«Будзьма» раіць: Топ-5 кніжак з класікі, якія вы наўрад ці чыталі, а варта

Са школьнай лавы нас прывучаюць да таго, што ў беларускай літаратуры няма нічога цікавага. Часам нават апалагеты беларушчыны ўпарта цвердзяць, што за савецкім часам нібыта не было створана нічога вартага і цікавага.

Сёння прапануем падборку твораў, якія былі напісаныя плюс-мінус сто гадоў таму. У іх і цікавы сюжэт, і дзіўныя лакацыі, і наогул яны працягваюць захапляць нягледзячы на часавую дыстанцыю.

Міхась Зарэцкі. «Крывічы»

Michaś Zarecki. «Kryvičy»

Ці мог нехта напісаць нешта крытычнае пра савецкую ўладу ў канцы 1920-х гадоў? Мог! Ці мог расчаравацца ў палітыцы беларусізацыі і глядзець на свет больш цвяроза? Вядома! І зваць гэтага чалавека Міхась Зарэцкі, які быў у тых самых дваццатых самай сапраўднай зоркай літаратуры. 

Зарэцкі прыйшоў у беларускую літаратуру даволі рана — народжаны ў 1901 годзе, ён ва ўзросце троху болей за 20 гадоў быў ужо на слыху. А калі яму стукнула 25, быў ужо ў авангардзе нашага літаратурнага працэсу. Самы вядомы факт, які сведчыць аб ягоным поспеху — кнігі Зарэцкага папросту кралі з бібліятэк, бо адшукаць іх у продажы было цяжка. 

Адкуль такая цікавасць? Бо нягледзячы на ўсе магчымыя «але» таго часу, пісьменнік імнуўся да таго, каб паказваць праўдзівае жыццё. Таму хіба і ўзяўся за напісанне тых «Крывічоў», калі зразумеў, куды ўсё ідзе. Першая частка рамана пабачыла свет увесну 1929 года на старонках часопіса «Полымя» і выклікала шалёную крытыку. 

Пісьменніку давялося нават выбачацца за публікацыю, а так званыя «аглаблёвыя» крытыкі літаральна накінуліся на яго ў жаданні затравіць. Аб працягу публікацыі рамана ў першапачатковым выглядзе гаворкі не было, таму Зарэцкі ўзяўся свой раман перапісваць. Але ён так і не быў апублікаваны, бо рукапіс быў канфіскаваны пасля арышту аўтара ў 1936 годзе.

Янка Маўр. «Падарожжа ў пекла»

Janka Maŭr. «Padarožža ŭ piekla»

Калі вельмі доўга расчытваць «Боскую камедыю» Дантэ Аліг’еры, то можна напісаць і нешта сваё. Пэўна, неяк так думаў звычайны школьны настаўнік Іван Фёдараў, больш вядомы ўсім нам пад псеўданімам Янка Маўр. 

У літаратуру Янка Маўр прыйшоў невыпадкова і ў даволі салідным узроце. Штопраўда, пісаў ён у шуфляду і нават не думаў публікавацца па першым часе. Калі б не выпадковае знаёмства ў 1920-я гады з маладым пісьменнікам-пачаткоўцам з «Маладаняку» Алесем Якімовічам, ён бы мог так і застацца нікому невядомым аўтарам. 

Янка Маўр быў педагогам найвышэйшага гатунку, таму ўсяляк развіваўся. Для сваіх вучняў ён уласна і пісаў творы, якія б у лёгкай гульнявой форме маглі патлумачыць складаныя працэсы. Так з’явіліся аповесці «Чалавек ідзе» і «У краіне райскай птушкі», раманы «Амок», «Палескія рабінзоны» ды іншыя творы. 

Сярод творчай спадчыны пісьменніка выдзяляецца аповесць «Падарожжа ў пекла», якая пабачыла свет у 1929 годзе. У ёй савецкія піянеры выпраўляюцца ў дзівоснае падарожжа ў самае сапраўднае пекла. Там маленькія камуністы робяць самую сапраўдную рэвалюцыю і вызваляюць з палону нячыстай сілы амаль усіх грэшнікаў, за выняткам сапраўды жорсткіх злачынцаў. 

Пісьменнік некалькі разоў рэдагаваў гэты твор, спрабуючы давесці яго да ідэальнага стану. Можа быць, таму «Падарожжа ў пекла» чытаецца з цікавасцю і ў наш час, нягледзячы на шматлікія неадпаведнасці і ідэалагічныя клішэ.

Кузьма Чорны. «Сястра»

Kuźma Čorny. «Siastra»

Першы раман класіка нашай літаратуры, які пісаўся ў 1926-1927 гадах і быў вельмі неадназначна сустрэты чытачамі і крытыкамі. Адныя захапляліся ім, іншыя крытыкавалі, бо не зразумелі, у чым жа сэнс твора. А ўсё таму, што Кузьма Чорны напісаў цудоўны ўзор папулярнага тады ў Еўропе мадэрнізму. 

Яго і цяпер часта параўноўваюць з Фёдарам Дастаеўскім, але Кузьма Чорны насамрэч куды бліжэшы да сваіх старэйшых сучаснікаў — Кнута Гамсуна і Джэймса Джойса, якія ўласна і стварылі гэты напрамак у літаратуры. «Сястра» — бадай што, адзіны «мінскі» раман таго часу, які быў напісаны ў гэтым горадзе і пра гэты горад. Мінская трылогія Пясецкага не ў лік, бо мала таго, што пісалася яна па-польску і для палякаў, дык яшчэ і значна пазней часава. 

Падзеяў у творы асабліва няма — там проста паказана жыццё гарадскіх насельнікаў пасля ўсіх войнаў і завірух, што адбыліся за Першай сусветнай вайной. Галоўнае тут, як і павінна быць у мадэрнісцкай літаратуры, не тое што адбываецца вонкава, але тое, што віруе ў душы чалавека. 

Варта прачытання хаця б для таго, каб пабачыць даваенны Мінск. Горад вы гарантавана не пазнаеце, нават калі добра ведаеце сённяшнюю беларускую сталіцу.

Якуб Колас. На прасторах жыцця. 

Jakub Kolas. Na prastorach žyccia

Класічная аповесць са школьнай праграмы аб тым, як Аленка і Сцяпан выбраліся ў вялікі горад з вёскі, каб атрымаць адукацыю, а значыць і шчаслівы квіток у лепшае жыццё. Нічога асабліва вартага ў гэтым творы, акрамя цікавых апісанняў Мінска ўзору сярэдзіны 20-х гадоў, нібыта і няма. Але гэта толькі на першы погляд! 

Бо каханне, камсамол, вучоба і ўпартае жаданне змяніць свет — вось тое, што засталося ад першапачатковай версіі. Бо ў ёй апісана не толькі стэрыльная гісторыя адносінаў хлопчыка і дзяўчынкі, якія з’ехалі вучыцца ў горад з глухой вёскі. Якуб Колас паказаў у творы ўсе праблемы і хібы таго грамадства, якое было ў часы НЭПу. 

Тут вам і беспрытульныя, і беспрацоўныя, і непажаданая цяжарнасць, і хаатычныя палавыя сувязі. А галоўнае, што камсамольцы паказаныя далёкімі ад узорных ідэалаў маладымі людзьмі са сваімі заганамі, праблемамі і хібамі. Простыя смяротныя, не іначай. 

Чытаецца першапачатковая версія, якая была апублікаваная ў поўным зборы твораў пісьменніка, у разы лепей за пазнейшыя. Тут добра адчуваецца той дух свабоды, які быў характэрны для непрацяглай эпохі ў сярэдзіне 1920-х гадоў. Ну проста нейкія «равучыя дваццатыя» на максімалках.

Платон Галавач. «Вінаваты»

platon-galavacz-vinavaty.png
Вокладка да кнігі “Вінаваты” П. Галавача

Платон Галавач — чалавек, які літаральна ў пару скокаў зрабіў сабе сур’ёзную кар’еру ў савецкай сістэме ад пастуха да аднаго з першых людзей у БССР. Разам з тым у літаратуры ён пакінуў адметны след найперш сваёй змрочнасцю. Бо ягоныя тэксты выбіваюцца з агульнай канвы камуністычнага ладу. 

Здавалася б, чалавек з высокіх кабінетаў мусіў бы даваць прыклад і пісаць дрындушкі аб шчаслівым жыцці ў першай дзяржаве працоўных і сялян. Але не, ён піша вельмі змрочныя тэксты, далёкія ад той узорнай паказухі, якой стане потым так званы сацыялістычны рэалізм. І добры гэтаму прыклад — ягоная аповесць «Вінаваты», якая пабачыла свет у 1930 годзе. 

Ужо з самой назвы зразумела, аб чым пойдзе гаворка. Галоўны герой — колішні савецкі чыноўнік, які церпіць палітычнае фіяска. У выніку праходжання "чысткі" ён пазбаўляецца пасады, званняў і робіцца маргіналам. Ад яго адварочваюцца колішнія блізкія і сябры. Ён беспрытульна бадзяецца па краіне і не сустракае нічога, акрамя холаду і абыякавасці. 

Аповесць нібыта пра «змаганне за чыстату радоў» і пакліканая «крыху памагчы партыі ў гэтай справе». Але калі чытаеш між радкоў, то воляй-няволяй задумваешся аб тым, што хацеў насамрэч сказаць аўтар. Здаецца, хвалявала яго не толькі «клясавая пільнасьць і клясавая чуласьць»

Budzma.org