Хочаце пабачыць дом паэткі з непахіснай грамадзянскай пазіцыяй Ларысы Геніюш? Тады вам у Зэльву! Менавіта тут жыла 27 год нязломная паэтка, тут яна і пахаваная. Мястэчка вядомае яшчэ з 1470 года. Пры колішніх гаспадарах — Сапегах — жыццё тут віравала. Чаго вартыя адны толькі «Ганненскія кірмашы», падчас якіх гандаль трываў ажно месяц і быў не менш маштабны, чым на вядомых кірмашах у Лейпцыгу. І хоць часы Сапегаў даўно сышлі ў нябыт, мы налічылі як мінімум 5 прычын наведаць Зэльву ды пазнаёміцца з яе культурнымі каштоўнасцямі. У чым іх адметнасць? На што варта звярнуць увагу пры наведванні? Распавядаем у артыкуле.
Зэльва, панарама. Фота: planetabelarus.by
1. Мястэчка з багатай гісторыяй
Зэльва вядомая ажно з 1470 года як сяло Вялікая Зэльва. А ад 1477 года ўзгадваецца і суседні маёнтак Малая Зэльва, які быў далучаны да паселішча ўжо ў ХХ стагоддзі. У розныя часы Зэльва пераходзіла ва ўладанне разнастайных шляхецкіх родаў: Вішнеўскіх, Іллінічаў, Забярэзінскіх, Зяновічаў. У ХVII стагоддзі тут укараніліся Сапегі. За Сапегамі жыццё ў Зэльве віравала: вядома, што ў 1643 годзе мястэчка наведваў нават кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза.
Зэльва на старых фотаздымках
У 1721 годзе гаспадары мястэчка атрымалі ад караля Аўгуста Моцнага прывілей на торг і кірмашы. Па некаторых звестках гандаль тут, на так званых Ганненскіх кірмашах, у гонар святой Ганны, цягнуўся цэлы месяц і быў не менш маштабным за знакаміты кірмаш ў Лейпцыгу. Лакальнай асаблівасцю гэтых таргоў было тое, што асноўным аб’ектам куплі-продажу на іх былі коні. Сапегі гаспадарылі ў мястэчку да таго, як яно патрапіла ў склад Расійскай імперыі. Улады за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830–1831 гг. сканфіскавалі Зэльву ў гаспадароў.
Ганненскі кірмаш. Фота: planetabelarus.by
З 2001 года традыцыю Ганненскіх кірмашоў спрабуюць адрадзіць. У горадзе ладзіцца вялікае свята, з хлебам, соллю, шашлыкамі, мастацкай самадзейнасцю ды, вядома, коньмі. Тут любы жадаючы можа пракаціцца на брычцы і адчуць атмасферу старадаўняга мястэчка, якім яно было пару стагоддзяў таму.
Не выпадкова ў 2007 годзе Зэльва атрымала герб з выявай каня — як памяць пра гісторыю кірмашоў, якія значна паўплывалі на развіццё паселішча. А на цэнтральнай плошчы можна сустрэць сімвал Зэльвы — скульптуру каня, усталяваную тут у 2008 годзе.
Зэльва, скульптура
2. Траецкі касцёл
Сапраўднай архітэктурнай перлінай Зэльвы з’яўляецца неагатычны Траецкі касцёл у цэнтры мястэчка, узведзены тут ў 1913 годзе паводле праекта архітэктара Юзафа Піуса Дзяконскага.
Зэльва, Траецкі касцёл. Фота: planetabelarus.by
Пра існаванне каталіцкай парафіі ў Зэльве вядома з XV стагоддзя, а дакладней з 1470 года. Менавіта з нагоды будаўніцтва тут першага касцёла Зэльва ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах. Але першы храм быў драўляным і, вядома, да нашага часу не захаваўся. Сучасная ж бажніца была асвечана ў 1913 годзе, але ўжо за савецкім часам, у 1950-я гады, была адабраная ў вернікаў ды пераўладкаваная пад краму, а пасля пад зернясховішча. Касцёл быў вернуты каталікам толькі ў 1989 годзе і дзейнічае па сённяшні дзень.
3. Траецкая царква
Яшчэ адным вартым увагі будынкам у Зэльве з’яўляецца мясцовая праваслаўная царква, асвечаная ў гонар Святой Тройцы. Храм быў узведзены тут ў 1909 годзе на падмурках уніяцкай царквы 1815 года пабудовы. Пра існаванне на гэтым месцы першага праваслаўнага храма вядома з 1434 года. Аднак некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што царква была перабудаваная з тэатра, які належаў гаспадарам мястэчка Сапегам, якія падчас Ганненскіх кірмашоў забаўлялі такім чынам гасцей Зэльвы. Ёсць аргументы і на карысць гэтай гіпотэзы, бо ў планіроўцы будынка сапраўды можна заўважыць некаторыя адхіленні ад канонаў узвядзення тагачасных культавых пабудоваў.
Зэльва, Траецкая царква. Фота: planetabelarus.by
Так яно ці інакш, спрачацца спецыялістам. Дакладна вядома, што сучасная бажніца ўзведзена ў рэстраспектыўна-рускім стылі ў 1909 годзе паводле праекта расійскага архітэктара Івана Плотнікава, які працаваў у той час на тэрыторыі Беларусі.
У царкву Святой Тройцы ў Зэльве любіла прыходзіць выбітная беларуская паэтка з непахіснай грамадзянскай пазіцыяй Ларыса Геніюш пасля вяртання на Радзіму з высылкі ў 1956 годзе. У яе гонар ля бажніцы быў усталяваны помнік паэтцы, які сёлета быў дэмантаваны.
Зэльва, Траецкая царква. Фота: planetabelarus.by
4. Дом Ларысы Геніюш
Варта наведаць у Зэльве і дом Ларысы Геніюш — беларускай паэткі, якая пражыла 11 год эміграцыі ў Празе, прайшла праз мінскую вязніцу, допыты НКУС, перажыла расстрэл бацькі і 7 гадоў ГУЛАГу. Гэтая мужная жанчына ў 1943 годзе паводле апошняга распараджэння прэзідэнта БНР Васіля Захаркі была прызначана Генеральным сакратаром Урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Яна захавала і ўпарадкавала архіў БНР, апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіва Геніюш пераправіла ў недасягальнае для савецкіх карніцкіх органаў месца, за што цярпела ціск і катаванні, але звестак пра архіў так і не выдала.
Зэльва, хата Ларысы Геніюш. Фота: planetabelarus.by
Ларыса Геніюш стала сімвалам антысавецкага супраціву і дагэтуль натхняе розныя пакаленні беларусаў. У драўлянай зэльвенскай хатцы па адрасе Савецкая, 7 паэтка пасялілася разам з мужам Янкам Геніюшам па вяртанні з ГУЛАГу ў 1956 годзе і пражыла там 27 год.
Памерла Ларыса Геніюш 7 красавіка 1983 года і пахаваная побач з мужам на мясцовых могілках, якія таксама раім наведаць. Акурат сёлета споўнілася 40 гадоў, як паэтка пайшла з жыцця.
Зэльва, магіла Ларысы і Янкі Геніюшаў. Фота: wikimedia.org
5. Вадзяны млын
Ёсць у Зэльве і помнік прамысловай архітэктуры, які варта пабачыць. Вадзяны млын, пабудаваны яшчэ ў ХІХ стагоддзі, месціцца недалёка ад цэнтра Зэльвы, у маляўнічым месцы на рацэ Зяльвянка.
Млын узведзены паводле тыпавога праекта, першапачаткова будынак меў чатыры паверхі. Падчас войнаў пачатку ХХ стагоддзя ён моцна пацярпеў і быў перароблены на паверх ніжэйшым. За савецкім часам выкарыстоўваўся як сховішча, пасля быў адрамантаваны і працаваў па прызначэнні амаль да пачатку 1990-х гадоў.
Зэльва, млын. Фота: valatsuga.by
Млын захаваўся ў някепскім стане, да будынка праведзена электрычнасць, ёсць асфальтаваная дарога. Папярэдні гаспадар з-за аварыі не даў рады займацца ператварэннем млына ў цікавы для турыстаў аб’ект і вырашыў прадаць.
Цяпер будынак не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму, магчыма, будзе прывабным для рэалізацыі ідэі стварэння аграсядзібы ці гасцініцы.
Зэльва, млын, 1941 г.
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: «Аб грамадзянстве думаю, але бярэ мяне жах». Тут 11 фактаў пра жанчыну, якую ўлады гвалтам вярнулі ў Беларусь з-за мяжы. Але яе гісторыя вас натхніць