Невядомая Сакольшчына. Выйшла кніга «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Што мы ведаем пра Сакольшчыну на Падляшшы? Пару прозвішчаў ды гістарычных мясцінаў у лепшым выпадку. Кніга журналісткі Уршулі Шубзды раскрывае гэты рэгіён, забыты непаўторны куток у сэрцы Еўропы, з нечаканых ракурсаў.


Аўтарка кнігі - Уршуля Шубзда (1).jpg
Уршуля Шубзда

Беларусы «з кантыненту» і раней слаба цікавіліся Падляшшам агулам, нават ведаючы пра існаванне тут беларускай меншасці. «Куды падзеліся мільён беларусаў Падляшша?» — запытваліся нашы нацыяналісты яшчэ ў нулявых, зусім не разумеючы гэты рэгіён. Але тутэйшыя беларусы нікуды не падзеліся: яны ў сябе дома і проста не ведаюць пра наша з вамі існаванне...

Журналістка Уршуля Шубзда нарадзілася на Сакольшчыне ў беларускай сям’і. Напісала безліч рэпартажаў для тыднёвіка «Ніва», аб’ездзіўшы ўвесь тутэйшы свет. Дзякуючы яе рэпартажам нават тутэйшыя назовы — Нарва, Бобра, Шушалева, Крушыняны, Новы Двор, Гарадок — не проста ажываюць, але напаўняюцца сэнсам. Бо зразумела, што жывуць людзі. Жывуць — па-свойму. 

Аўтарка кнігі - Уршуля Шубзда (3).jpg
Уршуля Шубзда

Адзін з кейсаў, які абыгрываецца ў кнізе, гэта міф пра «Чорную Русь». Менавіта так у шэрагу гісторыкаў назваецца Падляшша разам з заходняй часткай Гарадзеншчыны. Нібы праз «чарнявых» яцвягаў, а можа праз чорную вопратку, як пісаў Адам Кіркор, а можа... гэта ўсяго толькі міф. Але наззоў «Чорная Русь» ды яго насельнікі, «чорнарусы», жывуць як мінімум у літаратуры. Адсюль і Бацькаўшчына — «колеру зямлі». 

Аўтарка кнігі - Уршуля Шубзда (4).jpg

Калі спытацца ў старажылаў, хто яны па нацыянальнасці, адказы могуць здзівіць: беларусы, рускія, тутэйшыя ці свае. Мова — «простая», каб адрозніваць падляшскую гаворку ад польскай. За беларусаў Падляшша пэўны час змагаліся беларускія ды ўкраінскія актывісты, маўляў, хто ёсць хто насамрэч, але сама спрэчка, відаць, такая ж бессэнсоўная, як і пытанне «Чыё Палессе?». Бо адказ — сваё. Тых людзей, якія там жывуць. 

Аўтарка кнігі - Уршуля Шубзда (5).jpg

Гісторыі з кнігі на першы погляд могуць падацца сентыментальна-ідылічнымі. Бабулькі са спрацаванымі рукамі, прыдарожныя крыжы, рэчка Нарва, дзе ўжо няма столькі рыбы, а раней, мяхамі цягалі! Але цікавыя дробязі. Вось бабулька ўзгадвае, што не памятае, з якой менавіта вайны вярнуўся яе муж, бо «ваявалі тады ўвесь час». Калі рыбак Генрык Дубіла з Шушалева, расказваючы пра свае ўловы, шчыра прызнаецца, што найбольш рыбы ...накраў з чужых бучаў. 

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - Чорнай Русі (5).jpg

А вось зусім кінематаграфічны сюжэт: муж гераіні ў часы вайны бегаў з сябрам шукаць дабро пазабіваных немцамі жыдкоў у Гародні. Спадзяваўся на золата. Ледзве ўцёк з-пад куляў, а ў руках — медзяны таз. Вось сядзяць яны і думаюць: ці з-за гэтая мядніцы трэба было рызыкаваць жыццём? У падобных гісторыяў няма высокай маралі, яны жыццёвыя — жывыя. 

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - Чорнай Русі (2).jpg

Асобная тэма — гэта мяжа з Беларуссю зусім побач. Дакладней, успрыняцце гэтай мяжы мясцовымі людзьмі. Шмат хто дагэтуль памятае Гародню, а не Беласток, як «галоўны вялікі горад». Пасля 1944-га — адрэзаны памежнымі слупамі. Шмат у каго па той бок засталіся сваякі, дамы, зямля. Адзін з герояў гадамі назіраў за павольным разбурэннем, цаглінка за цаглінкай, пабудаванага бацькам будынка, які застаўся ў Беларусі. Пасля ўсё зарасло лесам — «тайгой» — як тут кажуць. 

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - Чорнай Русі (1).JPG

«Туды бліжэй, дзе канчаецца луг, раней была мяжа. Пазней неяк выпраставалі і перасунулі яе далей, туды — Уладзіслава паднесла крыху вышэй кавеньку. — Туды, дзе відаць гэты лес. Калісьці яго не было. Помню яшчэ, як граблі сена, то размаўлялі з людзьмі з другога боку. Мы махалі да іх, нешта гаварылі, але яны ўжо не адзываліся да нас...»

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - ''Чорнай Русі'' (1).JPG

Так кажа пра мяжу спадарыня Уладзіслава. Лішне пісаць, што людзі «па той бок» не адзываліся, бо там ужо быў СССР — гутарыць нават са сваякамі з сацыялістычнай Польшчы было ўжо небяспечна... Кейс мяжы стаў трагедыяй для мясцовых. Спачатку ў 1944-м, а пазней — ужо ў наш час. Калі нават паехаць у Беларусь зноў стала складаным квэстам: жалезная заслона нібыта апусцілася ў чарговы раз. 

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - Чорнай Русі (4).jpg

Цікавая падача аўтаркі. Дакладней — сама мова. Часам парадаксальныя абароты, русізмы, паланізмы, цалкам нязвыклая пабудова сказаў. Не кажучы пра дыялектызмы. Але роўна гэтаксама пісала пакаленне літаратараў-нашаніўцаў, бо карысталіся мовай, засвоенай дома, на падворку. Да часу, пакуль ім на змену не прыйшло пакаленне, навучанае па-беларуску ў школе ды ВНУ. І ў гэтым таксама соль кнігі — дзе вы такое знойдзеце? 

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - Чорнай Русі (7).JPG

Можа скласціся ўражанне, што кніга рэтраспектыўная — толькі пра мінулае. Зусім не. Апошнія рэпартажы прысвечаныя закрыццю памежных пераходаў з Беларуссю, пратэстам і чэргам на мяжы, мігранцкаму крызісу. Фантастычна, што старыя людзі заспелі і гэтыя трывожныя падзеі. Але да ўсяго паставіліся па-свойму. Выстаўляючы на падворку крэслы, каб назіраць за лагерам уцекачоў ці прыездам прэм’ера Маравецкага.

Ландшафты і людзі Сакольшчыны - ''Чорнай Русі'' (2).jpg

Чаму? Бо, як піша аўтарка, «...Людзі далей робяць тое, што трэба: моляцца, садзяць бульбу і гародніну ды чакаюць плёну. Філасофія жыцця на Сакольшчыне крыху нагадвае філасофію ўраджэнца Віцебска Міхаэля Лайтмана, заснавальніка і кіраўніка Міжнароднай акадэміі кабалы і Інстытута даследавання кабалы імя Й. Ашлага, які раіць, у вялікім скарачэнні, супакоіцца і пасядзець».

Фота аўтаркі кнігі і клуба Beer&History, дзе прайшла яе першая прэзентацыя

Алесь Кіркевіч, budzma.org