Восень у беларускай літаратуры — гэта нешта большае, чым проста пара года. Гэта настрой, гэта колеры, гэта думкі — трывожныя ці шчаслівыя, неспакойныя альбо наадварот — поўныя змірэння і прыняцця лёсу. Паэты — ад Караткевіча да Янішчыц, ад Танка да маладых сучасных аўтараў — адзначаюць у праявах восені люстэрка чалавечых пачуццяў. Лісце, туман, адлёт птушак, вечнасць, цішыня — усё гэта становіцца мовай, якой гаворыць з намі восень.
Падрыхтавалі для вас нізку беларускай восеньскай паэзіі.
Усевалад Сцебурака
Цёплы яблык з-за пазухі верасьня
неўпрыкмет падыму...
восень вуснамі тонка мацае
лістападаў сурму,
праз платы заімшэлыя хіліцца
жоўты кветкавы шар,
і палае ў небёснае бездані ад стажараў
пажар...
вецер тчэ павуцінныя ветразі,
уздымае ўгару...
я народжаны ў гэтым верасе,
але ў ім не памру -
адлятаю з вандроўнымі птушкамі,
з веснавым аджываю лісцьцём,
так зрастаюся з гэтым краем
зноў жыцьцё за жыцьцём.
Воцат
Толькi воцат замест вiна,
Як даўно стаіць ужо кубак,
Ды па звычаі п’юць да дна,
Што ж ты гэта пакiнуў, любы?
Ты зiрнi, на зямлю зiрнi,
Бачыш, восень зiму чакае.
А на вулiцах — свет-агнi,
А за горадам — ноч сляпая.
Мне здаецца, што я цяпер
Ведаць стала на выраз болей:
«Не спрачайся. Прабач. Павер.
Ты мне блiзкiм не быў нiколi».
Ноч сляпая. I я. Даўно.
Нават быццам бы без эмоцый.
Кубак, той, дзе было вiно,
Зараз поўнiць празрысты воцат.
Ад твайго парога
Ад твайго парога да майго —
Некалькі гадзін у цягніку.
Цягнуцца нібыта цэлы год,
Падпіраю ля вакна шчаку.
Зрэдзь калі змяняецца пейзаж.
Лес, палі, сяло, ізноў палі.
І чырвонай ніткаю наўсцяж
Восеньскі настрой па ўсёй зямлі.
Быццам бы не верачы вачам,
Я бясконца еду ўсё далей,
Каб знайсці таго, хто распачаў
Фарбаваць у жоўты колер лес.
Бессэнсоўны пошук наўздагон.
Мой прыпынак. Вецер. Дождж нудзіць.
Ад твайго парога да майго
Восені на некалькі гадзін.
Раскладае верасень кастры,
Як не першы раз
І не апошні.
Лета пераспелае
Гарыць,
Вараннё збіраецца
На пожні.
Не збылося.
Ціхі плач надзей.
Верасень звініць
Сарванай нотай.
І шчыміць,
Не зразумею, дзе, —
У грудзях ці ў небе, —
Адзінота.
***
Мне шкада,
Што птушкі адлятаюць.
І шкада,
Што вернуцца не ўсе.
Толькі зоркі
Так прывабна ззяюць
Дзесьці там,
На млечнай паласе.
Не спазнаць
Таемнасці Сусвету.
Незваротнай птушкай
Нашы дні
Нас нясуць
Праз зіму і праз лета
Ў непазбежнасць
Сіняй вышыні.
Дзмітрый Пятровіч
Восень шыла сабе паліто
Са страката-дзівоснага лісця.
Паўплятала зары залатой
Ніткі-промні.
З туманаў імглістых
Атрымаўся прыгожы каўнер,
А з дажджоў яна пояс саткала…
Не заўважыла толькі:
Цяпер
Ўжо зімы дэфіле напаткала…
Восеньскі сум
Гайдае ветрык-летуценнік
Лістоты першы ліст апалы.
Здаецца, восені пачатак
Занадта ранні, нечаканы.
Свае б яшчэ пацешыць думкі
Аб леце, сонечным, духмяным,
І па расе прабегчы ранкам,
Які ў празрыстасць закаханы.
Ды толькі восень надыходзіць
Няспешнай, цвёрдаю хадою,
Сум на душу маю наводзіць,
І не вярнуць ужо настрою.
Лістоў асенніх залатыя горы
З вяршынямі, з якіх віецца дым
У неба, дзе, як лісце ў скверы, зоры
Раскіданыя ветрам маладым,
Люблю, хоць сумна мне ад іх заўсёды,
Бо пройдзе дзень і гор не будзе зноў,
І попел іх скуецца хрумсткім лёдам,
Дзе будзе дым аціхлы ад лістоў
Бялець, як малако, што ў Млечным Шляху
Бялее вечна — з вечнасці яно,
Куды аднойчы ўсе з лістотай лягуць,
Не далюбіўшы волю і віно,
Якіх заўсёды многім не хапае
І будзе не хапаць, бо гэты свет
Больш іншага жыцця даўно не знае,
Чым той, які прыдумвае Паэт…
***
Мы жывём на востраве ў сусвеце,
Пра які тут знае толькі Бог.
Млечны Шлях — замерзлы
жоўты вецер,
Што ляцеў і больш ляцець не змог,
І застаўся ў небе па-над намі,
Каб нам жыць спакойна не даваць
На зямлі, якая пад нагамі
Востравам ляжыць, і адшукаць
Гэткі востраў у сівым сусвеце
Хочацца сягоння многім нам…
Восень. Змрок. Халодны з поля вецер
І дарога, па якой у Храм
Ты ідзеш, каб там прызнацца Богу
У сваіх надзеях і грахах,
І табе не трэба больш нічога
Акрамя як быць у Божанькі ў руках,
І не думаеш, што мы ў сусвеце
Тут, нібы на востраве, адны.
Ты жывеш і думаеш аб леце,
Што прайшло, як дзень пасля вясны…
На восеньскім узбярэжжы
Марнее,
маркоціцца мора
Да дна.
Гонар
гарэць яго не разгорыць.
Шкада.
І шэсцем —
перашэпт шэрых хваляў
Ля ног,
Бо сёння
сонца сонным устала,
Дальбог.
Птушак
запусціць у пустку
Нябёс.
А бераг
брутальны, бы бруствер.
Як ёсць…
Вярбою
Вецер віхляе.
Наўсцяж
Фарбаў бракуе,
І не ўзрушае
Пейзаж.
Прыносіць мне дары свае дуброва —
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.
Злятае па дасвецці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Даспелыя ружовыя рабіны.
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю, чаму мне так прасторна?
І песня прылятае да мяне
Позні жнівень
На крок мы апярэдзім лістапад
І выйдзем з-пад завесы жаўталісця.
Асенні вецер далягляд ачысціць,
Каб хмары не вярнуліся назад.
Сухіх лістоў ласкавыя далоні
Пяшчотна гладзяць нас па валасах,
А заўтра будуць — пад нагамі прах,
Пыл беспрытульны на рачным улонні.
На крок мы апярэдзім лістапад —
З апошнім лета водбліскам на тварах —
Пакрочым ў небе і, як тыя хмары,
Ніколі больш не вернемся назад.
* * *
Верасня няпэўная імгла.
Ў ёй зімы прыход — пытанне веры.
Восень шапаткім агнём ўзышла
На галовы прасвятлёных дрэваў.
Аванпост няблізкае зімы —
Шэрань на па-летняму зялёных
травах,
тонкі водар чарназёму
ад хмарын, вялізных,
як самы.
* * *
Восень піша
лісты ў Нікуды
Зыркай барвай
і жоўтым алеем.
У чаканні нязбытнага
цуду
Ліст зялёны — апошні —
йшчэ тлее.
Ліпне холад
да рук і да твараў,
І, схаваныя
пад парасонам,
Мы праз восень
нясём свае мары,
Тлеем імі пад ветрам —
да скону.
* * *
Вецер трымае руку
На пульсе
Ўсіх навальніц —
І не адпусціць.
Ніц
Падае зжоўклае лісце —
То вецер
Лістоў калоніі чысціць.
Зацяты і жорсткі,
Халодны і шорсткі,
Кідае ў студню
Лістотаю — будні.
А ліст няўлоўны
Па-свойму шчаслівы,
працяты
— распяты —
холадам.
Дзіва?..
Максім Танк
Просьба
Ты, што бяз болю даеш
Лістам ападаць,
Сьлязам расы
На маршчынах Зямлі высыхаць,
Агню дагараць
На перагарэлым кастры,
Рэху стозвоннаму
Гаснуць у цёмным бары,
Выраі край пакідаць
Верасьнёвай парой, –
Дай разьвітаньне мне лёгкае
Зь песьняй маёй.
Лісток
Звонкі лісток адарваўся ад клёна
I пакаціўся, пабег па зямлі.
А на палянцы жоўта-зялёнай,
Быццам на струнах, іграюць чмялі.
Верас ліловы, як на цымбалах,
Ціха трымціць увесь дзень дацямна.
Колеры лета рабіна сабрала,
I чырванее на сонцы яна.
Як я люблю вераснёвыя дзівы!
Ходзяць па лесе вятры-трубачы.
Толькі грыбы паглядаюць маўкліва —
Песням патрэбны свае слухачы.
Лісце
Восень прайшла пералескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў.
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
Ў паветра ўзнімаючы лісце
Струменьчыкам тонкім лісце.
Медзь на азёрах сплывае,
Сум у небе імглістым...
Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.
У вeкaвeчнaй бaцькaўшчынe клёны...
У вeкaвeчнaй бaцькaўшчынe клёны
Hячyтнa пaчынaюць aблятaць
Ha pыжyю тpaвy, нa мox зялёны,
Ha вecнiцы, нa цixi cтaў, нa гaць.
Зямля глядзiць aзёpaмi-вaчымa
Ha яcны cвeт, штo cтынe y кpace.
Як чыcтa, бы cвятлo aбшapы вымылa,
Як цixa – быццaм знiклi людзi ўce.
Aдвeчнaя мaя!
Ў cцюдзёныx pocax,
Як лeтacь, як мiльёны гoд тaмy...
Ляцяць нa вeтpы кocы pыжaй вoceнi,
I клiчa лicцяў жoўты cyм зiмy.
Ha вycнax cтынe гopкi cмaк paбiны,
Цaлyю ix, xaлoдныя як лёд.
O вы, штo бyдзeцe icцi з дзяўчынaй
Пaд тымi ж клёнaмi пpaз coтню гoд,
Цi зpaзyмeeцe, штo мы кaxaлi,
Штo знiклi тaк, як знiкнeцe i вы,
Штo вeкaвeчны тoлькi кpaй, i дaлeч,
I жoўты лicт нa зeлeнi тpaвы,
Штo ў вeкaвeчнaй бaцькaўшчынe клёны
Tыcячaгoддзi бyдyць aблятaць
Ha pыжyю тpaвy, нa мox зялёны,
Ha вecнiцы, нa цixi cтaў, нa гaць,
Штo нeздapмa яны з aciнaк pyдыx,
Kaлi iдзeш yвoceнь пa зямлi,
Paняe зoлaтa пaд нoгi людзям,
Kaб мы яe любiлi й бepaглi.