Адзін з самых простых спосабаў адпачыць і памяняць абстаноўку — выбрацца хоць бы на дзень (ці на пару гадзін) з горада на прыроду. Сitydog.io сабралі 5 месцаў у Мінскай вобласці, куды можна скіравацца нават зараз.
Вадаспады і масткі: гідрапарк санаторыя «Сасновы Бор»
Гідрапарк «Сасновы Бор» — гэта 7 невялікіх выспачкаў, якія злучаны паміж сабой масткамі, маляўнічымі вадаспадамі, фантанамі, каналамі. Для максімальнага камфорту на тэрыторыі ёсць альтанкі, лавы, лодачная станцыя (там можна ўзяць у арэнду катамаран ці лодку), пляж, невялікая спартовая пляцоўка, арэлі.
Уся гэта прыгажосць была створана ў 1983 годзе намаганнямі трэста «Мінскводбуда» прыкладна за 50 км ад Мінска — недалёка ад пасёлка Радашковічы. Нягледзячы на тое, што парк адносіцца да санаторыя «Сасновы Бор», вас гэта не павінна бянтэжыць: доступ у яго вольны.
Як дабрацца: гарадскі пасёлак Радашковічы, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць. З Мінска можна дабрацца на маршрутцы ад аўтавакзала «Цэнтральны».
Архітэктура і старажытны парк: сядзіба Агінскага ў Залессі.
Род Агінскіх стаў уладальнікам Залесся ў першай палове XVIII стагоддзя. Да таго моманту, калі маёнтак перайшоў да Міхаіла Клеафаса Агінскага, ён складаўся з драўлянага палаца і некалькіх гаспадарчых пабудоваў. У 1802 годзе (пасля паразы паўстання Касцюшкі, у якім Агінскі таксама браў удзел) ён пасяліўся ў Залессі і пачаў будаваць новую сядзібу з каменным палацам.
Побач з палацам размясціліся парк, капліцы, павільёны, альтанкі, масткі, вадзяны млын. Некаторыя будынкі захаваліся і да гэтага часу, але ў асноўным, вядома, усё прыйшлося перабудоўваць і аднаўляць. У 1980-ыя на базе сядзібы ўвогуле планавалі зрабіць санаторый-прафілакторый, але пазней перадумалі: былі праведзены мінімальныя працы па кансервацыі палаца і ён быў перададзены на баланс Мінкульта.
З 2011 па 2014 год праводзілася капітальная рэстаўрацыя сядзібы, пасля якой там размясціўся музейна-культурны цэнтр. Наведваць яго не абавязкова, а вось прагуляцца па парку з масткамі і прыгожымі газонамі, паглядзець на вадзяны млын — чаму б і не.
Як дабрацца: электрычкай напрамку Мінск — Гудагай да станцыі «Залессе». Цягнікі ходзяць кожныя гадзіну-паўтары, а сядзіба знаходзіцца адразу каля станцыі.
Некранутая прырода і рака: падвесны мост у Ручыцы
Прыкладна за 10 кіламетраў ад Вілейкі знаходзіцца вёска Ручыца — зусім невялікая, але даволі папулярная з-за мясцовых славутасцяў. Напрыклад, тут месцілася летняя рэзідэнцыя ўсё таго ж Міхала Агінскага — вялікі палац і гаспадарчы двор, узведзеныя ў стылі барока італьянскім архітэктарам.
Нажаль, цяпер ад таго шыкоўнага маёнтка засталіся толькі дзве капліцы, а ў самой вёсцы — толькі дачнікі і некалькі мясцовых жыхароў.
Але найбольш прыязджаючых усё ж цікавіць той самы падвесны мост, па якім з Ручыцы можна трапіць у вёску Красніца. Пад ім — прыгожая рака Нарачанка, вакол — некранутая прырода (лакацыя знаходзіцца ў дзікай частцы вёскі). Вось вам і выдатны кантэнт для інстаграма.
Значна: хутчэй за ўсё рабіць першыя крокі вам будзе страшна — канструкцыя вузкая і моцна разгойдваецца. Але мясцовыя жыхары праходзяць па мосце часта і ўпэўнена, так што ён зусім бяспечны.
Як дабрацца: даязджаеце да вёскі Ручыца, Вілейскі раён, Мінская вобласць, а далей вам на ўскраіну вёскі — калі не знойдзеце мост самі, мясцовыя дакладна падкажуць.
Гісторыя і земляныя валы: мінскае гарадзішча
Гэта найбліжэйшы пункт да Мінска і нядрэнны варыянт для хуткага падарожжа, бо знаходзіцца гарадзішча ўсяго за дзесяць кіламетраў ад Мінска. Цяпер тут можна гуляць па высокіх земляных валах (якім, між іншым, тысяча гадоў), назіраць за плынню ракі Менка і яе прытокам, ручаём Дунай. Ну і вядома ж спрабаваць усвядоміць, што вы ў тым самым месцы, дзе, паводле здагадкаў навукоўцаў, знаходзіўся старажытны Менск.
А калі захочаце лепей паглыбіцца ў гісторыю гэтага месца, недалёка ад гарадзішча ёсць музей «Стары Менск». У ім можна ўбачыць не толькі ўнікальныя экспанаты, знойдзеныя ў бліжэйшых наваколлях, але і драўляны макет самога гарадзішча. Пры жаданні зможаце нават застацца тамака ночыць — у музеі ёсць хостэл і смачная ежа.
Як дабрацца: на аўтобусе ад метро «Малінаўка» да музея архітэктуры і побыту, адтуль прагуляцца каля 3 км.
Адзінота і шум вады: вадзяныя сходы пад Заслаўем
Яшчэ адна лакацыя, да якой можна хутка дабрацца — размешчаны гэтыя сходы (у якіх можна налічыць 30 шырокіх прыступак) за 24 кіламетры ад Мінска. Праўда, іх прыйдзецца крыху пашукаць: яны схаваныя амаль у бязлюдным месцы (але ніжэй распавядзем, як туды дабрацца — толькі нікому больш не кажыце).
Наогул гэтыя сходы — частка Вілейска-Менскай воднай сістэмы, якая забяспечвае горад вадой. Справа ў тым, што вада, пераадольваючы з дапамогай помпавых станцый узгорыстую мясцовасць, паступова уздымаецца на вышыню какля 71 метра адносна ўзроўню вады ў Вілейскім вадасховішчы.
У раёне Вязынкі рэльеф змяняецца, — і вада свабодна цячэ па канале ў бок Мінска. Тут ужо трэба нейкая прылада, здольная запаволіць струмень, які набраў хуткасць. Гэтую задачу і выконвае хуткаток, якім можна любавацца проста як незвычайным вадаспадам.
Як дабрацца: лакацыя знаходзіцца недалёка ад вёскі Навашына, Мінскі раён.
Даязджаеце на аўто да вёскі, перасякаеце яе па вуліцы Цэнтральнай і праязджаеце ўздоўж калгаснага поля. Затым трэба пешшу перайсці мост праз ручай, які цячэ паралельна з каналам, крыху прайсці — там убачыце другі мост. А каля яго будзе і ўласна «сходы».