Сумна назіраць, як у наш час немагчыма дагрукацца да сэрцаў некаторых суайчыннікаў, якія з цяжкасцю лучаць сябе з краінай. Але бывае і наадварот: некаторыя выбітныя дзеячы, што належалі да іншых народаў, стварылі для Беларусі ў стакроць больш, чым «тутэйшыя». Узгадаем такія імёны.
Казімір Свёнтэк у Пінскай катэдры. 1950-я гады. Архіўнае фота
Казімір Свёнтэк нарадзіўся ў 1914 годзе ў горадзе Валк (сёння Валга, Эстонія). Яго маці Вераніка Крамплеўская паходзіла з польскай шляхетнай сям’і з Віленшчыны. У 1917 годзе сям’я, шукаючы лепшага жыцця, пераехала ў Томск, але праз пяць гадоў вярнулася ў Беларусь. У гэты час Казімір страціў бацьку, які загінуў у бітве за Вільню.
Вераніка з дзецьмі пасялілася ў Баранавічах, дзе Казімір атрымаў адукацыю — спачатку ў пачатковай школе, затым у гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана.
Спачатку малады Казімір марыў пра філалагічную кар’еру і захапляўся класічнай літаратурай. Але ў 1933 годзе падчас рэкалекцый у Пінску ён адчуў пакліканне да святарства.
«Калі я дакрануўся да труны біскупа Зігмунта Лазінскага, я адчуў, што павінен стаць слугою Божым», — узгадваў ён пазней.
У 1939 годзе Казімір Свёнтэк быў высвечаны на святарства. Гэта быў пачатак доўгага і няпростага шляху, які чакаў яго наперадзе. Калі ў 1939 годзе Саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, касцёлы зачыняліся, ксяндзы трапілі пад колы рэпрэсіўнай машыны. У 1941 годзе НКУС арыштаваў Казіміра па абвінавачанні ў антысавецкай прапагандзе. Яму вынеслі смяротны прысуд.
Два месяцы ён правёў у камеры смерці Берасцейскай турмы. «Адтуль кожную ноч а 12-й гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзверы ў маю камеру... Але ў душы быў перакананы, што выжыву. Зразумела, калі на тое будзе Божая воля. І нават на допытах, з прыстаўленым да скроні пісталетам, я не губляў надзеі...» — узгадваў Казімір Свёнтэк.
Кардынал Казімір Свёнтэк. Фота: Павал Хадзінскі
Пачатак вайны выратаваў жыццё Казіміра. Падчас акупацыі ён вярнуўся ў Пружаны і працягваў служыць вернікам. У 1944 годзе паўстала новая пагроза жыццю святара, гэтым разам ад немцаў. «У гэты час гестапаўцы збіраліся вывезці мяне ў лес на расстрэл», — казаў святар. Але прыйшлі чырвоныя вызваляльнікі.
Напрыканцы 1944 года за антысавецкую дзейнасць ён быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў.
«Нават у лагеры я верыў, што Бог не пакіне мяне. Я арганізоўваў калядныя вігіліі, знаходзіў спосабы цэлебраваць Імшу. Вера захоўвала мяне», — казаў Казімір Свёнтэк.
У 1954 годзе Казімір Свёнтэк вярнуўся ў Пінск. Савецкія ўлады імкнуліся перашкодзіць яго служэнню, але святар настаяў. Пяць месяцаў спатрэбілася, каб атрымаць дазвол на працу ў Катэдры. Гэта стала пачаткам адраджэння Касцёла на тэрыторыі Беларусі.
Як узгадваў яго калега, ксёндз Тадэвуш Шэшка, Казімір Свёнтэк заўсёды быў гатовы ехаць у самыя аддаленыя парафіі, каб падтрымаць людзей і іх веру.
У 1991 годзе Казімір Свёнтэк быў прызначаны арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім і адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У 1994 годзе ён атрымаў кардынальскую годнасць. Гэта было прызнанне яго заслугаў у адраджэнні каталіцтва і веры на нашай зямлі. Упершыню святар, які служыць у Беларусі, стаў кардыналам.
Да канца свайго жыцця кардынал працаваў на карысць людзей і Касцёла, які стаў беларускамоўным, прынамсі ў тых частках Беларусі, якія былі непасрэдна падпарадкаваныя арцыбіскупу. Яго жыццё — гэта сведчанне таго, што ні нацысты, ні Саветы не змаглі зламаць дух чалавека, які цалкам аддаў сябе Богу.
Кардынал Казімір Свёнтэк. Фота: Павал Хадзінскі
Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 года. Яго спадчына жыве і сёння, нагадваючы пра сілу веры, надзеі і любові.
«У гісторыі чалавецтва было шмат каралёў, розных каралёў, магутных, моцных, валадароў гэтага свету. Куды ж яны падзеліся? І следу пасля многіх з іх не засталося. Тое самае чакае і цяперашніх валадароў: яны адыдуць у нябыт з гісторыі чалавецтва. Адзін толькі Валадар — Хрыстус — валадарыць ужо дзве тысячы гадоў і будзе валадарыць да сканчэння свету».
Наталля Арсеннева з Максімам Танкам. Архіўнае фота
Наталля з’явілася на свет у 1903 годзе ў Баку, дзе яе бацька кіраваў мясцовай мытняй. Гэта была расійская інтэлігентная сям’я, даследчыкі адзначаюць сувязь па лініі бацькі з родам расійскага паэта Лермантава. Аднак у маленстве сям’я пераехала ў Вільню, якую паэтка лічыла сваёй сапраўднай Бацькаўшчынай: «Тут я пачала памятаць сябе, пазнала і шчасьце, і горыч...»
У пачатку Першай сусветнай вайны сям’я эвакуявалася ў Яраслаўль, дзе перажыла кастрычніцкі пераварот і крывавыя падзеі. Пасля цяжкай дарогі назад у Вільню Наталля і яе блізкія трапілі ў Дрысу (сучасны Верхнядзвінск). Так паэтка ўпершыню апынулася ў беларускай вёсцы, якая пакінула глыбокі след у яе душы:
«Я пачула беларускія песьні, казкі, і гэта паланіла мяне».
Пасля вяртання ў Вільню Наталля працягнула навучанне ў беларускай гімназіі, дзе яе настаўнікам літаратуры быў сам Максім Гарэцкі. Менавіта ён прадставіў свету Наталлю Арсенневу — паэтку.
«Гарэцкі... і расійскія вершы!» — узгадвала Наталля, як цяжка было паказаць яму свае творы. Але ён верыў у талент Арсенневай і назваў яе новай беларускай паэткай:
«Я хачу вас сёньня пацешыць, асабліва тых, хто любіць беларускае слова. Дай Бог, каб я не памыліўся, але мне здаецца, што ў нас сёньня нарадзілася паэтка, большая і за Цётку, і за Буйлянку».
Арсеннева пісала: «І тут ён выняў паперкі з маймі вершамі й прачытаў іх слова ў слова, без ані аднэй папраўкі. Людзі пачалі пляскаць, усе сталі глядзець на мяне, а мне здавалася, што я памру са стыду. Але ўсё абышлося як найлепш».
У 1922 годзе спадарыня Арсеннева выйшла замуж за Францішка Кушаля, будучага генерала. Аднак сямейнае жыццё аказалася няпростай умовай для творчасці: «Жанчыне цяжка быць паэтам. Шэрая будзёншчына — магіла для ўсялякай творчасьці». Аднак Наталля Арсеннева навучылася знаходзіць баланс паміж хатнімі абавязкамі і паэзіяй.
У 1940 годзе паэтка разам з сынамі была арыштаваная і сасланая ў ГУЛАГ. Дарога ў няволю, поўная холаду і голаду, трывала тры тыдні. У аддаленай вёсцы Дзмітраўка Наталля спрабавала выжыць 10 месяцаў. Пазней паэтка з мужам пераехала ў Мінск, «дзе адчынялася магчымасьць, хоць пад ботам акупанта, рабіць беларускую працу».
Пасля вайны паэтка жыла ў лагерах для перамешчаных асобаў, а ў 1950 годзе пераехала ў ЗША. Яна працавала на фабрыках, займалася рэдакцыйнай дзейнасцю і працягвала пісаць. Але цяжкасці не адпускалі: «Пэнсія малая, і ўсё жыцьцё я зарабляла сама».
Наталля Арсеннева памерла ў 1997 годзе ва ўзросце 93 гадоў у ЗША. Яе паэзія і сёння натхняе сваім глыбокім гуманізмам і любоўю да Беларусі. Напісаны ёю верш «Магутны Божа» стаў рэлігійным гімнам Беларусі. Гімнам, з якім антыбеларускі рэжым Лукашэнкі вырашыў разабрацца забаронамі. Але пройдзе крыху часу, і ўсё стане на свае месцы.
Уладзімір Мулявін. Архіўнае фота
Мой шчымлівы ўспамін, датычны Мулявіна, меў месца каля 8 гадоў таму. Займаючыся даследаваннем радаводу, я знайшоў галіну сваіх Хадзінскіх, пра якіх раней не здагадваўся і не ведаў. Новыя сваякі запрасілі адведаць іх дом у Вілейцы. Там вельмі паважнага веку далёкі крэўны арганізаваў кранальную сустрэчу. Нашыя продкі разышліся ў розныя бакі за 300 гадоў да таго моманту.
І вось, пасля некалькіх гадзінаў размоваў Мікалай Хадзінскі скіраваўся да настольнага камп’ютара. У Youtube ён знайшоў песню і сказаў: «Давайце паслухаем». За лічаныя секунды яго вочы напоўніліся слязьмі. Гэта была «Малітва» Уладзіміра Мулявіна.
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распятаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, над табой.
Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу ўсясвету малюсь.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі.
Падаецца, падобныя вечары былі ў тысячах беларускіх дамоў.
Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў далёкім расійскім Свярдлоўску ў 1941 годзе (сёння — Екацярынбург). Бацька працаваў на заводзе «Уралмаш», але сын адчуў покліч мастацтва. У раннія гады за захапленне джазам яго нават выключалі з мясцовай музычнай школы.
Цюмень, Томск, Кемерава, Чыта — любы з гэтых гарадоў, дзе ён працаваў у маладосці ў філармоніях, маглі стаць месцам яго сталага жыхарства. Але лёс пасля арміі, а служыў Уладзімір пад Мінскам, закінуў яго ў нашую філармонію, бульвар вакол якой сёння носіць імя вялікага музыкі.
У 1968 годзе быў створаны ансамбль «Лявоны» пры філармоніі, а праз два гады нарадзілася новая, легендарная назва «Песняры». Як мог гэты свярдлоўскі хлопец да глыбіні душы адчуваць нашую культуру? Якім чынам праз яго прайшла хваля беларушчыны, якая заліла савецкую сацыялістычную рэспубліку? Гэты феномен будзе здзіўляць яшчэ многія пакаленні.
Уладзімір Мулявін на «Рок-каранацыі» 1997. Скрыншот з трансляцыі
Сімвалічна, што на прэміі, якую сёння прыгадаюць толькі дыназаўры — «Рок-каранацыі», у 2001 годзе найлепшым гуртом быў прызнаны N.R.M., а найлепшым гуртом усяго ХХ стагоддзя — «Песняры». У 2003 годзе на чарговай цырымоніі новыя-старыя пераможцы з Лявонам Вольскім на чале — «Крамбамбуля» — перадалі сваю рок-карону прысутным дзецям Уладзіміра Мулявіна.
Пясняр сканаў напачатку 2003 года пасля таго, як патрапіў у аўтакатастрофу пад Мінскам.
Павал Хадзінскі, Budzma.org