У лістападзе мінулага года на нашым сайце быў апублікаваны спіс найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку, які быў склаладзены нашымі экспертамі ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Мы вырашылі не проста актуалізаваць яго, але падрабязней засяродзіцца на кожнай кнізе. Крытык Ціхан Чарнякевіч падрыхтаваў серыю матэрыялаў, у якіх ён коратка раскрывае важнасць усіх выданняў са спіса. Вашай увазе заключная частка (тут – першая, другая, трэцяя і чацвёртая).
10. Статут Вялікага Княства Літоўскага. Вільня: Друкарня Мамонічаў. 1588.
Дзяржава нараджаецца тады, калі прапісаны правілы гульні. Знакавасць хрэстаматыйных трох Статутаў, акрамя ўспаміну пра гісторыю права, вынікае праз некалькі вельмі канкрэтных інтэнцый: Статут аб’ядноўвае ВКЛ у пэўны экстракт, бо ён як дакумент у нейкім сэнсе з’яўляецца інструкцыяй да пазнання гэтай краіны, адмысловым гайдам па ёй – і Княства становіцца вельмі рэальным. Увесь стракаты ландшафт ВКЛ, адкрыты і разнасцежаны ў зводзе дазволенага і забароненага, выяўлены ў старабеларускай, якая на той час – у самым сваім росквіце і спеласці. Трэцяя адзнака Статута – дасканаласць: твор Залатога Веку функцыянуе чвэрць тысячагоддзя. Адной гэтай лічбы дастаткова для захаплення – дэкрэт №3 у адпачынку. Дзяржаватворчасць і дасканаласць, агучваныя ў нашай мове цягам 250 гадоў, як з амбону: будзеце глядзець выкуплены беларусамі Статут у Музеі гісторыі Магілёва – пастаўцеся да гэтай кніжкі з павагай.
9. Е.Ф. Карский. Белорусы. Т. I. Введение в изучение языка и народной словесности».Т. II. Язык белорусского племени». В. 1.-3. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 1-3. Варшава-Масква-Петраград, 1903-1922
У адрозненне ад паўднёвых нашых суседзяў, якія ў ХІХ стагоддзі прышчапілі імперыі цэлую моду на запарожства і шаравары, беларусы, і іх сталічныя саджанцы-атожылкі, збольшага сядзелі ціха і памяркоўна. Сярод польскай інтэлігенцыі імперскіх цэнтраў хадзіла мода на ліцьвінства, аднак суб’ектам, цікавым акадэмічнай навуцы, беларуская культура стала толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Але лакуна, ніша і свята месца першаадкрывальніка да з’яўлення першага тома “Беларусаў” Карскага з’яўляліся пустымі. Гісторыя, культура, фальклор, літаратура, а галоўнае – беларуская мова, упершыню прааналізаваная ва ўсім сваім багацці гаворак: працу Карскага можна параўнаць з біялагічным даследаваннем пра паходжанне віда. Занураючыся ў свае пазітывісцкія навуковыя трэнды, Карскі адначасна даў неацэнную дапамогу маладому нацыянальнаму руху, які меў цяпер на што абапірацца ў сваіх патрабаваннях.
8. Іван Мележ. Людзі на балоце : З палескай хронікі: Раман. Мінск: Мінск : Дзяржвыд БССР, 1962. – 469 с.
Чым вышэй угару падымаецца экспертны спіс, тым гусцей становіцца гушчар – павышаецца градус, шчыльнасць экстракту і разрэджанасць атмасферы. Гаворка ідзе перш за ўсё, канечне, пра кандэнсат беларускай кніжнасці – і беларускай літаратуры ў прынцыпе, але таксама і пра пэўныя лакальныя рэвалюцыі, здзейсненыя вельмі канкрэтнымі аўтарамі і тэкстамі. У гэтым шэрагу “Людзі на балоце” бачыцца абсалютна натуральна. Сам факт рэтраспектыўнага рамана тут не важны – ледзь не кожны заўважны беларускі эпік першай паловы стагоддзя напісаў раман пра калектывізацыю ці рэвалюцыйны час. Мележ, заглыбіўшыся ў палескую мову, лакальны ландшафт і тонка-прыватнае жыццё сваіх герояў, разбурае жанр рамана-формулы, рамана-схемы, ад чаго літаральна скаланаецца ўся выпрацаваная сістэма беларускага сацрэалізму. Пасля “Людзей на балоце” ў прозу вяртаюцца прывязка да канкрэтнай прасторы-Ёкнапатофы і смачнасць мовы.
7. Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім : Раман: / Маст. А.Кашкурэвіч. Кн.1-2. Мінск : Беларусь, 1968. 362 с.+ 383 с.
Караткевіч, безумоўна, наша ўсё. Пытанне – чаму? Калі хочаш, можна паўтарыць чыесьці формулы. Нацыянальная ідэя. Каліноўскі. Вальтэр Скот. Вяртанне гістарычнай нацыянальнай ла-ла-ла. Не ведаю, мне Караткевіч заўсёды быў дарагі сваёй экспрэсіяй, бурлівай і неўтаймоўнай фантазіяй. З ім у літаратуру вярнулася энэргія маладосці: старыя даваенныя дзяды спалі на лаўровых вянках, напалову сплеценых з курапацкага ядлоўцу, франтавікі разбіраліся з цэнзурай і ўласнымі экзістэнцыйнымі праблемамі, “філалагісты” прыносілі ў рэдакцыю першыя апавяданні і вершы, а Караткевіч прыйшоў як вадамёт і абмыў гэтую зямлю, і яна заблішчала такімі зыркімі фарбамі, так зазіхацела ў сонечных промнях, такой шчырасцю і любоўю вальнула ад ягоных “Каласоў”, што ўсе бастыёны абрынуліся. Ідэолагі і бюракраты, як і пяцьдзясят гадоў таму, ліюць у вушы сваю заштампаваную патаку, але дастаткова камусьці ў школьнай бібліятэцы натрапіць на “Каласы”, “Быў.Ёсць.Буду” ці “Дзікае паляванне”, каб назаўсёды знікнуць з радараў хлусні.
6. Szlachcic Zawalnia czyli Bialorus w fantastycznych opowiadaniach przez Jana Barszczewskiego / Poprzedzone kryt. rzutem oka na lit. bialorus. przez R.Podbereskiego. T.1-3. Petersburg : W druk. Pratza, 1844-1846.
Што б мы рабілі без сваіх чарцей? А іх у літаратуру з фальклора прынёс Ян Баршчэўскі. Прычым не аднаго, а добры пачок. Перафразуючы Чорнага, “чорт – гэта цэлы свет”, і ў Баршчэўскага знойдзеш свайго, на ўласны густ: вурдалака і ваўкалака, чарнакніжніка і вадзяніка, крумкача і прывіда. Зачараванае месца гэтая Беларусь, і складаныя, незразумелыя адбываюцца тут рэчы. Як іх патлумачыш – нячыстая сіла.
5. Nicolai Hussoviani. Carmen de statura feritate ac venatione bisontis. Kraków. 1523
У кожнага народа павінен быць татэм. Беларускі татэм – зубр. У кожнага еўрапейскага народа павінен быць лацінамоўны пясняр. Беларускі рэнесансны класік – Мікола Гусоўскі. Дзякуючы вядомай гісторыі з Вітэліусам і рымскім папам, калматы карычневы асілак з Белавежскай пушчы глядзіць на нас пяцісотгадовым позіркам, у якім знойдзеш цвёрдасць і ўладарнасць, золата Вялікага Княства, мудрасць Вітаўта і нязломны, крыху змрочны беларускі патрыятызм, які ўвесь час даводзіцца абараняць ад суседзяў справа і злева, а таксама ўнутраных дабрахотаў.
4. Якуб Колас. Новая зямля. Мінск : Савецкая Беларусь, 1923. 284 с.
Можна паўтараць школьныя калькі пра энцыклапедыю народнага жыцця і першы беларускі раман у вершах (і раман наагул), аднак можна глядзець і сітуатыўна. Што такое “Новая зямля” ў 1923 годзе? Кантэкст – нізрынуць “да асноваў, а затым”, падняць дыбарам, гаварыць толькі пра новае, пра мадэрн, адмаўляючы мінулае ў прынцыпе. У гэты час Колас выглядае закончаным апазіцыянерам па самых розных прычынах. Бальшавікі патрабуюць ад яго рэвалюцыйнасці, маладзёны – бурапеннасці. Замест гэтага на беларускім папялішчы, пасля разбурэнняў і смерцяў сусветнай і грамадзянскай вайны, з’яўляецца вобраз Эдэму, які гарманізуе наваколле і ўядаецца ў душу нават самым зацятым камсамольцам. Бо ў кожнага з іх быў свой персанальны рай дзяцінства, які немагчыма адмяніць зборам твораў таварыша Леніна ў 50 тамах.
3. Францыск Скарына. Біблія руска. Прага, 1517-1519.
Францыск Скарына – гэта рок-н-рол. Бязвусы полацкі хлопчык, закаханы ў кнігу. З’язджае і атрымлівае найлепшую адукацыю ў свеце з двума навуковымі ступенямі. Перакладае, робіць слоўнікі, рэжа гравюры, выбівае грошы на друкарню, піша малітвы і ўкладае ў іх літары сваё імя і прозвішча, залівае ў Біблію ўласны партрэт, піша прадмовы і пасляслоўі, вершы і каментарыі, сядзіць у турме, навучае, тэарэтызуе, выхоўвае, вяртаецца жывым з маскалёў, пакідае межавыя слупы і памятныя шыльды самому сабе ў дзясятках галін чалавечай дзейнасці, урэшце знікае ў дакументальнай цемры. Неналежны ні папе, ні патрыярху, ні эліну, ні іудзею. Родны і блізкі як хлебная скарынка, вытанчаны і далёкі, як ягонае французскае імя, з прывітаннем Віёну, Петрарку і Бэкану
2. Максім Багдановіч. Вянок : Кніжка выбраных вершаў. Вільня : Друк. Марціна Кухты, 1913. 120 с.
Пісьменнікі былі і да “Нашай Нівы”. Але толькі ў пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі пачала складацца рэгулярная літаратура. І першым гэта адчуў менавіта Максім Багдановіч. Для яго тэкстаў выключна характэрнае адчуванне “саўдзелу” ў тварэнні нацыі, літаратуры і гісторыі. Ён разумее, што кожнае яго слова — застанецца. І таму патрабуе многага. І ад сябе, і ад іншых. З усіх эстэтычных плыняў ён выбіраў лепшае для сябе: з класіцызму — увагу да формы, антычныя матывы, з рамантызму — пачуццёвасць, з народніцтва — грамадзянскі пафас, з сімвалізму і акмеізму — шматслойнасць структуры паэтычнай кнігі і канкрэтнасць вобраза. Але найперш — класіцызм. Ён дае асновы, спосабы вершавання, задае паэту планку. Багдановіч пераносіць агульныя правілы паэтыкі ў беларускі дыскурс. Нібы гімназічны настаўнік каля дошкі, ён вучыць паэтаў-самавукаў вершаваць правільна. Багдановіч нібыта запэўнівае і чытачоў, і сябе: “Я не Моцарт, я — Сальеры, я проста даю прыклад дакладнасці ў тэхніцы”. “Вянок”, па сутнасці, з’яўляецца хрэстаматыяй, падручнікам “Ars poetica” для паэта-пачаткоўца.
1. Францішак Багушэвіч. Dudka białaruskaja Macieja Buraczka. Kraków : drukawau swaim kosztam Wł. L. Anczyc i S-ka, 1891. 72 с.
Постаць Багушэвіча, з ягонымі даўжэзнымі вусамі і строгай, трохі праставатай на фота, світкай, заўжды неяк выпадае з ланцужка – нейкі нязручны ён, не да канца зразумелы, трохі адасоблены ад усёй мінулай і сучаснай беларускай паэзіі. Купа эпігонаў (як і ў значна больш гладкага Коласа), здатных і ахвочых паскудзіць любы сур’ёзны голас, не маюць тут ніякага значэння. Багушэвіч заўжды знаходзіцца ў засені сваёй “першасці”, дэміургічнасці, у гэтым ярлычку патанае ўся глухая магутнасць ягонай экспрэсіі — гатычнай, чорнай, металічнай. Калі і прамаўляць “першы”, то абавязкова і ў гэтым – беларуская паэзія для Францішка Багушэвіча ніколі не была гульнёй у імітацыю.
Другі з нашых знакавых Францішкаў, Багушэвіч нібы працягвае руку праз вякі свайму полацкаму сябру; кальцуючы Рэнесанс, пачынае ХХ стагоддзе, а з ім і рухавік нацыянальнай кніжнасці, глыбока асабістай і непазбежна грамадскай. Бо на тваю мову па-ранейшаму азіраюцца ў імперскім судзе.