— У дзяцінстве вакол мяне гучала беларуская палеская гаворка – вельмі мілагучная мова. Сама мова – гэта песня. Мы жылі ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Вёска была невялікая, у школе было 4 класы, і таму ў пяты клас я паехала да сястры. Там ужо мой швагер размаўляў на чыстай беларускай мове. У гэты час я авалодала літаратурнай мовай, і не праз літаратуру, а праз народную гаворку.
Добра ведала рускую мову, добра пісала сачыненні, спявала песні і падумала, што трэба паступаць на філалогію. Скончыла універсітэт, філалагічны факультэт БДУ (беларуская і руская мова і літаратура). Па гэтай спецыяльнасці і працавала ўсё жыццё. Калі ў 90-я гады ў нас у БДТУ (Тэхналагічны універсітэт) быў арганізаваны факультэт беларускай мовы і літаратуры, куды мы запрашалі знакамітых паэтаў, гісторыкаў, знакамітых дзеячаў, я пачала разумець беларускасць на іншым узроўні. Цяпер я спасцігаю шмат новага ў беларускай культуры, бачу яе багацце, яе трагізм і веліч. Ад гэтага расце гонар за тое, што мы не згубіліся і нясем свету нешта старажытнае і разам з тым сучаснае. Нават у санскрыце, старажытнай мове, ёсць аканне, гэканне, шмат лексікі, вельмі падобнай да нашай. Гэтая беларуская старажытнасць непарушная, яна ў нашых генах.
Беларускасць для мяне – гэта найперш мова, бо менавіта па мове пазнаюць нас. Яшчэ гэта светапогляд, своеасаблівая чысціня, філасофскі роздум. Можа быць, гэтая глыбіня пачуццяў, сум і настальгія па тым, што мы маглі здзейсніць, але не здзейснілі. Беларусь – гэта песня, гэта прырода, гісторыя, беларускае аблічча і характар. І сёння мая задача як выкладчыка – паказаць найлепшае, што ў нас ёсць і чым варта ганарыцца.
Надзея Cавіцкая, выкладчык кафедры беларускай мовы, кіраўнік літаратурнага клубу “Ветліца”.