Што ў Германіі сёння ведаюць пра Беларусь? Навошта патрэбныя «народныя пасольствы»? Які рэальны функцыянал амбасадаў Беларусі пасля 2020 года і санкцыяў? Ці прыспеў час на выдачу БЧБ-пашпартоў эмігрантам? Разбіраемся.
Міхаіл Рубін у парламенце зямлі Гессэн
Міхаіл Рубін — ІТ-прадпрымальнік, які больш за 25 год жыве ў Германіі. Займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю на розных узроўнях: ад лакальнага у Франкфурце-на-Майне да федэральнага. Пасля 2020-га актыўна ўзяўся за беларускія справы. «Тыя трагічныя падзеі вярнулі мяне Радзіме», — прызнаецца Міхаіл.
«Пасля 2020-га не было адукаванага чалавека, які б не ведаў пра Беларусь»
МР. «На жаль, да 2020-га немцы амаль нічога не ведалі пра Беларусь. У медыях краіна не мільгала. Калі я казаў, што з Віцебска, суразмоўцы ў лепшым выпадку ўзгадвалі Шагала. Пасля 2020-га не было ўжо ніводнага адукаванага чалавека, які б не ведаў пра падзеі ў Беларусі, пратэсты, Ціханоўскую. Беларусь і пасля не выходзіла з СМІ: кейс самалёта «Райнэйр», мігранцкі крызіс і г.д.»
Міхаіл Рубін, дэпутат Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі Пітэр Хайдт (Peter Heidt), які прадстаўляе партыю ў камісіі па правах чалавека Бундэстага, Анатоль Лябедзька
Зараз украінская павестка перакрыла беларускую. Штодзённасцю ў Германіі стала тэма ўкраінскіх уцекачоў. Але кожная маштабная інфанагода з Беларусі падагравае тэму, як навіна пра Марыю Калеснікаву ў рэанімацыі. Дзяячка і палітзняволеная доўгі час жыла ў Германіі, тут вядомая і пазнавальная.
МР. «Мы дакладна размяжоўваем Беларусь і Лукашэнку, дэмакратычныя сілы і рэжым. З першых дзён вайны мы ад імя дыяспары засведчылі сваю пазіцыю: рэжым, на жаль, стаў саўдзельнікам канфлікту. А Беларусь дэ-факта — акупаванай тэрыторыяй. Даносім усё гэта да нямецкіх СМІ — гэта важна!»
Так, стараннямі Рубіна і яго каманды ў Франкфурце быў адменены пяцікіламетровы прарасійскі аўтапрабег, які меў складацца з 1200 аўто! У рэаліях дэмакратыі прарасійскія сілы ўсё ж знайшлі лазейку: прабегі ў далейшым называлі «антываеннымі маршамі». Але беларуская і ўкраінская дыяспары суправаджаюць іх — і інфармацыйна, і фізічна.
Міхаіл Рубін на пяцітысячным мітынгу салідарнасці з Украінай, з патрабаваннем пастаўкі цяжкога ўзбраення з Германіі для Украіны ды прызнання Беларусі акупаванай тэрыторыяй
«Гэта лабіяванне ў добрым сэнсе»
Міхаіл распавядае пра два яскравыя праекты ў Германіі, у якіх удзельнічае. Гэта дыяспарнае аб’яднанне «Разам», якое займаецца найперш грамадскімі і гуманітарнымі справамі (там Рубін быў адным з першых шараговых чальцоў). Таксама — «Народнае пасольства»: палітычны і дыпламатычны вектар. Са снежня 2020-га «народныя пасольствы» з’явіліся ў 14 краінах, зараз — дзейнічаюць больш як у 20.
МР. «Стварэнне «народныях пасольстваў» — рэакцыя на сітуацыю, калі афіцыйныя амбасады РБ дэ-факта перасталі існаваць, перарвалі кантакт з дыяспарай, перайшлі на выключна консульскія паслугі. Еўрапейскія краіны перабывання таксама абмежавалі сувязі з імі. Фактычна «народныя пасольствы» ўзялі на сябе іхны функцыянал».
Міхаіл Рубін з калегам з «Народнага пасольства» у Швецыі Дзмітрыем Васерманам ды Франакам Вячоркам падчас сустрэчы беларускіх дыяспар у Вільні.
Паводле Міхаіла, за два гады «народныя пасольствы» ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі ды іншых краінах выраслі з інфармацыйных цэнтраў да сур’ёзных прадстаўніцтваў, якія працуюць з еўрапейскімі МЗС. У Германіі ёсць кантакты як з дэпутатамі зямельных парламентаў, так і з Бундэстагам. «Гэта лабіяванне ў добрым сэнсе», — кажа Рубін.
Напрыклад, калі Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю, атрымалася скласці адкрыты ліст канцлеру Шольцу з патрабаваннем умяшацца ў сітуацыю. Ліст падпісалі больш за 1400 чалавек: дэпутатаў, палітыкаў, мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў. Сярод «топаў» у спісе падпісантаў была і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
«У Бухенвальдзе дасталі сцяг з багажніка і — замянілі»
МР. «У грамадскім і палітычным полі мы падмянілі, як самі кажам, амбасаду БССР. Сёлета ў сакавіку было святкаванне 77-годдзя вызвалення Бухенвальда. Беларускіх і расійскіх дыпламатаў не запрашалі, бо ўжо ішла вайна. У Харкаве падчас бамбёжкі акурат загінуў 92-гадовы былы вязень Бухенвальда... Для музейнай супольнасці Бухенвальда гэта было шокам. Па выніку на мерыпрыемстве былі мы і Павел Латушка, ды — замянілі чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы: дасталі з багажніка і замянілі».
У Мінску пасля пачалася істэрыка: выклікалі нямецкага пасла, уручылі ноту, а на Паўла Латушку ды іншых беларускіх прадстаўнікоў на той падзеі завялі крымінальныя справы. «Мы ўжо перасталі лічыць, колькі тых справаў...,» — прызнаецца Рубін.
Структуры «Разам» і «народныя пасольствы», паводле Міхаіла, сталі «вокнамі ўваходу» для грамадзянаў РБ у замежжы. За доўгія гады быў напрацаваны капітал кантактаў з нямецкімі палітыкамі, журналістамі, грамадскімі арганізацыямі. Калі структуры нават самі не могуць дапамагчы беларусу, то заўжды ведаюць, куды накіраваць.
Міхаіл Рубін на паседжанні рэгіянальнага парламенту паўночнага раёну Франкфурта-на-Майне
МР. «Жывучы ў Франкфурце, увесь час даводзіцца ездзіць: Германія — мабільная краіна. Зусім нядаўна быў у Берліне на сустрэчы 12 былых беларускіх палітвязняў з палітыкамі Бундэстага, у тым ліку з прадстаўніком па справах ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Мы заўсёды размаўляем пра будучыню, планы, новыя праекты. Калі атрымліваецца быць мостам паміж беларусамі і еўрапейскімі фондамі ды палітыкамі, значыць — усё робім правільна!».
Самы вялікі дэфіцыт, паводле Міхаіла, гэта час і рэсурсы. Паралельна трэба займацца бізнесам, сям’ёй, грамадскай дзейнасцю. Таму «Разам» і «Народнае пасольства» шукаюць валанцёраў. У дадатак, інфармацыйная праца грунтуецца на партнёрскіх рэсурсах, а час ужо развіваць свае: «Дзіцёнак настолькі вырас, што абутак цісне», — жартуе Міхаіл.
Міхаіл Рубін з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента Ніколай Бір (Nicola Beer) на фоне Еўрапейскага Цэнтральнага Банка
«Будынкі ў амбасадаў РБ ніхто не забірае. І правільна!»
Зараз у Германіі кіруе «чырвона-зялёна-жоўты ўрад». Гэта кааліцыя на чале з сацыял-дэмакратамі, якая прыняла рашэнне пра ўсебаковую падтрымку Беларусі ды яе дэмакратычных сілаў. У апазіцыі хрысціянскія дэмакраты, але з імі, паводле Міхаіла, таксама ідзе праца. Супраць толькі скрайне-правыя ды скрайне-левыя. Большасць — «за».
МР. «Вось Нікола Бір, напрыклад, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента ад «свабодных дэмакратаў», адкрывала народнае пасольства. Гэта, безумоўна, легітымізацыя. У дадатак, існуе знакаміты 37-мы пункт рэзалюцыі ЕС па Беларусі, які прадугледжвае легітымнасць «народных пасольстваў». Таму гэта не фантазіі, а палітычныя і юрыдычныя рэаліі».
Міхаіл Рубін з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламенту Ніколай Бір (Nicola Beer), якая першай падпісала адкрыты ліст канцлеру Олафу Шольцу з заклікам падтрымаць Марыю Калеснікаву
Паводле Міхаіла, «народныя пасольствы» не могуць выконваць консульскіх функцыяў, і гэта вялікая праблема. Бо ў людзей сканчаюцца пашпарты, нехта без дакументаў, а зараз у РБ яшчэ і прыняты закон аб пазбаўленні грамадзянства палітычных апанентаў...
МР. «Разбіраемся з мясцовым законамі, кансультуем, каму пасуе міжнародная ахова, як у Польшчы, ці шэры пашпарт, як у Германіі. Часам патрэбная сур’ёзная верыфікацыя. Пакуль не ідзе размовы пра БЧБ-пашпарт, але платформа Новая Беларусь Паўла Лібера працуе і з гэтым пытаннем. Невырашальных пытанняў няма, а мы робім усё, каб беларусы на чужыне не пачуваліся чужымі».
Сустрэча актывістаў арганізацыі RAZAM са Святланай Ціханоўскай
МР. «Яны не працуюць! Так, выконваюць консульскія паслугі. Так, займаюць будынкі, ніхто не адбірае і не выганяе. І правільна! Бо мы жывем у прававым полі: нельга ўзяць і адабраць маёмасць. Я першы быў бы супраць. Але ў тых функцыях, якія яны аб’ектыўна не выконваюць і не могуць выконваць, мы іх падмяняем. Пытанні дыпламатыі, палітыкі, інфармацыі, кантактаў, прысутнасці на консульскіх прыёмах — гэта мы».
АК, budzma.org
Фота з архіва Міхаіла Рубіна