У перакладзе славутай «Іліяды» Гамера са старажытнагрэчаскай на беларускую мову, выкананым Лявонам Баршчэўскім, усе імёны гучаць звыкла, але выключэннем стала імя вярхоўнага бога Алімпа, вядомае ўсім з дзяцінства. «Наша Ніва» разбіралася, чаму так.
Юпітэр (ён жа Зеўс, або Дзэўс) і Фетыда. Карціна Жана Агюста Дамініка Энгра, 1811 год. Сюжэт запазычаны з эпізоду «Іліяды» Гамера, у якім марская німфа Фетыда моліць Юпітэра ўмяшацца і змяніць лёс яе сына Ахіла, які ў той час быў удзельнікам Траянскай вайны. Фота: Wikimedia Commons
У каментарах да выдання аўтар адзначае, што імкнуўся перадаваць уласныя імёны і геаграфічныя назвы як найбліжэй да таго, якім чынам адпаведныя словы вымаўляліся ў старажытнагрэчаскай мове. Аднак у паасобных выпадках, там, дзе традыцыя — у прыватнасці, зафіксаваная ў беларускамоўных школьных падручніках — аддае перавагу набліжэнню да познегрэчаскага (візантыйскага) вымаўлення, ён свядома робіць пэўныя выняткі з гэтага правіла.
Гэта тычыцца імёнаў некаторых значных для грэкаў багоў — Гея замест больш правільнага напісання Гая, Фэб замест Фойб, Гефэст замест Гефайст, Зэфір замест Дзэфюр, Музы замест Мусы, Эфір замест Айтэр; герояў — Энэй замест Айнэй, Менелай замест Менэлай, Адысей замест Адысэй, Фенікс замест Фойнікс; шырокаўжываных геаграфічных назваў: Ахея замест Ахая, Беотыя замест Баётыя, Меандр замест Маяндр, Тракія замест Трэкія, Самафракія замест Саматрэкія. У іншых імёнах таксама захаваныя традыцыйны націск ці традыцыйная перадача той ці іншай літары.
Другое выданне «Іліяды» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага. Фота: Polackija Labirynty
Нягледзячы на гэта, зафіксаванага ў беларускамоўных школьных падручніках бога Зеўса ў перакладзе чакаў зусім іншы лёс. Замест гэтага варыянта напісання імя Баршчэўскі ўжывае варыянт Дзэўс.
Перакладчык тлумачыць гэтую змену тым, што ў старажытнагрэчаскай мове літара Ζ, з якой пачынаецца імя бога Ζευς, азначала зусім не гук «з», як у сучаснай грэчаскай, а спалучэнне «дз». Гэтага спалучэння, як ён сцвярджае, няма ў рускай мове, таму там бог Зевс, а ў беларускай, дзе шырока распаўсюджаны «дз», не варта браць рускае напісанне як пасярэдніка і пісаць Зеўс, а варта пісаць выключна Дзэўс.
На карысць такога прачытання гэтай грэчаскай літары гаворыць нават яе традыцыйная назва — дзэта. Сёння грэкі яе называюць інакш — зіта.
Але які насамрэч гук азначала гэтая літара ў старажытнасці — дагэтуль застаецца адкрытым пытаннем сярод навукоўцаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яна вымаўлялася як /zd/, а іншыя, што як /dz/. Тады ў даэліністычную эпоху вымаўленне імя бога можна рэканструяваць як *Dzéus [НН: тут і далей зорачкай пазначана вымаўленне, якое рэканструявана мовазнаўцамі]. Ужо ў эпоху элінізму, гэта значыць з часу заваёваў Аляксандра Македонскага ў 330–320-я гады да н.э., з’явілася сучаснае вымаўленне.
На карысць абедзвюх версій высоўваецца шмат аргументаў і гэтак жа шмат пярэчанняў.
Напрыклад, у падтрымку версіі пра /zd/ сведчыць тое, што грэкі перадавалі персідскія назвы з гэтым спалучэннем праз літару ζ
— Артавазда рабіўся ў грэчаскім запісе Ἀρταβαzος. Нягледзячы на тое, што варыянт /dz/ мае не менш пацвярджэнняў, сёння найменш пярэчанняў з боку мовазнаўцаў мае варыянт /zd/. Зрэшты, абодва яны маглі існаваць паралельна ў розных дыялектах. Напрыклад, грэкі поўдня Італіі, колішняй так званай Вялікай Грэцыі, дагэтуль захвалі /dz/ у сваёй мове.
Дзэўс узыходзіць да протаіндаеўрапейскага слова *dyḗws, якое літаральна азначала неба, нябёсы, а пасля і бога неба. Ад яго ж паходзіць беларускае слова «дзіва». Ад таго ж кораня *dyew (быць светлым, ззяць) утварылася, напрыклад, спачатку архаічнае deivos, а пасля сучаснае лацінскае deus — бог. Аналаг Зеўса ў рымскай міфалогіі носіць імя Юпітэр, і складана паверыць, але яно таксама мае той жа корань, што і ў грэчаскім варыянце: Iuppiter утварылася ад *djous patēr («бацька неба»), дзе *djous узыходзіць да *dyḗws.
Зеўс (Дзэўс) з Атрыкалі. Рымская рэпрадукцыя I стагоддзя да н. э. грэчаскай скульптуры Дзэўса Алімпійскага работы Фідыя. Музей Піа-Клеменціна ў Ватыкане. Фота: Wikimedia Commons
Магчыма, чытаючы *dyḗws, вам падалося, што дзесьці вы гэта ўжо чулі. Калі вы цікавіліся балцкай міфалогіяй, то мусіце ведаць, што галоўнае боства ў ёй, увасабленне светлага дзённага неба завецца Дзевас, Дзеўс або Дэйвс.
«Бацька неба» — адзін з найбольш архаічных персанажаў у міфалогіі амаль усіх індаеўрапейскіх народаў. Сёння літоўскае dievas азначае любога бога, у тым ліку хрысціянскага. Празрыстая этымалогія слова адсылае да таго ж кораня, што і імя галоўнага бога грэчаскага пантэону.
Артыкул Dzeusas у Літоўскай Вікіпедыі
Дарэчы літоўская мова адзіная, дзе імя алімпійскага бога Ζευς перадаецца менавіта праз «дз» — Dzeusas. Магчыма, такая перадача ў літоўскай зроблена адмыслова, каб падкрэсліць роднаснасць Dzeusas і Dievas і тым самым паказаць старажытнасць і архаічнасць культуры балцкіх народаў. На карысць гэтага сведчыць непаслядоўнасць у перадачы старажытнагрэчаскай літары Ζ: Ζέφυρος (Зефір) застаўся Zefyras, а не стаў Dzefyras.
Сляды слова *dyḗws можна сёння адшукаць і на Беларусі. Найбольш праўдападобна, што шматлікія культавыя ўзгоркі, якія носяць назву Дзявочая гара і ў язычніцкія часы ўшаноўваліся мясцовымі жыхарамі, раней называліся імем Дзева-Дзіва, а пасля былі ператлумачаныя па-іншаму.
Бог з мыса Артэмісіян. Доўгі час лічылася, што гэта бог мора Пасейдон, але знаходкі аналагічных фігурак пацвердзілі, што ў руках у яго быў не трызуб, а маланка. Сёння лічыцца, што гэта скульптура Зеўса (Дзэўса). Фота: Wikimedia Commons
Мабыць, упершыню напісанне Дзэўс у беларускай публіцыстыцы сустракаецца на старонках першага нумара часопіса KRYŬJA за 1994 годзе, чыім рэдактарам тады быў беларускі этнолаг Сяргей Санько. KRYŬJA ставіла за мэту пераасэнсаванне Беларусі ў рамках балцка-крыўскага дыскурсу. Затым у 2004 годзе яно з’явілася ў энцыклапедычным слоўніку «Беларуская міфалогія», навуковым рэдактарам якога быў усё той жа Санько. Ва ўсіх сваіх публікацыях Санько паслядоўна выкарыстоўвае гэты варыянт напісання.
Яго ж падхоплівае і Лявон Баршчэўскі, які выкарыстоўвае варыянт Дзэўс як у больш ранніх перакладах са старажытнагрэчаскай мовы, напрыклад, трагедыі «Эдып-цар», так і ў перакладах паэзіі з англійскай і нямецкай моў.
Праўда, у тлумачэннях да свайго перакладу «Іліяды» Баршчэўскі трохі сам сабе супярэчыць. Ён піша, што аддаваў перавагу, асабліва што датычыць імёнаў значных для грэкаў багоў, напісанню са школьных падручнікаў, нягледзячы на неадпаведнасць гэтай традыцыі арыгінальнаму вымаўленню.
Чамусьці ў гэтым пераліку ёсць другарадныя багі, напрыклад, Зэфір — Дзэфюр (Ζέφυρος), але няма галоўнага, імя якога замацаванае не толькі школьнымі падручнікамі, але таксама энцыклапедычнымі выданнямі і мастацкімі творамі.
Пры тым што арыгінальнае вымаўленне ў старажытнагрэчаскай мове ёсць пытаннем навуковай рэканструкцыі, якая заўсёды застаецца гіпатэтычнай. Знакамітая байка «Авечка і коні», створаная мовазнаўцам Аўгустам Шляйхерам на праіндаеўрапейскай мове, як ён яе бачыў у далёкім 1868 годзе, зведала мноства пераглядаў. І гэты працэс не спыняецца — з рэгулярнасцю ў некалькі гадоў байка перапісваецца, бо ў мовазнаўцаў з’яўляюцца новыя звесткі пра тое, як магла гучаць старажытная мова.
Старажытнагрэчаская мова, вядома, на парадак бліжэйшая да нас, але няпэўных месцаў таксама нямала, як тая ж спрэчка пра /zd/ і /dz/.
Выглядае, што з’яўленне Дзэўса, які выбіваецца з акрэсленага самім аўтарам шэрагу выключэнняў — гэта таксама больш пра такі пошук нацыянальнай адметнасці, чым пра адпаведнасць гістарычнай праўдзе.
Выкраданне Еўропы. Карціна Валянціна Сярова, 1910 год. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя. Фота: Wikimedia Commons
Як гучала імя Зеўса (Дзэўса) у часы, калі была напісаная «Іліяда», мае значэнне толькі для вузкага кола спецыялістаў-мовазнаўцаў.
У той жа час які варыянт напісання — Дзэўс ці Зеўс — замацуецца ў беларускай традыцыі, які спадабаецца беларусам, пакажа час.
Але варта зазначыць, што абсалютнай большасцю еўрапейскіх моў рознымі шляхамі быў засвоены менавіта варыянт напісання, бліжэйшы да Зеўс.