Унікальны выпадак: Лукашэнка размаўляе з некім не пра вайну, ураджай, знешнія пагрозы і нават не пра «расчлянёную курыцу». Размаўляе пра філасофію. Праўда, марксісцка-ленінскую. Пра ідэалогію і гісторыю. Як так?
Суразмоўцам апынуўся жвавы дзядок з раскошнай барадой. Гэта Аляксандр Дугін — філосаф, пісьменнік, духоўны гуру прынамсі для часткі крамлёўскіх элітаў. Гэтае апошняе, верагодна, і стала прычынай сустрэчы, бо навошта Лукашэнку сустракацца з нейкім там філосафамі і калі такое было?
Для беларускай аўдыторыі Дугін — ноўнэйм. Часам яго ўзгадваюць у кантэксце ягонай паездкі ў Мінск разам з Лімонавым у 1990-х, калі тыя былі змушаныя ратавацца праз акно ад «баевікоў БНФ» (гэтую гісторыю любіць і сам Дугін). Часам, у сувязі з гібеллю ягонай дачкі Дар’і, якая таксама займалася крамлёўскай прапагандай.
З апошняга можна прыгадаць разважанні Дугіна пра «Імперскія Штаты» як будучыню Расіі, урад якой будзе лётаць на дырыжаблі ды назіраць за ўсім у бінокль. Будуць уведзеныя пасты Міністра Аблокаў ды Дэпартамент федэральных сноў. Беларусь будзе асобным «Штатам», які прадукуе тэкстыль, касметыку і... тазы.
Фота: zavtra.ru
Трызненне? Не зусім. Бо менавіта з падобных канцэпцыяў і складаецца ільвіная доля твораў Дугіна. Але пра ўсё па парадку.
«Мозг Пуціна» ці псіх, за якім «сочаць апенькі»?..
Аляксандр Дугін нарадзіўся ў 1962 годзе ў сям’і супрацоўніка ГРУ і навуковай супрацоўніцы. Шмат чытаў, вучыўся, быў адлічаны — нібыта «за палітыку». У часы СССР Дугін стаяў на антысавецкіх пазіцыях, уваходзіў у розныя інтэлектуальныя гурткі. Пасля 1991-га яго погляды крута памяняліся: Дугін стаў адным з заснавальнікаў НБП разам з Лімонавым, Летавым ды іншымі, а крах Саюзу стаў ужо «трагедыяй».
Дугін пачаў шмат пісаць: філасофія, гісторыя, геапалітыка, традыцыяналізм, рэлігія і містыка — далёка няпоўны спіс яго цікавасцяў. З усяго гэтага атрымалася грымучая сумесь з праваслаўя, неабальшавізму і тэорыяў нямецкіх традыцыяналістаў пад агульным лэйблам «еўразійства». Калі спрошчана, гэта вечная барацьба дабра (Еўразіі, сушы, духоўнасці) са злом (англа-саксы, мора, сатанізм і распуста).
У розныя перыяды жыцця Дугін быў тэлевядучым, выкладчыкам, кіраваў рознымі даследчыцкімі цэнтрамі. Ацэнкі ягонай асобы максімальна палярныя. Ад «мозгу Пуціна» і ўплывовага крамлёўскага ідэолага да... псіхічна хворага графамана. Чаго каштуе гісторыя пра «камышовых людзей» і «атручанае казахамі паветра», або — пра тое, што за Дугіным «сочаць апенькі і дакладаюць старэйшаму грыбу»...
Дугін гатовы выказвацца — «прадукаваць сэнсы» — пра ўсё на свеце: краманьёнцаў, Платона, айцоў Царквы, гнозіс, песні Каці Лель... Часам гэта нагадвае бурлівы паток свядомасці, перапоўнены тэрмінамі, прозвішчамі і цытатамі. Сцісла і сістэмна пераказаць погляды Дугіна немагчыма з прычыны іх заблытанасці і зменлівасці. Для чалавека з вуліцы гэта занадта складана, для адукаванага эксперта — абсурдна.
Але ў такім падыходзе ёсць велізарныя плюсы. Незразумелае крытыкаваць немагчыма. Разам з тым нагрувашчанне тэрмінаў стварае ўражанне інтэлектуальнага прадукта, ідэалогіі. Калі дадаць сюды «правільныя» з пункту гледжання палітыкі Крамля і агрэсіўныя мілітарысцкія погляды, пасьянс складаецца. Тое, што трэба! Таму акурат Валерыя Навадворская некалі і казала, што Дугін — не фашыст, а толькі працуе фашыстам, бо зараз гэта выгадна.
Як марксізм-ленінізм. Канспектаваць трэба, разумець — не
Навошта гэта ўсё Лукашэнку і для чаго сустракацца з максімальна дзівакаватым «Распуціным Пуціна», як таксама называюць Дугіна? Магчыма, на фоне куцай знешняй палітыкі і графіку сустрэчаў, сустрэцца варта хоць з некім — хоць з Дугіным. Магчыма — гэта рэверанс у бок Крамля (прынамсі, на думку дарадцаў кіраўніка Беларусі).
Цалкам верагодна, што Дугіна ў «палац» пасватаў нехта з новай хвалі афіцыйных ідэолагаў. Напрыклад, Аляксей Дзермант, які лічыць сябе «беларускім дугіным» і нават знешне спрабуе яго капіяваць. Гэта таксама цікавы феномен: новая генерацыя прапагандыстаў у Беларусі хваліць Дугіна, а той самы Шпакоўскі называе яго «глыбай сучаснай філасофскай думкі».
А самае смешнае, што для прадстаўнікоў старой савецкай генерацыі элітаў інтэлектуальны вінегрэт Дугіна — гэта той самы марксізм-ленінізм, які ўсе яны канспектавалі і перапісвалі пад капірку, але не разумелі. Такая сабе эрзац-ідэалогія, якую варта вызнаваць, але зусім не абавязкова ўдумвацца (бо часам гэта і немагчыма).
Феномен Дугіна ў тым, што таталітарныя рэжымы патрабуюць тлумачэння сваіх дзеянняў і агрэсіўнай палітыкі, але зусім не абавязкова, каб гэтае тлумачэнне хоць неяк судакраналася з рэальнасцю. Таму Дугін можа надалей жыць у краіне «камышовых людзей». Галоўнае — каб мог патлумачыць, чаму трэба «знішчыць Украіну» ці «ваяваць з англа-саксамі». Пажадана з цытатамі на нямецкай, старажытнагрэцкай ці лаціне.
Таму, што б Дугін ні нагаварыў Лукашэнку ці Пуціну — гэта не мае абсалютна ніякага сэнсу. Бо яго роля не казаць, што рабіць кіраўніку, але абгрунтоўваць яго дзеянні. Гэта і ёсць «візантызм», які філосаф бачыў у практыцы СССР і спрабуе адрадзіць зараз.
Алесь Кіркевіч, budzma.org