Міні-альбом Спрат’UP. Неспаздзяваны, звышновы рэліз ад берасцейскай каманды прамяніцца свежасцю, новымі эксперыментамі і надзвычайнымі прыемнасцямі.
Фармат міні-альбому для нас ненаўмысна стаўся даволі дакладнай і зручнай формай музычнага выказвання. Па-першае, з боку гледжання мэтанакіраванага, лаканічнага падыходу, без нечага лішняга і прыцягнутага. Па-другое, такая форма валодае значнай гнуткасцю ў суадносінах якасць-тэрміновасць.
Спрат’UP – гэта неадкладная кропка аб’яднання думак, словаў, што ня мусяць заставацца ў чаканні агучвання. Стартавы момант пераўвасаблення вобразаў, ясных уяўленняў у канкрэтныя дзеянні. Гэта пачатак рэалізацыі смелых памкненняў і змен праз усплёск, выбух схаваных унутры чалавека якасцяў. Якасцяў, якія пераадольваюць абмежаванасць рэсурснага поля самых патрабавальных ідэй.
Спрат’UP не прызначаны для праслухоўвання наскокам. Кожная з пяці з’яднаных і рознабаковых песень – гэта пачатак чарговага дню. Але не шэрагавага, з прысутным сузіральным характарам. Гэта дзейсны ранак з новымі ўражаннямі ды адчуваннямі. Дзеля чаго і песні першапачаткова будуць з’яўляцца ў сеціве па адной цягам пяці дзен.
У сваю чаргу Вы пачуеце новы Спрат. Трывалы і гукава разгорнуты, у нечым знаёмы і адачасова нечаканы. Месцамі больш сталы і разважлівы, месцамі востра рэзкі і нервовы, але заўседы са сваёй звыклай неад’емнай шчырасцю.
Пяць ранкаў запар, пачынаючы з панядзелка 25 студзеня, шукайце новую песню ад гурта Спрат тут.