– Сама ідэя праекту «Імёны Беларусі: Топ-12» добрая. Я сам удзельнічаў у галасаванні, цяпер прагледзеў вынікі. На мой погляд, вынікі атрымаліся цікавымі, як на мяне, яны адэкватныя і лагічныя. Адзінае што Тадэвуш Касцюшка ўваходзіць у раздзел «Самыя выбітныя гістарычныя асобы замежных краін і культур, народжаныя на зямлі Беларусі». Я б дадаў яго ў першую частку – «Самыя выбітныя гістарычныя асобы зямлі Беларусі ўсіх часоў». Мне падаецца, што можна было зрабіць менш раздзелаў, скласці агульны тузін з усіх дзеячаў. Справа ў тым, што не пра ўсіх асобаў людзі ведаюць. Можна было спачатку расказаць пра іх, а потым ужо зрабіць галасаванне. Гляджу, сюды трапіў канструктар Павел Сухі, але няма Казіміра Семяновіча – знакамітага навукоўца, які займаўся распрацоўкай ракетнай тэхнікі. Ён друкаваўся ва ўсёй Заходняй Еўропе, яго публікацыі нават выдавалі на французскай мове. Проста замала інфармацыі. Можа, трэба было спачатку даць больш дакладныя звесткі, а пасля правесці галасаванне. Тады, мажліва, спіс быў бы крыху іншы. Той самы Сухі – распрацоўшчык савецкіх знішчальнікаў, пра яго больш чуюць, ён больш звязаны з вайной. Але я замест яго паставіў бы Семяновіча. Што да майго спісу, то тыя імёны, што трапілі ў тузін падчас галасавання, я падтрымліваю, цалкам салідарны.