Кніга “Найлепшы спявак у свеце”, што выйшла ў пачатку сакавіка ў серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў, захапіла маленькіх чытачоў і выклікала добрыя водгукі ў вялікіх.
Казка напісана шведскім пісьменнікам Ульфам Нільсанам, ілюстраваная мастачкай Эвай Эрыксан і загучала па-беларуску дзякуючы перакладчыцы Алесі Башарымавай.
Радыя паведаміць сёння, у Міжнародны дзень кнігі і аўтарскага права, што цяпер “Найлепшы спявак у свеце” даступны практычна ва ўсіх мінскіх кнігарнях.
Сваімі ўражаннямі ад прачытанага падзяліліся з намі і дарослыя, і дзеці.
Паліна Маслянкова, маці 2-хгадовай Ульянкі:
— О, мы вельмі чакалі новую кнігу з серыі “Каляровы ровар”, бо першую кніжку з гэтай серыі “Снежны чалавек” (дарэчы, таксама пераклад са шведскай мовы Алесі Башарымавай) мы ўжо вывучылі на памяць. “Найлепшы спявак у свеце” гэтак жа шыкоўна аформлены густоўнымі малюнкамі на кожнай старонцы, цудоўная глянцавая папера, чытэльны шрыфт, дасціпны пераклад. У аснову кніжкі пакладзеная простая гісторыя аднаго ранішніка, але яна павінна пакаціць дашкольнікам і малодшым школьнікам, бо ў ёй распавядаецца пра дзіцячыя комплексы, якія часта развіваюцца ў дзіцячым садку і пачатковай школе. Герой кнігі дае рады свайму сораму і страху сцэны пры падтрымцы малодшага браціка, для якога ён найлепшы спявак у свеце, і ператварае сваю сціплую заключную фразу ў феерычны выступ. Часам нам у жыцці вельмі бракуе пазітыўных прыкладаў развязання дзіцячых псіхалагічных праблемаў, асабліва калі яны нам падаюцца несур’ёзнымі і неістотнымі, дык хай з дзяцінства малеча ведае, як з імі змагацца.
Алена Казлова, цётка 5-гадовага Алеся:
— Мы чыталі “Найлепшага спевака ў свеце” з Алесем. Ён ужо год як умее чытаць сам, але мы бачымся рэдка, бо ён жыве ў Магілёве, і таму яму прыемна, калі я чытаю для яго. Я трохі хвалявалася, што Алесь не ўсё будзе разумець па-беларуску і пастаянна спраўджвала, ці ўсё яму ясна.
— Ты зразумеў, што хлопчык хаваецца ў гардэробе, таму што баіцца выступаць?
— Да, но почему он все время боится? (З абурэннем).
Карацей, праблем з разуменнем у нас не ўзнікла. Мы чытаем беларускія кніжкі і глядзім мульцікі, мова ў “Найлепшым спеваку” дастаткова простая і ясная. У дзіцячым садку Алесь адказны за дні беларускай мовы штопятніцы, у яго абавязкі ўваходзіць павітацца зранку з выхавацелькай па-беларуску і нагадаць, што сёння дзень беларускай мовы. Пачытаць пра палахлівага хлопчыка і пра тое, як малодшы брат дапамог яму справіцца са страхам сцэны, было цікава, бо Алесь таксама маленькі і таксама часам баіцца. Кніжка заканчваецца добра, як і мусяць заканчвацца дзіцячыя кніжкі. Яшчэ нам падабаецца малюнак, дзе галоўны герой захутаны ў коўдру, прыкідаецца монстрам. Гэтак мы таксама гуляемся.
Я шчыра рэкамендую гэту кніжку для сямейнага чытання.
Аня Міхальчук, цётка 3-хгадовай Аляксандры:
— Дзіцячую кніжку Ульфа Нільсана і Эвы Эрыксан “Найлепшы спявак у свеце” набыла ў якасці велікоднага падарунка для трохгадовай пляменніцы.
Добрая паліграфічная якасць, дзякуючы чаму старонкі складана памяць альбо выпэцкаць, яркія густоўныя ілюстрацыі да адпаведных урыўкаў, зручныя для прачытання шрыфт і размяшчэнне тэксту, мастацкія якасці перакладу, як і сама гісторыя – гэта цалкам адпавядае маім патрабаванням да дзіцячай кніжкі.
Відавочным плюсам было і тое, што ў кнізе прадстаўлена не падборка дзіцячых вершыкаў, але сюжэтная гісторыя: паслухаўшы яе колькі раз у маім прачытанні, пляменніца ўжо сама па адпаведных малюнках “чытала” кніжку, памятаючы пра ўсе перыпетыі лёсу галоўнага героя. Дзякуючы мноству малюнкаў чытанне штораз пераўтваралася ў гульню – і ўжо ў нашай гісторыі з’яўляліся сама пляменніца, знойдзеная на адпаведных ілюстрацыях, яе сябры з садка, маці з бацькам ды іншыя знаёмыя і родзічы.
Натуральна, у трохгадовым узросце пляменніца не асабліва праніклася апісанай у тэксце сітуацыяй – асноўная ўвага была звернута на малюнкі і развіццё падзей, а не ўласна на перажыванні героя. Аднак зразумела, што праз пэўны час малой будзе цікава і суперажываць, а не толькі разглядаць малюнкі ды сачыць за развіццём сюжэту. Таму цягам бліжэйшых год, мяркую, кніжка патрапіць у ейныя рукі яшчэ не аднойчы.
Шукайце кніжку пра хлопчыка, які любіў спяваць, у Мінску ў крамах: “Акадэмкніга” (пр. Незалежнасці, 72), “Кнігарня Ў” (пр. Незалежнасці, 37А), “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К. Маркса, 36), “Цэнтральны кніжны” (пр. Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр. Незалежнасці, 14).