Народны каляндар: што і як беларусы адзначалі ў красавіку

У красавіку цяпло канчаткова перамагае холад, з’яўляюцца першыя кветкі-краскі, прырода абуджаецца. Нездарма на гэты месяц у беларусаў прыпадае шэраг традыцыйных свят-абуджэнняў. Што гэта за святы і якія традыцыі іх адзначэння, распавядаем у артыкуле.


02.jpg

1 (па грыгарыянскім календары) і 14 (па юльянскім) красавіка — дзень абуджэння (альбо імяніны) Дамавіка (Хатніка). Ва ўяўленні нашых продкаў Хатнік (Дамавы, Гаспадар) — дух хаты. У розных рэгіёнах адзначаецца рознае паходжанне Хатніка: дух першага памерлага ў хаце, дух ахвярнай жывёлы (чый чэрап закапалі пад кутом пры будаўніцтве) і г.д.

Засынаючы з прыходам зімы, Дамавік павінен абудзіцца ўвесну, каб зноў дапамагаць людзям. Але, як і чалавек, якога будзяць, Дамавы можа прачнуцца не ў гуморы — будзе бурчэць, злавацца, рабіць дробную шкоду. Таму нашы продкі намагаліся яго ўласціць: гатавалі пачастунак з кашы, малака і хлеба, весялілі жартамі ды спевамі.

У некаторых крыніцах адзначаецца, што традыцыя хлусіць у гэты дзень таксама звязана з абуджэннем хатняга духа — маўляў, яго трэба заблытаць, каб не нашкодзіў.

Вясенняя Дар’я — у гэты дзень бялілі палатно. Выносілі яго на снег каля палонак, каб яно стала мякчэйшым і бялейшым.

2 (у каталікоў) і 9 (у праваслаўных) красавіка — Вербная нядзеля (Вербніца). Асноўны атрыбут свята — вербныя галінкі (часцяком асвечаныя ў царкве). Хрысціянская традыцыя звязвае гэта з уваходам Хрыста ў Ерусалім (дзе яго сустракалі пальмавымі галінкамі). Язычніцтва ж шануе вярбу як першае дрэва, якое расцвітае вясной. Продкі верылі, што ў галінках вярбы заключана цудадзейная сіла.

01.jpg

На Вербніцу было прынята сцябаць вербнымі галінкамі адзін аднаго з прыгаворкамі ды пажаданнямі: «Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень», «Хвароба ў лес, здароўе ў косці», «Будзь здароў, як вада, a pacцi, як вярба».

Выкарыстоўвалася вярба i ў народнай медыцыне: да прыкладу, ад зубнога болю цi ліхаманкі трэба было з’есьці 9 вербных пупышак. Падпальвалі галінку і дымам абкурвалі хворага, гняздо квактухі. Попелам вярбы пасыпалі месца вакол калыскі нованароджанага дзіцяці.

З дапамогаю вярбы дзяўчаты праводзілі варажбу: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, спадзеючыся даведацца пра iмя свайго суджанага.

Беларусы-каталікі iмiтаваныя «пальмы» аздаблялi засушанымi і фарбаванымi кветкамi, травамi, каласкамi, мохам. Імi ўпрыгожвалi хату, клалi на могілкі блiзкіх людзей. З надыходам зiмы «пальму» кідалі ў полымя.

3 — 8 (у каталікоў) і 10 — 15 (у праваслаўных) красавіка — перадвелікодны тыдзень. На ім прыбіралі і бялілі хаты, наводзілі парадак на падворку, выносілі ўсё «нячыстае» з дому. У чысты чацвер мыліся ў лазні самі, змываючы хваробы і ўсё благое. З пятніцы пачыналі пасціць — не елі, толькі пілі ваду з мёдам.

4 красавіка — Васіль-сонечнік. У народзе казалі: «Васіль-сонечнік ледзяшы са стрэх здымае». То бок прыйшло ўжо першае цяпло — і са стрэх пацякло. Здагадлівыя гаспадары прыкмячалі, куды вада сцякае і па яе шляху нічога не будавалі, бо лічылася, што там месца няўдалае. Гэты дзень — канец санкавым шляхам.

Назіралі за сонцам у небе: калі бачны вакол свяціла чырвоныя колы, то чакалі ўраджайнага года. Пяклі ў гэты дзень калачы. І за вячэрай, пакуль не з’ядуць па калачы, за іншую ежу не браліся.

Калі ў гэты дзень нараджалася дзіця, то чакалі, што яно вырасце ўдалым, вясёлым ды смелым, і кавальская справа яму будзе добра ўдавацца, бо «ад яго дыхання і жалеза мяккім стане».

6 красавіка — Камаедзіца. Свята ўшанавання татэмнай жывёлы — мядзведзя (зафіксавана ў апошняй чвэрці ХІХ ст. на Бягомельшчыне). Назва, як мяркуюць, пайшла ад адной з рытуальных страваў — гарохавых камоў, якія было прынята есці ў гэты дзень (яшчэ дзве стравы: сушаны рэпнік і аўсяны кісель).

04.jpg

Фота: museum.by

Асноўнае рытуальнае дзеянне — пасля абеду пакачацца з боку на бок, як мядзведзь у бярлозе (лічылася, што гэта дапаможа ўладару лясоў хутчэй і прасцей адысці ад зімовага сну).

Гэта працяг сустрэчы вясны, абуджэнне «жывёльнай часткі» прыроды. Вясёлы дзень, калі яшчэ можна пабавіцца і адпачыць перад доўгім працоўным летам.

6, 13 альбо 20 красавіка — Наўскі Вялікдзень. Дасюль не існуе адзінага меркавання, калі адзначалася гэта свята: у Чысты чацвер (перад Вялікаднем) альбо ў чацвер на Велікодным тыдні.

Веснавы дзень памінання продкаў, наўе — «той» свет. Збіраўся ўвесь род, узгадваліся продкі і ад старэйшага пакалення веды перадаваліся малодшым.

Асноўныя дзеянні — рытуальны абед ля магілы апошняга нябожчыка ў родзе. Гатавалі рытуальныя стравы (фарбваныя яйкі, куццю, спецыяльныя булачкі і інш.), на магілу слалі белы абрус, родныя рассаджваліся вакол і частаваліся, у асобным месцы (у некаторых рэгіёнах — на магільным крыжы ці пад ім) адкладаліся ежа і пітво для продкаў.

Пасля абеду разыходзіліся, але ўвечары намагаліся трымацца побач з роднымі, узгадваючы тых, хто ўжо ў іншым свеце.

Гэта быў вельмі важны дзень. Бо пачынаўся новы цыкл земляробчых клопатаў і, каб год быў паспяховым, неабходна бласлаўленне продкаў.

7 (па юльянскім) красавіка — Звеставанне (Дабравешчанне, Благавешчанне). У хрысціянскай традыцыі гэта дзень, калі архангел Гаўрыіл прынёс Дзеве Марыі вестку пра будучае нараджэнне Хрыста.

У язычніцкай жа традыцыі гэтае свята звязана з абуджэннем самой зямлі (як канчатковы этап рытуалаў гукання вясны). У гэты дзень забарона ляжыць на любой працы: «птушка і гнязда не ўе, а дзеўка касу не пляце». Нават існуе паданне, што зязюля таму і не гадуе сваіх дзетак у родным гняздзечку, бо віла яго на Звеставанне.

Абрадавых і рытуальных дзей на гэты дзень прыпадае шмат. Так, у многіх рэгіёнах Беларусі моладзь збіралася вялікімі гуртамі і паліла вогнішчы на ўзвышшах (канчаткова спальвалі зіму, каб не вярталася). Таксама існаваў абрад, калі на беразе ракі падпальвалі пудзіла (звычайна куль з саломы, упрыгожаны папяровым вяночкам) і пускалі па вадзе, ідучы па беразе следам і спяваючы вясновыя песні.

Дзяўчаты, варожачы на асабісты лёс, босымі качаліся з горак, куляліся праз галаву: якая кульнецца галавой на Усход, тая будзе доўга і шчасліва жыць, якая на Захад — хутка памрэ ці будзе няшчаснай усё жыццё (Лідскі р-н). Асабліва непажаданым было нарадзіць у гэты дзень: лічылася, што на Звеставанне нараджаюцца калекі ды злодзеі.

Строгая забарона ў гэты дзень ускладалася на агонь у печы і выпяканне хлебу (акрамя рытуальных галёп), бо лічылася, што гэта перасушыць дажджы і ўвесь ураджай пагарыць. Потым, калі ўлетку было засушліва, шукалі неслухмяную гаспадыню, якая пякла ці паліла ў печы на Звеставанне, і аблівалі яе вадой.

Менавіта пасля Дабравешчання лічыцца, што зямля і вада «адкрываюцца» — ужо можна займацца гаспадарчымі справамі на палях і плаваць у рэках, азёрах.

9 (у каталікоў) і 16 (у праваслаўных) красавіка — Вялікдзень. Адно з найвялікшых святаў гадавога цыкла. Язычніцкая традыцыя адносіць назву свята да відавочнай прыкметы: пасля зімы светлавы дзень павялічыўся, стаў большым за ноч. Старажытнае свята «ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезону». У хрысціянскай традыцыі — дзень уваскрэсення Іісуса, сына Божага.

03.jpg

Галоўны атрыбут Вялікадня — фарбаваныя яйкі (пісанкі). Яйка — сімвал жыцця і абнаўлення. Шмат з яйкамі было гульняў: «біткі», «качанне» і інш. Акрамя таго, асвячоныя яйкі захоўвалі за абразамі (існуе павер’е, што ім можна спыніць пажар, кінуўшы ў полымя). Таксама пісанкі кідалі ў ваду для ўмывання (каб быць румяным).

Вядомы на Вялікдзень у Беларусі валачобныя абрады — вялікія гурты мужчын хадзілі па дварах з валачобнымі песнямі, у якіх жадалі гаспадарам здароўя і моцы, прыплоду скаціне і плёну на ніве.

11 (па грыгарыянскім клендары) і 24 (па юльянскім) красавіка — Анціп. Яго ўшаноўвалі як ахоўніка зубоў. Гэты дзень адзначалі знахары ды тыя, у каго часта балелі зубы.

17 (па грыгарыянскім клендары) і 30 (па юльянскім) красавіка — Андрыянава ноч (Андрэй). На Палессі гэта ноч для дзявочых варожбаў на будучае замужжа. Перад сном дзяўчаты шлюбнага ўзросту раскідвалі каноплі (якія перад гэтым пабывалі ў царкве) са словамі: «Святы Андрэю, на цябе каноплі сею. Дай знаці, з кім буду збіраці». Лічылася, што жаніх абавязкова прысніцца ў гэтую ноч.

Таксама дзень ушанавання св. Зосіма. У народных уяўленнях гэта ахоўнік пчол.

18 (у каталікоў) і 25 (у праваслаўных) красавіка — Радаўніца адзначаецца на 9-ы дзень пасля Вялікадня — у аўторак. Веснавы дзень ушанавання продкаў. Было прынята хадзіць на могілкі, прыносіць туды пісанкі (не свячоныя ў царкве), булкі ды іншыя пачастункі. Частку паднашэнняў пасля памінання аддавалі жабракам, астатняе крышылі для птушак.

фота 5.jpg
Радаўніца пад Чачэрскам, 2019 г. Фота Ірыны Клімковіч, svajksta.by

Назву свята тлумачаць па-рознаму: ад слова «род» — бо ў гэты дзень збіраліся ўсе сямейныя ды ўзгадвалі продкаў — увесь свой род. Іншы варыянт — ад слова «радавацца». Ёсць нават такая прымаўка: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, увечары скачуць». Радасцю і «скокамі» ў гэты дзень ўхвалялі жыццё і палохалі смерць, каб яна доўга не прыходзіла ў хату.

Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org