Напалеон Орда — самы вядомы беларускі пейзажыст у сусветнай культуры, які пакінуў пасля сябе найбагацейшую спадчыну. Гэта 1150 малюнкаў і акварэляў, на якіх мастак «спыніў свой час». Орда занатоўваў гарадскія пейзажы і архітэктурныя пярліны Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Але любімым месцам творцы было Гродна, якому ён прысвяціў самую вялікую колькасць сваіх акварэляў.
На дадзены час вядома каля паўсотні малюнкаў з гродзенскімі відарысамі, і іх колькасць расце. Гісторыкі і краязнаўцы пакрысе ідэнтыфікуюць акварэлі, на якіх трапляюцца невядомыя віды Гродна! А нядаўна атрымалася высветліць і дакладны гродзенскі адрас мастака. Гэта — дом Румеляў на вуліцы Манастырскай, піша гісторык Мечыслаў Супрон.
Фота: oldgrodno.by
Насуперак значнасці яго творчасці, мы мала ведаем пра час, праведзены мастаком у Гродне. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён жыў у нашым горадзе ў 1863-64 гадах. Аднак ёсць дакладна вядомы факт: Орда знаходзіўся ў гродзенскай турме з траўня 1866 года па красавік 1867 года. Гэты перыяд звязаны з яго затрыманнем расійскімі ўладамі па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года. Дзве з яго акварэляў, якія паказваюць двор гродзенскага астрога, сведчаць пра гэты перыяд, але, хутчэй за ўсё, большасць малюнкаў Гродна ён стварыў ужо напрыканцы 1860-х і пачатку 1870-х гадоў.
Намаляваў горад да таго як яго пачалі масава фатаграфаваць
Самае каштоўнае ў мастацкай спадчыне Орды — гэта яго працы, зробленыя задоўга да масавай фатаграфіі горада. Цяпер існуе ўсяго некалькі фотаздымкаў Гродна 1860-х гадоў, а фотаздымкаў, зробленых да пажару 1885 года, можна пералічыць на пальцах рук. У сувязі з гэтым творы Орды, якія паказваюць тагачасную гарадскую архітэктуру, маюць асаблівае значэнне. Віды драўляных вуліц, будынкаў сядзібнага тыпу і іншых архітэктурных помнікаў даюць унікальную магчымасць зразумець, якім было Гродна таго часу. Яны ўяўляюць асаблівую каштоўнасць для даследавання гісторыі горада, дазваляюць зазірнуць у мінулае і ўбачыць вуліцы і будынкі, якія ўжо не захаваліся. Часта на малюнках можна ўбачыць дамы і месцы, пра якія мы ведаем вельмі мала ці нічога не ведаем увогуле.
Фота: oldgrodno.by
Дзе Орда жыў у Гродне?
Падчас кожнага наведвання Гродна Напалеон Орда жыў у доме Румеляў на тагачаснай вуліцы Манастырскай. Румелі разам са сваякамі мелі вялікі двор з садам, дзе і жылі вялікім сямейным кланам. Гэтая інфармацыя стала вядома дзякуючы рукапісу мемуараў Юліуша Румеля (1881-1967). Дакумент адшукаў гісторык Сяргей Токць. Вось што пісаў аўтар мемуараў у сваіх успамінах:
«Наш сямейны дом у Гродне стаяў на вуліцы Манастырскі завулак, за вечна смярдзючай тытунёвай фабрыкай Шарашэўскага. Вялізная таполя, раскладзістая і вельмі высокая, стаяла ля ўезднай брамы і бараніла ўсю пасэсію ад фабрычных водараў. Праз калітку з боку ад заўсёды замкнёнай брамы быў уваход на абшырны дзядзінец, пасярод якога знаходзілася так называная намі „клумба“, абсаджаная дрэвамі і квітнеючымі кустамі з лаўкамі, пастаўленымі ўнутры гэтай клумбы. Брычкі, якія ўязджалі на дзядзінец мелі выбрукаваны вакол клумбы ўезд і выезд. Вакол таго дзядзінца стаялі драўляныя домікі-дворыкі. І так: з правага боку першы, гэта быў наш дом, дзе жылі мае бацькі, з левага боку — домік з мансардай цёткі Наталкі, якая была замужам за Бярдзяевым. У глыбіні дзядзінца быў мураваны домік цёткі Сталеўскай — ўдавы палкоўніка Сталеўскага і сястры нашай бабулі Румлёвай (з дому Нелюбовіч). Далей у глыб ішоў гарод, аддзелены ад дзядзінца штыхетнікам. Агарод цягнуўся да ванвозу, які ў доле меў вулачку Падолле. З другога боку таго ванвозу ўзвышалася гара, называная Замкавай, паколькі на ёй стаяў замак караля Стэфана Баторыя».
Усе гэтыя драўляныя дамы-дворыкі з’яўляліся ўласнасцю Наталлі Марцінкевіч, бабулі Ю. Румеля. Яны былі збудаваны губернскім архітэктарам Ёзафам Міхаэлісам, які быў жанаты на сястры Н. Марцінкевіч. Ю. Румель вельмі падрабязна апісвае інтэр’еры бацькоўскага дома: «Наш сядзібны дом быў аднапавярховым, даволі вялікім, са шкляным ганкам, праз які быў уваход у цёмную залу-бібліятэку». У доме меліся асобныя пакоі — «Przeciwek» — дзе ў 1860-я гады здымаў сабе жыллё знакаміты мастак Напалеон Орда, які, са слоў Румеля, «назаўсёды застаўся ў Гродне пры нашай сям’і».
Што цікава, Напалеон Орда пакінуў два малюнкі, намаляваныя на пасэсіі Румеляў і Марцінкевічаў:
Фота: oldgrodno.by
Дом Румеляў, у якім жыў Орда, выдзелены чырвоным колерам, а сінім — дом цёткі Ю.Румеля, Наталлі Бярдзяевай:
Фота: oldgrodno.by
Вялізная таполя, якая расла ля брамы пасэсіі Румеляў і Марцінкевічаў, добра бачна на малюнку з правага боку:
Фота: oldgrodno.by
Цяпер няма ані той таполі, ані таго дома, ані той вуліцы. Калісьці мы лічылі (памылкова), што дом Румеляў знаходзіўся пасярэдзіне вуліцы Манастырскай (гл. тут). Але толькі цяпер, дзякуючы з’яўленню новых фактаў удалося дакладна злакалізаваць гэты дом. І многія з вас маглі бачыць яго на старых фотаздымках:
Фота: supron-licvin.livejournal.com
Драўляныя дамы-дворыкі ў 1885 годзе належалі сям’і Міхаэлісаў, нашчадкам губернскага архітэктара. У пач. ХХ стагоддзя нерухомасць належала нейкаму чалавеку з прозвішчам Бюргер. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў на тэрыторыі пасэсіі быў узведзены мураваны двухпавярховы дом, які стаяў над самым абрывам, што ішоў у бок Нёмана і глядзеў у на вайсковы шпіталь (былы Новы замак):
Фота: supron-licvin.livejournal.com
У міжваенны час усе гэтыя дамы мелі адзін адрас — Klasztorna, 17. У 1932 годзе тут нават была прадукцыя алею «Неман». Комплекс будынкаў быў зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца двор ля дома № 2 па вул. Д.Гарадзенскага. Месца гэтае незабудаванае. Магчыма, у будучым можна будзе адбудаваць адзін з гэтых драўляных дамоў і зрабіць там музей Напалеона Орды — мастака, які вельмі любіў Гродна...
Фота: supron-licvin.livejournal.com
Фота: supron-licvin.livejournal.com
Чытайце яшчэ:
Напалеон Орда — мастак, музыкант і «шпіён». Цікавыя факты пра творцу