У Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні 19 лістапада адбылася сустрэча з пісьменнікам і гісторыкам, лаўрэатам літаратурнай прэміі Ежы Гедройця ў 2022 годзе Сяргеем Абламейкам. Падчас імпрэзы размова ішла адразу пра тры кнігі пісьменніка: новы зборнік эсэ «Чаму Беларусь не Расея» (гэтай кнізе была прысвечана асноўная частка прэзентацыі), кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» і кнігу «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення», якая і атрымала прэмію Гедройця.
Сяргей Абламейка падчас сустрэчы ў Вільні
«Гэта зборнік маёй культуралагічнай, або, як тут напісана, гістарыясофскай публіцыстыкі, — распавядае Сяргей Абламейка пра кнігу «Чаму Беларусь не Расея». — Гэтая кніжачка больш-менш тэматычна падзелена на сем раздзелаў. Самае для мяне важнае — у першым раздзеле. Гэта тэксты, прысвечаныя падзеям 2020 года ў Беларусі».
Як кажа Сяргей Абламейка, аб прабуджэнні беларускай нацыі ён задумаўся яшчэ ў траўні 2020 года:
«Па працы, як журналіст, я назіраў і слухаў рэплікі людзей, якія стаялі ў чэргах, каб падпісацца за кандыдатаў. Глядзеў стрымы не толькі з Менску, але з абласных гарадоў, з раённых. Але ўсе гэтыя людзі ў чэргах казалі адно і тое ж.
У мяне валасы стаялі дыбам. Ведаеце, у гістарычнай навуцы ёсць канцэпцыі і схемы нараджэння нацый. Дык вось, тое, што тады казалі беларусы, нібы сышло са старонак прац найлепшых тэарэтыкаў нацый».
Кніга Сяргея Абламейкі «Чаму Беларусь не Расея»
Сяргей Абламейка прыгадаў тэарэтыка нараджэння нацый, чэшскага гісторыка Міраслава Гроха. Ён распрацаваў схему, якая дапамагае гісторыкам пры ацэнцы нейкага руху зразумець, ці гэта быў нацыянальны працэс, ці нешта іншае. Па словах Сяргея Абламейкі, прафесар Грох лічыць, што «ў нацыяў можа быць шмат розных пунктаў судакранання, калі яны нараджаюцца. Але можна выявіць тры класічныя, пры наяўнасці якіх гэта дакладна будзе нацыянальны працэс: памяць пра агульнае мінулае, якое ўсведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы; шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забяспечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнанні з навакольным светам; канцэпцыя роўнасці ўсіх членаў гэтай групы».
«Разумееце, усё гэта я пабачыў тады, у 2020 годзе, — захоплена распавядае журналіст. — Я пачаў ліхаманкава запісваць тыя выказванні людзей, што чуў у чэргах. Пасля, калі я аналізаваў іх, склаліся першыя шэсць тэкстаў гэтай кніжкі».
Яшчэ адным эсэ, якое прыгадаў Сяргей Абламейка, было «Чаму Скарыну нельга «разьбеларусіць»». Эсэ ўвайшло ў трэці раздзел кнігі.
«Мы павінны разумець, што ідэнтычнасці 16 стагоддзя, часоў Скарыны, не былі нацыянальнымі. Яны былі рэлігійныя, моўныя, культурныя, рэгіянальныя. Людзі таго часу не ведалі яшчэ пра нацыі і пра нейкія свае агульныя інтарэсы. Тым не менш нейкая свядомасць была, і ў Скарыны яна была «руская», — распавёў Сяргей Абламейка. — Літоўцы пачалі задумвацца над сваёй ідэнтычнасцю ў пачатку XVI стагоддзя. Тады ж задумаліся пра гэтае і продкі беларусаў. У 1582 годзе ўраджэнец полацкай зямлі паэт-лацініст Саламон Рысінскі, калі паступаў у Альтдорфскі ўніверсітэт упершыню свядома назваўся беларусам.
Але ў строга навуковым сэнсе, калі мы бярэм чыстую навуку, то балцкія жыхары ВКЛ XVI стагоддзя не былі сённяшняй нацыяй літоўцаў, а русіны ВКЛ — не былі нацыяй беларусаў у нашым сённяшнім разуменні. І мы не можам сучасныя ідэалагічныя схемы пераносіць у мінулае, як гэта часта робіць рамантычная гістарыяграфія, калі ствараюцца нацыянальныя дзяржавы і нацыі.
Але ў папулярных кніжках, мы як нацыя маем права называць сваім усё, што стварылі нашыя продкі на нашай тэрыторыі, нават саміх гэтых продкаў. Менавіта таму Скарыну нельга «разбеларусіць».
Трэцяя тэма, узнятая ў кнізе, — асоба Кастуся Каліноўскага і ягоны ўнёсак у беларускі нацыянальны працэс. У 2020 годзе Сяргей Абламейка выдаў кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Летась яна атрымала трэцюю прэмію Гедройця. Як кажа аўтар, ён вырашыў паразважаць пра асобу Каліноўскага, бо гэтая асоба не адрэфлексаваная належным чынам у беларускім грамадстве.
Кніга Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»
«Я ўгледзеў, што менавіта тады, у паўстанцаў, зарадзіўся нацыянальны працэс, — распавядае Сяргей Абламейка. — Першага лютага 1862 года Каліноўскі стварыў часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі. Гэта была сенсацыя, гэта была рэвалюцыя, палякі былі шакаваныя. Менавіта тады палітычна нарадзілася Беларусь».
Далей у кніжцы прадстаўлена рознага кшталту эсэістыка, не звязаная агульнай тэмай, але пра тыя падзеі і даты ў гісторыі Беларусі, на якія аўтар прапануе глядзець інакш, чым мы прывыклі. Напрыклад, адзін з тэкстаў прысвечаны Слуцкаму паўстанню, якое аўтар прапануе называць беларуска-савецкай вайной 1920 года і абгрунтоўвае сваю ідэю.
На заканчэнні Сяргей Абламейка перайшоў да тэмы кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення».
Кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення».
«Я лічу, што беларускай культура дыхае сёння на адно лёгкае. Другім лёгкім, я называю матэрыяльны кантэкст цывілізацыйнай прыналежнасці нашага народа і нашай культуры. Гістарычныя цэнтры гарадоў з іх шараговым архітэктурным асяроддзем і з іх дамінантамі ў нас знішчаныя», — гаворыць Сяргей Абламейка.
На яго думку, калі б захаваўся стары горад у Менску, як ён захаваўся ў Вільні, то палітычнае жыццё ў Беларусі магло б пайсці па зусім іншым шляху. Па словах аўтара, народ, які мае такі стары горад, бачыць цывілізацыйную прыналежнасць сваёй гісторыі.
«Вось гэтая вуліца Касмадзям’янская, я яе люблю, — кажа Сяргей Абламейка, паказваючы на вокладку кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення». — Калі я нарадзіўся, на ёй заставаўся адзін дом. Вуліцу амаль цалкам зруйнавалі ў 1946 годзе, хаця яна перажыла вайну.
Я лічу, мы мусім аднавіць стары горад у Менску. У гэтага ёсць праціўнікі, якія кажуць, што гэта будуць цацачныя дамы. Гэта не так. Гэтыя адноўленыя дамы праз некалькі дзесяцігоддзяў стануць нармальнымі гістарычнымі артэфактамі: пакаленні мяняюцца вельмі хутка. Калі людзі ходзяць па старым горадзе Варшавы, ніхто не думае, што ён адноўлены цалкам. Прычым рэстаўрацыйныя канцэпцыі і хартыі забараняюць з нуля адбудоўваць страчаную спадчыну, і ЮНЭСКО ніколі не прызнае наватворы, а стары горад Варшавы — прызналі.
Народ выгадуецца на муляжах, а без гэтых муляжоў можа народа і не быць. Таму я лічу, што пакуль мы не адновім гістарычныя цэнтры Менска, Берасця, Горадні і іншых гарадоў, мы будзем дыхаць на адно лёгкае і кульгаць на адну нагу».
Д. Г., budzma.org