Кіраўніца дабрачыннай арганізацыі «Dapamoga» і «Замка», вядомага ў дыяспары шэлтара для беларускіх палітэмігрантаў, Наталля Калегава распавяла «Будзьма беларусамі!» пра падрыхтоўку рэтрыту на Тэнэрыфе для былых палітвязынак.
Паводле Наталлі Калегавай, з мужам Аляксандрам яны даволі даўно ўжо наведваюць Канарскія астравы, «былі сур’ёзныя праблемы са здароўем, а там асабіста адчулі, як у гэтым месцы здароўе дзіўным чынам аднаўляецца».
У першы год вайны «туды з намі паехала мая блізкая сяброўка з Украіны, псіхолаг вельмі высокай кваліфікацыі, якая бачыла бамбёжкі, разбураныя дамы, бачыла вайну». «Яна сапраўды аднаўлялася там, проста на нашых вачах. Менавіта тады ў мяне ўпершыню з’явілася ідэя — арганізоўваць рэтрыты на Канарах. Спачатку глядзела на гэта як на магчымы бізнес, але потым зразумела, што такія рэтрыты могуць стаць запатрабаванай гуманітарнай ініцыятывай», — распавяла Наталля Калегава.
Паводле кіраўніцы Dapamoga, асабліва ясна гэта стала ў 2025 годзе, калі ў Літву пачалі прыбываць дэпартаваныя палітвязні, у іх быў велізарны стрэс ад непадрыхтаванага пераезду, людзей працягвала «ламаць» нават праз паўгода ці год жыцця ў ЕС.
Наталля Калегава кажа пра суму ў 20 000 еўра на месяц, каб вывозіць на рэтрыт на Канары былых палітвязняў — з сем’ямі, з дзецьмі або паасобку. Гаворка пра 20 чалавек у адной паездцы.
Віла ўжо ёсць: «Падчас маёй паездкі на Канары напрыканцы мінулага года ўсё нібыта склалася само сабой. На адным з астравоў я пазнаёмілася з уладальнікам вялікага і прыгожага дома. Калі я ўбачыла гэтае месца — з выглядам на акіян і горы, з найчысцейшым паветрам і драўлянай лазняй — я зразумела, што гэта можа стаць працягам той гісторыі клопату, якую ўжо больш за пяць гадоў стварае Dapamoga».
Паводле Калегавай, дзякуючы сімпатыі ўладальніка да беларусаў удалося дамовіцца пра спецыяльныя ўмовы, «калі размясціць у доме каля 20 чалавек, кошт пражывання на месяц складзе прыкладна 250–300 еўра на чалавека».

«Давайце раскажу, з чаго наогул складаецца сума, якую я ўказала. Кошт вілы на сённяшні дзень — 5000 еўра ў месяц, адсюль 250 на чалавека. Кошт авіяквіткоў, на жаль, вырас, мы пачыналі іх купляць па 130 еўра, па розных абставінах мы не маглі ўсім адначасова набыць, цяпер яны дасягаюць 350–400 еўра, — тлумачыць Наталля Калегава. — Далей наступныя выдаткі — як мінімум, 10 еўра на ежу на чалавека ў дзень, адпаведна, 200–300 еўра на чалавека. Атрымліваецца, каля 7 з лішнім тысяч сыдзе толькі на прадукты харчавання. Гэта не пра кафэ і рэстараны, мы будзем купляць прадукты, а дзяўчаты будуць гатаваць самі».
Потым ідзе арэнда машын — 1800 еўра, як вядома, на тым жа Тэнэрыфе «немагчыма жыць без машыны, там усюды трэба перамяшчацца на ёй». «Мы бяром тры недарагія машыны на ўсю групу. Калі раптам спатрэбяцца машыны для ўсіх дваццаці чалавек адначасова, то там прасцей на адзін дзень арандаваць яшчэ аўтамабіль. Чаму некалькі — у нас не будзе нейкай агульнай праграмы, кшталту, усе едуць на пляж або ўсе абавязкова едуць на вулкан. Людзі маюць права жыць у сваім, камфортным для кожнага, рэжыме», — сказала Наталля Калегава.

400 еўра прыкладна сыдзе на паліва, у кошт таксама закладзеныя дзве недарагія экскурсіі, адна — 12 еўра на чалавека, другая — 44 еўра.
«Таксама там будзе псіхолаг, у іх там будзе ёга. І важна, што гэта не проста адпачынак, гэта і рэабілітацыя. Псіхолаг ужо абмяркоўвае важныя для дзяўчат тэмы. Зразумела, гэта бясплатна, спецыялісты едуць як валанцёры, — распавядае Наталля Калегава. — Атрымліваецца, віла — гэта самае недарагое ў гэтым рэтрыце. Білеты і харчаванне складаюць галоўныя выдаткі.
Але першая паездка — пілотны, скажам так, праект. Пасля яе стане ясна, якія дакладна выдаткі могуць быць. Але, думаю, 1000 еўра на чалавека з білетамі выйдзе. На мой погляд, гэта прымальная цана для месяца на востраве. Дзе можна адпачыць у рэжыме «ўсё ўключана» за тысячу ў месяц? Тым больш, калі мы гаворым пра людзей, якія і цяпер не ў раскошы дакладна знаходзяцца, людзей пасля турмаў і ў эміграцыі, а тут — віла, ёсць ежа і дах над галавой, ёсць камфорт, ёсць світанкі і заходы ля акіяна».
Першая пілотная група жанчын — былых палітвязынак паедуць на Канарскія выспы ўжо ў красавіку. «Я наогул спачатку не думала, што буду толькі для жанчын гэта рабіць. Першапачаткова я думала, што гэта будзе для ўсіх палітвязняў, але потым склалася такая гісторыя. Пакуль так.
Трэба яшчэ разумець, што, як аказалася, знайсці вось так 20 чалавек, якія могуць паехаць на месяц і ў якіх на руках ёсць дакументы, не так проста. Не ўсе могуць сабе дазволіць на месяц адарвацца ад усяго, ад працы, ад сям’і, — тлумачыць Наталля Калегава. — Тут жа яшчэ такая сітуацыя, што яшчэ важна знайсці, хто з кім сядзеў і хто з кім у канфліктах быў ці не быў. Сумяшчальнасць.
Я ўжо нават па «Замку» ведаю гэтую праблему. У жанчын гэта крыху не так. І пакуль мы бяром толькі людзей, якія з’яўляюцца палітвязнямі з калоній. Але так, хацелася б, каб гэта наогул стала нормай. Але мы не можам сабе дазволіць здымаць гэтую вілу штомесяц. Яшчэ адзін аб’ект цягнуць самім, акрамя катэджа, які вядомы пад імем «Замак», — гэта практычна немагчыма. Вось таму так».
«Гэта такая перазагрузка, ты выходзіш зусім у іншы стан. Ты разумееш, што ты нарэшце вяртаеш у сваёй галаве раўнавагу, нарэшце прыходзіш у парадак крыху ва ўсім гэтым. Сам па сабе востраў такі, ды й няма адчування, што проста заўтра трэба адсюль з’язджаць, усё ж месяц — гэта нядрэнна, — кажа яна. — Думаю, гэта патрэбная рэч.
Дарэчы, апошні раз, калі я прыехала з выспаў, заехала ў «Замак», а там усё ў парадку, там жыхары, ведаеце, выдатна без мяне спраўляліся, то-бок я ўжо там пастаянна і не патрабуюся. Там наладжаная сістэма. Адпаведна, захацелася зрабіць яшчэ нешта патрэбнае. Хаця, канешне, не чакала, што ў многіх людзей будуць такія адмоўныя водгукі ў сацсетках на маю ініцыятыву. Я чытаю рознае таксама, часам засмучаюся, але потым перастаю. Наш «Замак» жыве толькі за кошт данатаў, ну і за кошт нашых з мужам уласных сродкаў — мы аддалі дарагую ўласнасць у карыстанне і за гэта нічога ні з каго, уласна, не бяром. І калі, здавалася б, ты ўжо за чатыры з лішнім гады даказаў, што ты паводзіш сябе сумленна, усё роўна хтосьці цябе абвінавачвае ў нейкіх тайных інтарэсах. Ну, гэта людзі».
Наталля Калегава ад імя Dapamoga просіць фінансавай падтрымкі для рэалізацыі гэтай ініцыятывы:
«Паглядзім, як далей будзе. Цяпер у нас віла аплачаная і білеты, машыны зарэзерваваныя. Не збяром на ўсё астатняе — ну, значыць, самі зноў аплацім. У мяне 31 сакавіка юбілей — 60 гадоў. І я прашу людзей, якім мы дапамаглі ў свой час тут — а гэта больш за 2000 чалавек, слухайце, 10 еўра — невялікая сума, бо калі б усе, каму мы дапамаглі тым ці іншым чынам, заданацілі б мне ў дзень нараджэння па 5–10 еўра, то, ведаеце, у нас не было б зусім ніякай праблемы.
Мы маглі б тады кожны месяц, кожныя два месяцы дакладна вазіць людзей. Але я не крыўджуся на людзей, калі яны не адгукаюцца. Хтосьці мяне не любіць, як кажуць, за тое, што я сябрую з Ціханоўскай, хтосьці за тое, што я не сябрую з Ціханоўскай, хтосьці за нешта яшчэ. Людзі знаходзяць сабе розныя нагоды».
Падтрымаць праект можна па гэтай спасылцы.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org