Алесь Тодараў на budzma.org прапануе 5 практычных парадаў, якія дапамогуць вам не звяртаць увагі на меркаванне іншых людзей.
Магчыма, гэта падасца дзіўным, але часам людзі могуць далёка зайсці, каб рабіць тое, што «прынята» іншымі. А каб не быць асуджанымі, часам нават адмаўляюцца ад уласных амбіцый, абмяжоўваюць свой удзел або досвед зносін з іншымі.
Беларусы тут зусім не выключэнне. Згадаем хаця б вядомыя радкі з верша Францішка Багушэвіча:
Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі ня быў:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Добра зразумела, што меў на ўвазе аўтар, калі складаў свой твор. Але вось гэтае «каб я панам ніколі ня быў» паўтараецца ў ім некалькі разоў і выглядае на нейкае праграмаванне. Калі чалавек свядома гатовы адмовіцца ад хоць бы якіх амбіцый і шчаслівага заможнага жыцця.
Але вернемся да сучаснасці. Напрыклад, хтосьці можа ўпарта маўчаць у класе толькі з-за боязі падацца тупым. Нехта можа не расказаць свайму прыхільніку/прыхільніцы, што ён насамрэч адчувае, таму што баіцца, што гэта не ўзаемна. Ну, а некаторыя не могуць нават падзяліцца з каханым/каханай сваімі сапраўднымі жаданнямі, баючыся, што яго ці яе не зразумеюць.
Аднак увесь час быць каханым і «прынятым» немагчыма. Людзі схільныя да асуджэння, гэта частка таго, як працуе чалавечы розум і як пабудавана нашае грамадства. Вам і не трэба ўвесь час жыць у рамках «прымальнага» для іншых людзей і грамадства ў цэлым. Дастаткова проста не выходзіць за пэўныя межы.
Вось некалькі спосабаў, якія дазволяць перастаць баяцца асуджэння і пачаць жыць па-сапраўднаму.
1. Усвядомце, што ўсё часова
Хаця мы і дзелімся ўвесь час сваімі меркаваннямі, большую частку з іх мы папросту не памятаем. Паводле назіранняў, людзі, хутчэй за ўсё, запомняць нейкія важныя рэчы, заканамернасці і тое, як вы прымушаеце іх адчуваць гэта.
2. Вы не можаце пазбегнуць асуджэння
Як бы вам гэтага ні хацелася, але вы не можаце кантраляваць тое, што думаюць іншыя. Што б вы ні рабілі, вы не можаце прымусіць кагосьці не асуджаць вас.
Найлепшае, што вы можаце зрабіць, апынуўшыся ў такой сітуацыі, — гэта падтрымліваць адкрытую лінію зносін, каб падчас узаемадзеяння вы маглі сумленна казаць аб праблемах, складаных сітуацыях і з усіх сіл імкнуцца зразумець адно аднаго.
3. Якая розніца?
Дазвольце іншым рабіць тое, што яны будуць рабіць. Адкрыта распавядаць пра сябе і з упэўненасцю сказаць: «Мяне не хвалюе».
Калі вы на 100% верныя сабе і выказваеце тое, што адпавядае вашаму светагляду, меркаванне іншых усё роўна не зменіць гэтага. Бо было б вельмі дзіўна, каб першы сустрэчны перарабляў вашыя погляды пад сябе. Такі падыход таксама можа дапамагчы вам задумацца аб тым, за што вы сапраўды баіцеся быць асуджанымі. Гэта можа садзейнічаць самапазнанню, а таксама дапаможа зразумець, хто можа быць добрым сябрам або партнёрам для вас, а хто не.
4. Рэфлексуйце над сваімі меркаваннямі
Замест таго, каб засяроджваць увагу на меркаваннях іншых, зірніце лепей на свае ўласныя. Якія погляды з’яўляюцца для вас безапеляцыйнымі і вы ў любым разе будзеце адстойваць іх, а якія можна і адкінуць праз іхную часовасць? Падумайце таксама пра тое, што замінае вам быць самім сабою з іншымі.
Магчыма, вы самі з’яўляецеся самым вялікім суддзёй для сябе самога, і як толькі вы перастанеце судзіць сябе, вы адчуеце ўпэўненасць і магчымасць дзяліцца сваімі меркаваннямі з іншымі.
Акрамя таго, іншыя людзі могуць з большай верагоднасцю асудзіць вас, калі ў вас «асуджальны» склад розуму. Тое, як вы ўспрымаеце пэўныя рэчы, падзеі і працэсы, можа адчувацца іншымі, і верагодна, гэтыя людзі будуць асуджаць вас у адказ.
5. Не слухайце няўдачнікаў!
Купі чырвоную машыну — людзі скажуць, што лепш бы купіў чорную ці белую!
Адкрый свой бізнес — людзі скажуць, што лепш бы працаваў па найме ды спаў спакойна!
Пабярыся шлюбам — людзі скажуць, што лепш бы будаваў кар’еру, бо аднаму лягчэй!
Навучыўся прафесіі ў інтэрнэце — людзі скажуць, што лепш бы пайшоў у каледж!
Запомніце! У кожнага ёсць сваё меркаванне, і вы можаце проста звар’яцець, калі будзеце імкнуцца дагадзіць кожнаму!
Варта выслухаць кожнае меркаванне, якое мае для вас хоць бы нейкае значэнне, але вырашаць павінны толькі вы!
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org