларус” Алега Латышонка па шматлікіх месцах Беларусі з 20 па 23 жніўня.

Адбыўся шэраг сустрэч з прэзентацыямі па Беларусі: гэта і Бешанковічы, і Віцебск, і Полацк, і Вілейка, і нават Гродна.

У гарадах Бешанковічы, Вілейка, Полацк сустрэчы прайшлі з удзелам пісьменніка Уладзімера Арлова.

Валер Булгакаў каротка падзяліўся сваімі ўражаннямі пра публіку з кожнага гораду, дзе праходзілі прэзентацыі:
“Сустрэча ў Бешанковічах – гэта сустрэча з вельмі цёплай атмасферай.

Віцебская публіка для нас апынулася “ідэальнай”. Лавіла кожнае слова, людзі прыйшлі мэтаскіравана. Прысутнічалі нават людзі з мясцовай улады, якія жыва цікаваліся ўсім, што мы расказвалі. Узрост віцебскай публікі быў ад 20 да 30 гадоў.

Полацкая сустрэча была самай масавай. На ёй прысутнічала каля 60–70 чалавек. Гэта ўдалы збег акалічнасцяў, бо на сустрэчу прыйшлі таксама людзі з Мінску, якія прыехалі на экскурсію ў Полацк.

На Вілейскую сустрэчу прыйшла самая маладая нашая публіка. Узрост вагаўся ад 20 да 24 гадоў.

А вось у Гародні на прэзентацыю прыйшлі ў большай частцы прафесійныя гісторыкі, напрыклад, А. Пачобут і А. Вашкевіч.

На шэрагу гэтых прэзентацыях Алег Латышонак праявіў сябе сапраўдным шоўмэнам.
Ацэньваю гэтую акцыю як паспяховую“.

Прэзентацыі адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: , , , ,