Летнія вакацыі — любімы час для многіх. Адпачынак, вандроўкі, летнікі, адсутнасць строгага рэжыму дня, сустрэчы з сябрамі, якія таксама прыязджаюць да бабуль і дзядуль на лета, ды іншыя цікавосткі. Пасля такога вярнуцца да рэгулярных заняткаў у школе бывае досыць складана. Як дзецям і бацькам хутчэй адаптавацца да школы, чытайце ў артыкуле.
Шмат ходзіць спрэчак, калі пачынаць рыхтавацца да новага навучальнага года: загадзя ці не псаваць дзецям рэшту канікул і пакінуць усю падрыхтоўку на апошні дзень. Выбар, канечне, кожны робіць сам, але псіхолагі ўсё ж раяць пачаць падрыхтоўку за тыдзень — два. І тэхнічна, і маральна гэта будзе больш камфортна. І вось 5 парадаў, што варта зрабіць, каб новы навучальны год пачаўся на хвалі пазітыву.
1. Складзіце чэк-ліст
Падаецца, парада не арыгінальная. Але ці часта мы ёй карыстаемся? Насамрэч спісы рэчаў, задач, мэтаў — вельмі просты, але разам з тым эфектыўны інструмент упарадкаваць свае думкі, утаймаваць эмоцыі і паскорыць выкананне той ці іншай задачы. Бо мозг не мітусіцца ў паніцы «што рабіць? з чаго пачаць?», а мае дакладны план.
Хутчэй за ўсё (асабліва ў пачатковай школе), вы атрымалі спіс неабходных рэчаў для школьніка. Пачніце з яго. Дадайце ў школьны спіс дробязі, кшталту насовак і новых шкарпэтак.
Важна! Складаць такі спіс варта разам з дзецьмі — дазволіць ім пэўную ступень самастойнасці (у залежнасці ад узросту).
Разам са сваім школьнікам перабярыце ўсё, што ўжо ёсць (вопратка, канцылярскія прылады і г. д.), выкрэсліваючы гэтыя прадметы з агульнага спісу. Насупраць астатніх пунктаў спісу пазначце, дзе і прыкладна калі вы іх возьмеце.
Варта скласці яшчэ адзін чэк-ліст — на неабходныя дзеянні. Што варта набыць, што трэба прачытаць да пачатку года, куды схадзіць, магчыма, прайсці медкамісію, напісаць нейкія заявы, зрабіць фотаздымкі для даведак і г. д. Абмяркуйце яго разам і вызначце, калі якія пункты вы выканаеце. Абавязкова пазначце, што неабходна зрабіць да 1 верасня, а што можа пачакаць.
Спісы складзены — застаецца толькі выканаць. Спакойна і без мітусні. Улічваючы ўзрост і ступень самастойнасці вашых дзетак, некаторыя пункты можна даверыць выканаць ім самастойна.
Каб складанне і выкананне чэк-лістоў не было занадта сумным, можна паралельна складаць спісы гурткоў і пазашкольных мерапрыемстваў, якія хоча наведваць ваша дзіця. Карысным будзе і спіс мэтаў: якімі ведамі, уменнямі, навыкамі школьнік авалодае / хоча авалодаць. Гэты спіс будзе добрым памагатым — гатовы матыватар на ўвесь навучальны год.
2. Рэжым дня
Таксама парада не новая. Але вельмі важная. Расклад сну, харчавання, фізічнай і інтэлектуальнай актыўнасці, максімальна набліжаны да школьнага, дазволіць лягчэй адаптавацца фізічна.
Складайце новы рэжым дня разам са сваімі школьнікамі, абмяркоўваючы і каментуючы кожны пункт. Асаблівую ўвагу ўдзяліце тым, якія выклікаюць незадаволенасць (ранні пад’ём, напрыклад). Падумайце, якія плюсы прынясе гэты пункт альбо чым ён кампенсуецца. Зафіксуйце расклад на паперы.
Для малодшых школьнікаў можна выкарыстоўваць калаж: гадзіннік і карцінкі, што дзіця робіць у кожны адрэзак часу. Для падлеткаў можна выкарыстаць штосьці накшталт «мапы (дошкі) жаданняў». Дарэчы, стварэнне такіх мап і дошак можа стаць цудоўнай сямейнай традыцыяй і значна палепшыць узаемаадносіны з дзецьмі.
3. Закупы
Калі вы і вашы дзеткі любіце гуляць па гандлёвых цэнтрах, распродажах, маркетах, то гэты пункт стане прыемным бонусам у падрыхтоўцы да школьнага жыцця. Бяром спіс неабходнага і наперад — атрымліваць асалоду ад уласна працэсу.
Калі ж вам паходы па крамах не прыносяць ніякага задавальнення, прыйдзецца больш увагі надаць падрыхтоўцы. Уявіце сабе гэта ў форме гульні ці квэсту. Загадзя сплануйце, што, дзе і калі вы будзеце набываць. Падцягвайце дзяцей і ў працэс планавання. Звярніце ўвагу, што шмат чаго можна замовіць праз інтэрнэт і не траціць свае маральныя і часавыя рэсурсы на вандроўкі па кірмашах.
Якім бы чынам вы не набывалі неабходныя для школы рэчы, адзначце гэтую падзею паходам у кіно ці кавярню альбо смачнай вячэрай у коле сваякоў. Чым больш пазітыву і прыемных узгадак будзе звязана з падрыхтоўкай да школы, тым прасцей пройдзе працэс адаптацыі да яе.
4. Пазітыўны настрой
Амаль заўжды дзеці счытваюць стаўленне бацькоў да той ці іншай з’явы жыцця і падсвядома яго пераймаюць. Калі вы незадаволеныя сістэмай адукацыі ўвогуле, школай і настаўнікамі ў прыватнасці, то дзіўна чакаць, што вашыя дачка ці сынок будуць з радасцю і нецярпеннем чакаць 1 верасня. Сачыце за тым, як вы адгукаецеся пра школу і навучанне ўвогуле.
Так, не ўсё нас задавальняе. Заўжды знойдзецца хаця б штосьці, што не падабаецца, абурае. Замоўчваць і няшчыра казаць, што «ўсё нармальна», не варта. Вы можаце смела (але карэктна і экалагічна) абмяркоўваць са сваімі школьнікамі хібы адукацыі. Але рабіце гэта не абагульняючы «ўсё дрэнна», а менавіта, як асобныя дэталі, што патрабуюць дапрацоўкі. У стылі «ва ўсіх свае недахопы».
Карысна будзе пашукаць пазітыўныя рэчы, якія нясе школа: новыя сябры, веды і навыкі, якія дапамогуць здзейсніцца марам, карысныя звычкі, камунікацыі і г. д. Прывядзіце прыклады з уласнага жыцця альбо пазітыўныя гісторыі пра школьнае жыццё вашых сваякоў, сяброў.
5. Свята пераходу
Мы звыклі адзначаць новы год, дзень народзінаў, гадавіну шлюбу, сонцавароты і шмат чаго яшчэ. А чаму б не адзначыць заканчэнне лета і пачатак новага навучальнага года?
Гучыць сумна, бо лета — гэта цэлае жыццё. Але калі падысці да гэтага свята творча... З даўніх часоў святамі адзначалі пераходныя перыяды ў прыродным цыкле ці грамадскім жыцці чалавека. Пэўныя рытуалы і традыцыі закліканы дапамагчы псіхалагічна і эмацыйна адаптавацца да новага цыклу ці грамадскага статусу.
Скарыстайцеся гэтай функцыяй свята і «закрыйце» летні перыяд, адкрыўшы для сябе і дзяцей новыя магчымасці, прыгоды, радасці і нечаканасці восені. Поле для палёту вашай фантазіі неабмежаванае! Заплануйце пікнік у прыгожым альбо чымсьці дарагім менавіта вам месцы. Наведайце аквапарк ці схадзіце на сямейны квэст. Зладзьце сустрэчу сяброў ля вогнішча (можна нават намаляванага) альбо сямейную вячэру. Упрыгожце свой дом кветкамі ці спелымі пладамі, запаліце свечы, апраніце любімую альбо нейкую адметную вопратку і аксесуары.
Прыгадайце, чым парадавала вас мінулае лета, што было цікавага, захапляльнага. Аддзячце за ўсё гэта вышэйшыя сілы (Бога/багоў, Сусвет) альбо сябе і сваю сям’ю. Падзяліцеся марамі і планамі на бліжэйшую будучыню. Падкрэсліце, як і чым дапаможа новы навучальны год вам у здзяйсненні гэтых мар і планаў. Можна абмяняцца ўтульнымі падарункамі на восень (тэрмакубкі, пледзікі, мяккія цацкі, цёплыя шкарпэткі, шалікі, пульсэткі — усё, што асацыюецца з цяплом, утульнасцю).
І няхай ваш новы навучальны год пачнецца з радасці!
АЯ, budzma. org
Фота: shutterstock.com
Чытайце яшчэ:
Першы званок: шлях да ведаў ці нервовых зрываў?
«Умець чытаць-пісаць — яшчэ не ўсё»: дзіцячы псіхолаг распавяла пра адаптацыю ў школе