• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
21.09.2022 | Адукацыя

Навошта ў беларускіх школах балалайкі?

«Выступаючы нядаўна па БТ, міністр адукацыі Андрэй Іванец сказаў, што еўрапейскія каштоўнасці і традыцыі чужыя беларускай школе, маўляў, у нас ёсць свае, нацыянальныя. Іх чыноўнік дадзенай яму ўладай і збіраецца культываваць у даверанай яму галіне. Здавалася б, сказаў — рабі. Пабольшы колькасць беларускамоўных школ, лік якіх, на жаль, з кожным годам скарачаецца (у Мінску іх засталося толькі сем). Вярні выкладанне айчыннай гісторыі на роднай мове, адмененае гадоў пяць таму. Дадай гадзін на беларускую мову, якую школьнікі вывучаюць (у лепшым выпадку) раз на тыдзень і пачалі ўжо ўспрымаць як замежную», — піша Міхась Скобла для 73-га нумара газеты «Народная воля». 


1.jpg

Хіба мова не нацыянальная каштоўнасць? Каштоўнасць № 1! Але ў новаспечанага міністра Андрэя Іванца сваё бачанне каштоўнасцяў і традыцый. У канцы жніўня ён падпісаў пастанову Мінадукацыі «Об утверждении учебных программ факультативных занятий» па музыцы. У нешматлікім пераліку зацверджаных інструментаў там чамусьці значыцца... балалайка. Няма ні дуды, ні скрыпкі, ні цымбалаў, пад якія беларус стагоддзямі смуткаваў і радаваўся, а вось балалайка ні з пушчы, ні з поля — ёсць! 

Балалайка, якая абсалютна чужая беларускай народнай культуры. Гэты музычны інструмент пашырыўся на нашай зямлі толькі ў 1920–1930-я гады — разам з прыхаднямі і паязджанамі з усходу, прыехаў, так бы мовіць, у абозе русіфікатараў. Нездарма ва ўсім свеце балалайка дагэтуль успрымаецца як нешта спецыфічна расійскае, служыць своеасаблівым апазнавальным знакам Расіі. 

Пра птушыныя правы балалайкі ў Беларусі сведчыць і той факт, што яна практычна не згадваецца ў класічнай беларускай літаратуры. На чым іграе Коласаў Сымон-музыка? На скрыпцы. Як называецца першая Купалава кніга? «Жалейка». А на чым зайграў Багушэвіч, каб стала ўсім «чутка ад краю да краю»? На «Дудцы беларускай». Можна яшчэ згадаць і «Скрыпку беларускую» Цёткі, і «Прыгоды цымбал» Куляшова, і запаветнае Багрымава «зайграй, зайграй, хлопча малы, і ў скрыпачку, і ў цымбалы». 

А вазьміце беларускія прыказкі — скарбонку народнай мудрасці, назапашванай стагоддзямі. І там вы днём з агнём не знойдзеце ніякай балалайкі. Хоць у наяўнасці цэлы аркестр: без смыка і без дуды ходзяць ногі не туды; слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі; з лерніка і дудара не будзе гаспадара; альбо грай, альбо скрыпку аддай... 

То на якіх падставах міністр адукацыі спадар Іванец, на словах дбаючы пра нацыянальныя традыцыі, на справе абавязвае беларускіх школьнікаў тыя самыя традыцыі забываць? Бо балалайка — гэта не традыцыя. У традыцыйных беларускіх вясковых капэлах, што стагоддзямі абслугоўвалі вяселлі, хрэсьбіны і другія святы, балалайкі ніколі не было. Там выспеўвала любую — мінорную ці мажорную — мелодыю царыца музыкі скрыпка. Там адбіваў рытм басавіты бубен. Там знаходзілася месца працяжнай дудзе, якая вось ужо чатырыста гадоў гучыць па ўсёй Еўропе — ад Шатландыі да Полацка. 

Хай бы беларускія школьнікі на ўроках музыкі і засвойвалі гэтыя інструменты, аднаўлялі даўнія традыцыі. На покліч той жа дуды душа беларуса адгукаецца імгненна — сам у гэтым неаднойчы пераконваўся. Неяк з дударом Зміцерам Сідаровічам мы выступалі ў Мазыры, у гімназіі. Без лішняга розгаласу — аб чым нас напярэдадні папрасіў дырэктар. І розгаласу не было, пакуль Зміцер не адклаў убок гітару і не ўзяў у рукі дуду. Расказаўшы і паказаўшы зацікаўленым вучням, як дзейнічаюць усе яе бурдоны і пішчыкі, з якой скуры вырабляецца мех і ў чым адрозненне беларускай дуды ад шатландскай, музыка ўрэшце зайграў. 

Праз пяць хвілін у актавую залу збеглася ўся гімназія ўключна з кухаркамі са сталоўкі і рамонтнікамі-будаўнікамі, якія мянялі шыфер на даху. Усе тады пабачылі дуду, якая іграе, упершыню. І — дружна папрасілі Зміцера зайграць на біс. 

Упэўнены — з падобным імпэтам сустракалі б дуду ў любой беларускай школе. Бо яна — спрадвечны голас нашай зямлі, яна лучыць нас з Еўропай, чые каштоўнасці міністр адукацыі лічыць шкоднымі. Што ж, калі Андрэю Іванцу так даспадобы расійская балалайка, хай бы і трынькаў на ёй у сваім кабінеце «Во поле береза стояла» — твор з рэпертуарнага спіска, зацверджанага той жа міністэрскай пастановай. У вольны ад працы час. Навошта тую «березу» з балалайкай ва ўсе нашы школы насаджаць? 

Так, канешне, ні скрыпку, ні тым больш дуду на мэблевай фабрыцы не зробіш. Прыйдзецца заказваць майстрам. А яны ёсць, і тых жа дудаў вырабляюць колькі патрэбна. Апошнім часам цэлыя дударскія фэсты ў Беларусі ладзяцца.

З балалайкамі, вядома, прасцей. Толькі свісні — цэлы вагон прывязуць. Разам з какошнікамі і сарафанамі. 

Папраўдзе сказаць, у самой Расіі балалайка — малапаважаны інструмент. Уладзімір Маякоўскі, помніцца, называў балалаечнікамі паэтаў, што не мелі свайго адметнага голасу, збіваліся ў хор. 

А які інструмент Міхаіл Булгакаў даў у рукі Паліграфу Шарыкаву — аднаму з самых агідных герояў у расійскай літаратуры? Балалайку. І чалавекападобная істота выконвае пад яе пахабныя частушкі. 

Немагчыма нават уявіць, каб балалайка загучала са школьных вокнаў, скажам, дзе-небудзь у Прыкарпацці — замест трэмбіты. Ці — у руках венецыянскага гандальера — замест гітары. Ці — на шатландскім нацыянальным свяце — замест той самай дуды. У Беларусі — магчыма. А ўсё таму, што чарговы высокі чыноўнік А.Іванец адпрэчвае, бачыце, еўрапейскія каштоўнасці. А яшчэ адзін, ужо найвышэйшы, чыноўнік, помніцца, заяўляў, што ён Беларусь за цывілізаваным светам не павядзе. 

Хто толькі ні спрабаваў некуды звесці Беларусь. Тузалі яе і ўправа, і ўлева. А яна ні з месца, як той карабель, які мае надзейныя якары і не баіцца шторму. Еўрапейскія якары Беларусі — гэта нязрушныя старажытныя замкі. Гэта нашы гатычныя храмы. Гэта наша гісторыя і наша культуры, у тым ліку музычная. Урэшце гэта наша мова, урослая мільёнамі слоў у гэту зямлю. 

Не зрушыш і не пацягнеш беларускі карабель да чужое прыстані. Не справяцца ніякія бурлакі. Хай ім хоць цэлы полк балалаечнікаў зайграе...

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура

У Юрмале адкрылася выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020»

На Арт-станцыі «Дубулты» ў Юрмале 24 сакавiка адбылося адкрыццё выставы «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020», прысвечанай...

valiancina_shauchenka
Замежжа

У Каралеўскім замку ў Варшаве працуе выстава «Каханне і абавязак. Студзеньскае паўстанне 1863 года»

Выстава дапаможа зразумець як гістарычнае значэнне паўстання, так і яго асабістае чалавечае вымярэнне. Наведвальнікі...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў напярэдадні апошняга арышту атрымаў ліст з Міністэрства інфармацыі наконт таго, ці з’яўляецца...

valiancina_shauchenka
Тэатр

Спектакль «Пачупкi» РТБД атрымаў галоўную ўзнагароду тэатральнага форуму «М@RT.Кантакт» у Магілёве

Спектакль «Пачупкi» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) стаў уладальнікам «Залатой маскі» — галоўнага...

Апошнія навіны

    Культура
    У Юрмале адкрылася выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020»
    Замежжа
    У Каралеўскім замку ў Варшаве працуе выстава «Каханне і абавязак. Студзеньскае паўстанне 1863 года»
    Грамадства
    «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    Тэатр
    Спектакль «Пачупкi» РТБД атрымаў галоўную ўзнагароду тэатральнага форуму «М@RT.Кантакт» у Магілёве
    Музыка
    Годныя песні: топ-5 Сержука Доўгушава
    Мастацтва
    «Я страціў зрок на адно вока і, калі гляджу на прадмет левым вокам, бачу татальную абстракцыю». У Мінску распачалася выстава Захара Кудзіна
    Гісторыя
    Якую каву любіў Вітаўт, або Пра карысць устойлівай міфалогіі
    Мастацтва
    «Малюю наша жыцце». У Рызе адкрылася выстава мастачкі Вольгі Якубоўскай
    Гісторыя
    Першы крок – падпісаць фатаграфіі ў сямейным альбоме: як пазнаваць гісторыю
    Літаратура
    «Песня пра зубра» — патрыятычная паэма для Папы Рымскага. Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча
    Літаратура
    Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
    Літаратура
    У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў
    Тэатр
    Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі
    Літаратура
    Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным
    Краіна
    «Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм

Афіша

  • 29.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Ганна Янкута і Ігар Крэбс у Вільні

  • 29.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 29.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 29.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 29.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 29.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 29.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 29.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Як, дзе і калі беларусы свету будуць адзначаць Дзень Волі
    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    • Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», трэйлер якога з’явіўся ў сеціве?
    • Што рабіць на Саракі, каб год быў шчаслівы
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип