Тое, як пра жанчын гавораць і пішуць у СМІ, адлюстроўвае гендарныя ролі і стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў культуры і палітыцы краіны. Фемінітывы, якія падкрэсліваюць ролю жанчыны, па-ранейшаму лічацца чымсьці маргінальным і недарэчным; эксперткам, калі і даюць слова, то ў асноўным у галіне адукацыі і культуры; а колькасць эфірнага часу, які адводзіцца жанчынам, мізэрная нават у ліберальных медыя, піша БАЖ.
Група беларускіх актывістак і актывістаў вывучыла*, што транслююць дзяржаўныя СМІ Беларусі аб ролі жанчыны ў грамадстве. У гэтым артыкуле мы падрабязна разгледзім вынікі гэтага даследавання і падумаем, як можна супрацьстаяць сэксізму ў медыя і змяніць сітуацыю да лепшага.
* Даследчая група прагледзела 20,5 тысячы публікацый у Тэлеграме, на сайтах медыя і ў Ютубе — збольшага былі вывучаныя выпускі праграм, знятых для ТБ.
Асноўныя наратывы аб ролі жанчыны звязаныя з мацярынствам, хатнім агменем і эмацыйным абслугоўваннем мужчыны
«Жанчыны, перш за ўсё, паказваюцца як захавальніцы хатняга агменю, якія вядуць хатнюю гаспадарку, выхоўваюць дзяцей і аказваюць эмацыйную падтрымку сям’і. Мацярынства падкрэсліваецца як вышэйшае пакліканне жанчыны, і мяркуецца, што яе асноўнае прызначэнне — нараджэнне і выхаванне дзяцей», — адзначаюць даследні_цы.
У дадатак да гэтага жанчыны паказваюцца залежнымі ад сваіх эмоцый, залежнымі ад мужчын і створанымі для ўпрыгожвання гэтага свету. Часта выкарыстоўваецца выраз «слабы пол», які ўжо стаў мемам.
Нягледзячы на тое, што дзяржава робіць акцэнт менавіта на рэпрадуктыўнай функцыі жанчыны, выразна прасочваецца і ідэя пра «баланс» паміж сям’ёй і працай. Дзяржава і СМІ транслююць, што чакаюць ад жанчын выканання патройнай змены*, на якую жанчына і так выдаткоўвае ў сярэднім 25 гадзін на тыдзень. Патрабаванне быць паспяховай усюды тлумачыцца развітай дзяржаўнай падтрымкай у Беларусі.
* Патройная змена — гэта канцэпцыя, якая апісвае патройны цяжар абавязкаў, што часта кладзецца на жанчыну: работа з аплатай, хатнія працы, якія не аплачваюцца, і эмацыйная праца (выхаванне дзяцей, падтрыманне эмацыйнага дабрабыту сям’і, клопат пра пажылых сваякоў).
Інсайты даследавання
Жанчына павінна не проста выхоўваць дзяцей, а выхоўваць іх патрыётамі
Паколькі жанчына лічыцца галоўнай фігурай у выхаванні дзяцей (як маці, выхавальніца або настаўніца), то на яе накладаецца яшчэ адзін абавязак — умацоўваць дзяржаўны парадак, трансляваць традыцыйныя каштоўнасці, патрыятызм і павагу да дзяржавы.
Больш за палову сэксісцкіх выказванняў належыць жанчынам
Так, са 149 зафіксаваных у даследаванні выказванняў, якія змяшчаюць гендарныя стэрэатыпы, 79 — належаць жанчынам. Але важна разумець, што не заўсёды можна прасачыць сапраўдных аўтар_ак гэтых выразаў і нельга ведаць напэўна, ці згодныя спікеркі з тым, што зачытваюць у эфіры. Аднак тое, што жанчыны ў дзяржаўных СМІ як мінімум удзельнічаюць у распаўсюджванні сэксісцкіх поглядаў, — факт.
Гэтая статыстыка сведчыць пра інтэрналізацыю сэксізму — людзі так часта чуюць нейкія сцверджанні ў грамадстве, што ў рэшце рэшт прысвойваюць іх сабе і лічаць іх сваім уласным меркаваннем. Калі ў грамадстве актыўна транслюецца, што галоўная мэта жанчыны — гэта дзеці, касметыка і служэнне мужу, то і самі жанчыны, вядома, таксама ў гэта павераць і будуць трансляваць такія ж сцверджанні.
«Прыгажосць, дзеці, жаноцкасць — гэта ж добра. Чаму такія наратывы шкодныя?»
Часам мы настолькі звыкаем да сэксісцкіх выказванняў вакол, што перастаем пра іх задумляцца і ўспрымаць іх крытычна. Аднак гэта не азначае, што стэрэатыпы перастаюць уплываць на нас. Вось некаторыя праблемы, якія ствараюцца падобнымі наратывамі.
Перагружаюць жанчын
Ад жанчыны патрабуецца паспяваць усё: і дзецьмі займацца, і агмень захоўваць, і быць канвенцыйна прыгожай, і кар’еру будаваць, і мужа натхняць.
Нам, дзяўчынкам, трэба настолькі ўмець размяркоўваць свой час, каб сучаснай жанчыне хапала і на дасягненне вынікаў, і, вядома ж, на час для сям’і, для дзяцей. Бо што нашыя вынікі, калі ўрокі няма як зрабіць з дзіцем? Памнажаюцца на нуль — цытата з дзяржаўных СМІ.
Мультфільм «24 часа» расказвае гісторыю гераіні, якая спрабуе ўціснуць усе справы ў адны суткі, і паказвае, наколькі вялікую ролю ў нашых жыццях іграе нябачная і неаплатная праца.
Ствараюць «шкляную столь» у кар’еры і замацоўваюць розніцу праз аплату працы
Стэрэатыпы пра жанчын як менш здольных лідаркак, больш эмацыйных або арыентаваных на сям’ю ствараюць «шкляную столь» у кар’еры. Дадамо да гэтага штраф за мацярынства* — у выніку жанчыны часта застаюцца на ніжэйшых узроўнях карпаратыўнай іерархіі і радзей дасягаюць высокіх заробкаў і бонусаў на кіраўнічых пазіцыях.
* Штраф за мацярынства — негатыўны ўплыў, які мацярынства можа аказаць на рэалізацыю жанчыны. Выяўляецца праз зніжэнне заробку, абмежаванне кар’ерных магчымасцяў, дыскрымінацыю пры найманні на працу і меншыя пенсійныя выплаты. Працадаўцы могуць успрымаць маці як менш адданых працы, што вядзе да запаволення кар’ернага росту і фінансавых стратаў.
У Беларусі дагэтуль існуе спіс забароненых для жанчын прафесій, які аргументуецца клопатам аб рэпрадуктыўнай функцыі жанчыны — што зразумела, бо дзяржаве важна, каб жанчына нараджала, а не «канкуравала» з мужчынамі і займалася тым, чым ёй хочацца.
Бліжэй да жаночага пачатку — педагог, а найярчэй душа жанчыны праяўляецца ў медыцыне, але на пачатку ўсяго — мацярынства
— цытата з дзяржаўных СМІ
Падтрымліваюць дыскрымінацыю небінарных і квір-людзей
Наратывы, дзе гендарныя ролі цвёрда замацаваныя і падзеленыя на бінарнае мужчынскае і жаночае, шкодзяць не толькі цыс-жанчынам. Падобны светапогляд не пакідае ніякай прасторы для існавання іншасці, а значыць, таксама ўдарае па людзях, якія выходзяць за межы нормы.
Калі сацыяльная сістэма выбудаваная паводле строгага падзелу на гендарныя ролі, людзі, якія не ўпісваюцца ў гэтую сістэму, робяцца найбольш уразлівымі. Такія персоны сутыкаюцца з варожасцю, грэбаваннем іх патрэбамі і сацыяльным адчужэннем.
Што з гэтым рабіць
Аўтар_кі даследавання сабралі некалькі парадаў аб тым, як мы можам уплываць на нераспаўсюджанне сэксізму ў СМІ. Асабліва гэтыя рэкамендацыі будуць карысныя для тых, хто працуе ў галіне камунікацыі: журналіст_кам, актывіст_кам, блогер_кам, эксперт_кам.
Рэагаваць на гендарную дэзынфармацыю
Важна не ігнараваць сэксізм у СМІ, а публічна выказвацца супраць такіх заяваў. Гэта дапаможа і людзям, якія яшчэ не зусім разабраліся ў тэме, і групам, што дыскрымінуюцца, для якіх вашае выказванне стане жэстам падтрымкі і салідарнасці.
Паказваць розны жаночы досвед і даваць пляцоўку жаночым галасам
Дзяржаўныя СМІ фарміруюць вузкі сэксісцкі вобраз жанчыны, у якім цяжка знайсці сябе. Рэпрэзентацыя рознага досведу дае магчымасць жанчынам адчуць сябе ўбачанымі і прынятымі. Таму важна паказваць розныя ролевыя мадэлі, а таксама падтрымліваць медыйныя праекты, створаныя жанчынамі для іншых жанчын.
Дбаць пра бяспеку
На жаль, у Беларусі мы вымушаныя думаць пра рызыку пераследу і пра пагрозы, якія могуць адбыцца пасля выказванняў «супраць традыцыйных каштоўнасцяў». Не цісніце на патэнцыйных спікер_ак. Давайце людзям магчымасць зрабіць выбар і падкажыце шляхі мінімізацыі рызыкі. Напрыклад, прагаварыце магчымасць ананімнасці выказвання і паклапаціцеся пра інфармацыйную бяспеку.
Для эфектыўнага супрацьдзеяння гендарнай дэзынфармацыі важна не толькі тлумачыць, што не так з састарэлымі стэрэатыпамі, але і падтрымліваць разнастайнасць галасоў у медыя. Даючы кожнай больш магчымасцяў бяспечна выказваць сваё меркаванне, мы можам наблізіцца да грамадства, дзе правы людзей выконваюцца незалежна ад гендару і дзе «нараджаць дзяцей, натхняць мужа і абараняць традыцыйныя каштоўнасці» — гэта далёка не адзінае, чым можа займацца жанчына.