Нататкі таткі, пераклады і трохі чарадзейства: Марына Шода і Андрэй Хадановіч выступілі ў Пружанах

9 красавіка ў Пружанскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча маленькіх чытачоў з паэтам Андрэем Хадановічам і перакладчыцай польскай літаратуры Марынай Шодай.

Марына Шода і Андрэй Хадановіч выступілі ў Пружанах
Марына Шода прадставіла публіцы трохтомнае выданне знакамітага польскага пісьменніка і педагога Януша Корчака. Трохтомнік складаецца з перавыдадзенай дылогіі пра маленькага караля Мацюся, а таксама ўпершыню перакладзенай на беларускую аповесці “Кайтусь чарадзей”. “Кароль Мацюсь першы” і “Кароль Мацюсь на бязлюднай выспе” раней выдаваліся ў нас, але з цэнзурнымі скарачэннямі, цяпер жа выйшлі ў поўнай і папраўленай версіі. “Кайтуся чарадзея” Марына Шода пераклала спецыяльна для трохтомніка, што выйшаў у выдавецтве “логвінаЎ”. Перакладчыца расказала прысутным пра Корчака і яго кнігі, зацікавіла маленькіх слухачоў пытаннямі чараўніцтва і падаравала кнігу бібліятэцы, каб заінтрыгаваныя чытачы бліжэй знаёміліся з дзіцячай магіяй ужо самастойна.

Марына Шода

Марына Шода

Андрэй Хадановіч у жартаўлівай форме апавёў гісторыю стварэння сваёй кнігі “Нататкі таткі”, прачытаў нізку вершаў з яе, праспяваў некалькі песень, а таксама прадставіў слухачам галоўную гераіню кнігі Алену Хадановіч, якая таксама прачытала пару ўлюбёных вершаў свайго таты. Публіка сустракала ўсіх траіх гасцей вельмі цёпла і прыязна, дапамагала паэту дэкламаваць вершы, адказвала на пытанні – і сама іх задавала выступоўцам.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Алена Хадановіч

Самыя актыўныя атрымалі каштоўныя падарункі ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбывалася сустрэча.