• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
06.12.2022 | Мастацтва

«Я малюю стан грамадства і асабіста свой стан, думкі і ідэі, комплексы і траўмы». Можаце не чытаць гэты матэрыял – проста паглядзіце на фантастычныя карцінкі

Беларускі мастак Максім Осіпаў за апошнія некалькі гадоў стаў сапраўднай зоркай сацсетак. Максімавы падпісчыкі хто млее, а хто ганьбіць яго маляваныя дываны, ці інакш маляванкі. А Осіпаў без перапынку прэзентуе новыя працы і прыгаворвае: «Прадаю тым, хто хоча купіць, і жыву з гэтага». CityDog.io пагутарыў з мастаком.


1 (1).jpg

«Маляваныя дываны шмат хто адносіць да кітчу, — адзначае Максім. — Але кітч мае здольнасць разбураць шмат якія перашкоды паміж людзьмі. Кітч не патрабуе добрай мастацкай адукацыі, глыбокіх ведаў філасофіі і талерантнасці да сучарту. Кітч — ён як п’яны голы мужык, які бяжыць па вуліцы і галосіць «прывіт!». У цябе няма выбару, заўважаць яго ці не».

Што гэта за з’ява — маляваныя дываны: «Драздовіч межы гэтага жанру не пашырыў»

— Чаму вы абралі менавіта такую форму камунікацыі з аўдыторыяй — праз дываны? Можа, вас звязвае нейкая асабістая гісторыя?

— Складана зараз адказаць, праз якую менавіта асабістую гісторыю гэта пачалося.

Магчыма, гэта быў адказ на мае пошукі камунікацыі са сваім гледачом. Я не выстаўляўся некалькі гадоў, бо неяк зразумеў, што беларускія галерэі — гэта не пра мяне. Я анічога не адчуваў пасля выстаў: ніякай матывацыі, натхнення. Як мастак ты там камунікуеш бадай што толькі з іншымі мастакамі.

Беларускія маляванкі, хутчэй за ўсё, паходзяць ад шпалер альбо габеленаў, якія займалі ўсе сцены замкаў і мелі функцыю ацяпляльніка. Таму гэта даволі агрэсіўны да прасторы від мастацтва. Ён дамінуе ў пакое, чым адрозніваецца ад традыцыйнага жывапісу. Гэтыя здольнасці пераносяцца і ў віртуал. Зараз няма вялікай розніцы, дзе прэзентаваць новае — у галерэі ці ў інстаграме. Рэакцыя будзе.

Ну, і думаю, што падсвядома кожны ў Беларусі разумее маляванкі і ўспрымае іх як нешта роднае. Таму праз гэту форму я маю магчымасць дагрукацца да большай колькасці людей з сэнсамі, якія мяне хвалююць-турбуюць. Я ж не малюю пастаралі. Проста не магу. У мяне заўжды вельмі спрэчныя сюжэты.

2.jpg
«Свабода галасуе» (2021): «Свабода больш не на барыкадах. Свабода ў неадпаведным асяродку на ростанях і чакае, што хтось яе падбярэ на дарозе. Але марна».

Прычым я кампілюю гэтыя сюжэты з вядомых матываў, фрагментаў чужых твораў, як гэта рабілі народныя мастакі са сваімі аўтарскімі інтэрпрэтацыямі вядомых рэпрадукцый альбо ікон.

Проста, калі на гэта глянуць з пункту гледжання гісторыі мастацтва, традыцыйныя дываны паходзяць з культуры барока. Чыстая радасць ад жыцця! Мае дываны — абарончага тыпу: праз іх я спрабую не звар’яцець і бараню тое, што мне важна. Мне да барока яшчэ грэбці і грэбці. Але гэта ўсё яшчэ маляваныя дываны, якія можна павесіць у пакоі над канапай. Пакуль я трымаюся ў межах жанру.

— Нельга не закрануць у гутарцы Алену Кіш: як я зразумела, у сваёй творчасці вы выкарыстоўвалі матывы яе маляванак. Чаму менавіта яна вас зачапіла?

— Насамрэч дываны я адкрыў не праз Кіш, а значна раней. У бабулі вісеў штучны дыванок з сюжэтам «Чырвоны Каптурок» («Красная Шапочка». — Рэд.).

У аднаго майго віцебскага выкладчыка ў пакоі віселі аж два арыгінальныя дываны Язэпа Драздовіча, якія ён сам знайшоў недзе і адрэстаўраваў. Але Кіш — гэта асобная з’ява. Пры ўсёй павазе Драздовіч межы гэтага жанру не пашырыў. Ён увёў у яго сучасныя тады матывы ар-дэко, паказаў прафесійны мастацкі ўзровень, але сюжэты — усё тыя ж пастаралі з лебедзямі, замкамі і жывёлкамі.

3.jpg
Алена Кіш «Рай».

4.jpg
Язэп Драздовіч «Дзве дзяўчыны на мосціку».

У Кіш усё атрымалася нейкім чароўным натуральным чынам. Ейныя дываны выклікаюць такі ж спектр эмоцый, як і сучаснае мастацтва. Пры тым што яна па сюжэтах больш абмежаваная, чым любы іншы народны мастак. Сюжэтаў было толькі тры. Яна разбурыла мур паміж дэкаратыўным наіўным мастацтвам і сучасным. Прынамсі, для мяне. І я пралез туды праз гэты мур, за што я ёй і ўдзячны.

— З прыходам фабрык дываны Алены Кіш вельмі хутка згубілі папулярнасць. А як зараз беларусы ставяцца да іх? Прыходзяць на выставы?

— Пасля стыпендыі (пра яе распавяду пазней) я зрабіў агулам аж 5 выстаў у Польшчы і Літве. Выстаўляўся нават у Kordegarda, што насупраць прэзідэнцкага палаца ў Варшаве. Паказальна, што пасля маіх лекцый там зрабілі вулічную выставу рэпрадукцый украінскай мастачкі Марыi Прымачэнкi, якую я згадваў разам з нашымі Аленай Кіш і Нінай Бохан.

5.jpg
Выстава ў галерэе Kordegarda, Варшава (2022).

Так, людзі прыходзілі і я меў і новых глядачоў, і бурныя размовы на artist talks. Я ніколі не думаў пра нейкую кан’юнктуру, каб працаваць з нейкімі запартабаванымі еўрапейскімі культурнымі сэнсамі. Ну як чэл з Беларусі можа рабіць выгляд, што яго зараз больш за ўсё хвалюе экалогія, глабальнае пацяпленне альбо выбар гендэрных ідэнтычнасцяў?! Мне тады падавалася, што я працую выключна з нашым кантэкстам.

Крыху дзіўна было атрымліваць водгукі і думкі на іншых мовах. То бок, некаторыя рэчы чаплялі людзей, якія даволі далёкія ад нашых праблем. Суб’ектыўна мне падалося, што мяне разумеюць ва Украіне, Літве і Польшчы. І не зусім — у краінах старой Еўропы.

Я аднойчы нават дазволіў сабе адмовіць пакупніку з Нямеччыны, які даволі цяжкую для меня працу ўспрыняў як постмадэрнісцкае блюзнерства, татальны сцёб. Я яму збрахаў: маўляў, дыван прададзены, дасвідос.

Пра што Максім гаворыць з гледачамі і яны — з ім: «Мне баліць, калі няма каментаў»

— Распавядзіце больш подрабязна, як да вас прыходзяць сюжэты маляванак. Што вы хочаце сказаць аўдыторыі праз іх?

— У мяне была адна хэйтарка, якая заклікала мяне кэнсаліць. Паводле яе, тое, што я раблю, — блюзнерства і здзек з нацыянальнай культуры. Дык яна неяк камусь напісала: «Ён малюе па свядомасці». Мне нават амаль спадабалася.

Я малюю стан грамадства і асабіста свой стан, я малюю думкі і ідэі, комплексы і траўмы. Дыягностыка і спробы лячэння. Сродкамі «прымітыўнага» мастацтва я спрабую запускаць працэсы мыслення. Прынамсі ў сабе і ў тых, хто сочыць за маёй дзейнасцю.

6.jpg
«Мы з задавальненнем з’ямо ўсё, што спрабуе нас падпарадкаваць» (2022): «Спроба сфармуляваць стратэгічную нацыянальную ідэю. Уявіць, што ўсё, што не дае нам жыць і рухацца — гэта хатняе гаўядо, якое можна проста з’есці».

— Стан грамадства — толькі беларускага ці ўвогуле?

— Мы дарма думаем, што беларуская павестка існуе асобна ад «увогуле». Мы — частка сусвету, і нашыя праблемы на ім адбіваюцца так жа, як на нас адбіваюцца праблемы шматгадовай адсутнасці мыслення і стратэгіі ў «старой Еўропе». Сённяшняя гісторыя магла пайсці інакш, каб свет успрыняў падзеі 2008 і 2014 як пачатак вайны, а не лакальныя канфлікты былога саўка.

Так ці інакш, усім нам трэба вучыцца бачыць усё ў аб’еме і ў дынаміцы. Кожная сённяшняя падзея — гэта тое, што з’яўляецца часткай таго, што прывядзе нас да нейкага «заўтра». І частка нашага грамадства, і частка сусветнага спрабуе быць «у доміку». Нажаль, гэта так.

— А для чаго вы так падрабязна тлумачыце свае работы? Чаму гэта важна?

— Лепшы сябар на гэты момант не падабайка, а камент. Я хачу чуць думкі людзей і іх рэакцыі. Мне баліць, калі няма каментаў.

І я прапаную свае думкі з нагоды той ці іншай працы. Часам я нават адмыслова правакую — і людзі на гэта рэагуюць. Хтосьці згаджаецца, хтосьці не, хтосьці разгортвае дыскусію. Зараз гэта нават часцей адбываецца у асабістых паведамленнях: не ўсе людзі адчуваюць сябе ў бяспецы, калі пішуць у публічных месцах.

7.jpg
«Мы не коцікі» (2021): «У нейкі момант стала цяжка ўспрымаць творы з беларусамі-коцікамі. Хацелася нагадаць, што мы збольшага людзі. Прычым розныя».

Правакаваць дыскусіі і нават спрэчкі зараз важна. З аднаго боку — людзі стаміліся і ім баліць зноў і зноў разважаць пра свае траўмы. З іншага боку — шмат хто зараз любую спрэчку называе «бульбасрачам», не разумеючы, якое значэнне мае камунікацыя людзей паміж сабой. Наяўнасць розных поглядаў, меркаванняў і перакананняў і гатоўнасць іх носьбітаў камунікаваць паміж сабой з’яўляецца адным з галоўных сведчанняў існавання грамадзянскай супольнасці.

— Ці атрымліваецца ў такіх дыялогах з гледачамі намацаць боль, праблему — нават не асабістую, а грамадства?

— Цэлы ворах ідэй прыйшоў праз масавую зваротную сувязь пасля гісторыі з графіці з Гадзілай у Маладзечна. Адных скрыншотаў нарабіў на 50 мегабайт: фота ж разышліся аж да дробных рэгіянальных паблікаў.

8.jpg

Графіці — гэта не карціна ў галерэі. Гэта — уварванне ў грамадскую прастору. І кожны, хто лічыў сябе яе часткай, меў што сказаць. Гэта было вельмі цікава. Чысты кайф.

Як гэта — быць мастаком: «Ай, нахалеру нам гэтыя пакуты творцаў, будзем зарабляць»

— Што было перад тым, як вы прыйшлі да дываноў?

— Цягам жыцця я засвойваў і мяняў даволі шмат прафесій. Я быў мантажнікам вонкавай рэкламы, тэхнічным дызайнерам, арт-дырэктарам, крэатыўным дырэктарам, арганізатарам культурных мерапрыемстваў. Зараз я больш за год як чыста мастак, больш амаль нічым не займаюся. І я не перакананы, што дываны — гэта нейкі фінал.

Я вырас у Віцебску — месцы з самай вялікай колькасцю мастакоў на душу насельніцтва. Марыць стаць прафесійным мастаком там — гэта выклік. З дзяцінства дачыняешся з процьмай людзей, якіх лічыш больш крутымі, чым ты.

Пры гэтым большасць тых людзей не маглі цалкам прысвячаць сябе мастацтву і жыць з гэтага. Большасць зарабляла выкладчыцкай дзейнасцю, рэпетытарствам. І рэдкімі продажамі — ну, усялякія пейзажы альбо інтэр’ерныя абстракцыі, каб падыходзіла да шпалер там, мэблі.

Была ў Віцебску культавая злачка «Даўгава», дзе па вечарох гасілася багема. Я часам заходзіў туды, паліў папіросы і віжаваў з той багемай. Паміж п’янымі спрэчкамі пра палітыку, гісторыю, літаратуру і антычную філасофію было адно і тое ж: грошай няма, ніхто не заўважае талент сусветнага ўзроўню, нейкі гандон прапанаваў 50 баксаў за шэдэўр, а потым не зняў трубку.

9.jpg
«А можа так і трэба?» (2022): «Беларуская версія «Краіны Оз» з думакамі пра пошук смеласці, мазгоў і сэрца і розніцу паміж еднасцю і супольнасцю».

— Вы іх разумелі тады і зараз?

— Ну так. Гэта былі людзі, якія фармаваліся ў «спакойныя» савецкія часы. Яны выдатна памяталі такую штуку, як дзяржаўная замова. Калі ў мастака з вышэйнай адукацыяй сама сабой з’яўляецца праца. Якаясь мазаіка для фасада, роспіс сцяны ў школе, панно для рэстарана, скульптура для скверу. За гэта няблага плацілі, але свабода выказвання праз мастацтва бракавалася.

На падзенне «жалезнай заслоны» яны ўсклалі шмат надзей. Былі чаканні, што ў свеце будзе вялікая цікавасць да нашага мастацтва, асабліва дысідэнцкага. Тым больш тады Віцебск актыўна прасоўваўся як адзін з цэнтраў сусветнага авангарду 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Шагал, Малевіч і іншыя.

Цікавасць да нас насамрэч была, але даволі кароткая. Часам па віцебскіх майстэрнях сноўдалі нейкія калекцыянеры з Нямеччыны. Але яны прапаноўвалі зусім не тыя грошы, на якія ўсе спадзяваліся. Хтосьці змог стаць на ногі альбо прынамсі трымацца на іх. Але шмат цікавых і таленавітых людзей гэты перыяд проста знішчаў і маральна, і фізічна. Дзяржава ад падтрымкі мастацтва адмовілася, Саюз мастакоў не мог усталёўваць сувязі не тое каб з Еўропай, а з іншымі гарадамі Беларусі. Людзі хацелі купляць толькі папсу.

Тыя мастакі зараблялі то рамонтамі, то дзяўбаннем партрэтаў на помнікі, нешта малявалі ці ляпілі ў шуфляду. І шмат пілі. Многіх з іх ужо няма.

10.jpg
«Няма дурных» (2021): «З гэтага сюжэту фактычна пачалася гэтая прыгода. Хацеў зрабіць сабе копію дывана Алены Кіш, але дадаў да яе з «Раю» Мазачо Адама і Еву . Потым змяніў і гэты сюжэт».

— Вы разумелі, наколькі рэальна ісці іншым шляхам?

— Моладзь, якая фармавалася ў першыя гады незалежнасці, успрымала «нестабільнасць» як штосьці натуральнае. І гледзячы на мастакоў, якія пакутвалі праз нецікавасць да сваіх твораў, абіралі шлях да камерцыйнай дзейнасці. У 2000-я ўсе пабеглі ў дызайн: «Ай, нахалеру нам гэтыя пакуты творцаў, будзем зарабляць». Хто рэкламай, хто інтэр’ерамі, хто модай.

Я пайшоў у камунікацыйны дызайн. Мне тады пашанцавала: у ВДТУ (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт) была добрая, свабодная атмасфера. Дыстыпліны тыя ж, што ў любым мастацкім вну: жывапіс, малюнак, кампазіцыя. Але абсалютна не акадэмічныя. У двух лепшых выкладчыкаў былі таксічныя адносіны і яны канкуравалі паміж сабой праз сваіх студэнтаў. А самім студэнтам ад гэтага быў плён. Прынамсі тым, хто хацеў вучыцца.

Потым я шмат год працаваў ў вялікіх рэкламных агенцыях, потом адышоў ад дызайну і зарабляў крэатыўнымі распрацоўкамі ў якасці ІП, нейкі час удзейнічаў у арганізацыі івэнтаў (SPRAVA, «Калядны кірмаш» у Верхнім горадзе). Мне гэта вельмі падабалася.

Увесь гэты час я нешта рабіў і маляваў у нешматлікія вольныя моманты. Нават сям-там выстаўляўся, але было некалькі год, калі я працаваў «у шуфляду». Нікому нічога не паказваў, бо не хацелася. Чым менш я працаваў з дызайнам, тым больш рабілася тая «шуфляда».

Падчас пандэміі 2020 года большасць кліентаў сталі ў паўзу. І я пачаў маляваць і прадаваць свае працы з дапамогаю сацсетак. Пасля падзей лета 2020 года больш за паўгады працаваць не мог, жыў абы дзе, але мне пашэнціла атрымаць польскую стыпендыю GAUDE POLONIA — і з таго часу я пішу маляванкі амаль без перапынкаў.

Пасля 24 лютага ў мяне не было выставаў нідзе і я нічога не раблю, каб яны былі. Проста не магу. Сацсеткі зараз адзіная пляцоўка. Я не імкнуся назапашваць нейкую колькасць прац для новай выставы. Прадаю тым, хто хоча купіць, і жыву з гэтага.

11.jpg
«Самалёт, што адляцеў» (2021): «Дыван пра агульную траўму, што ў патрэбны час патрэбны самалёт не адляцеў».

— Як лічыце, можа, калі б у беларускіх вну будучым мастакам распавядалі больш глыбока пра тое, што рабіць, каб за сваю творчасць атрымліваць грошы, — у краіне па-іншаму развівалася б мастацтва, сувязь мастак-глядач?

— Складанае пытанне. Я зараз слаба ўяўляю, што адбываецца ў вну. У маёй альма-матэр праз брак фінансавання стымулявалася нейкая натуральная крэатыўнасць. Зараз шмат хто пад крэатыўнасцю разумее арыгінальнасць у скрайніх формах. Але крэатыўнасць — гэта здольнасць у неспрыяльных умовах знаходзіць простыя вырашэнні праблемы. Ты вучышся ў вну, дзе табе не стае грошаў літаральна на ўсё, але ты можаш прыдумляць, чым замяніць дарагія фарбы і нават паперу.

Памятаю, мы падлічылі, што аркуш ватмана каштуе нашмат даражэй, чым картонны плакат с гербам і сцягам. Скупілі гэтыя плакаты і малявалі на адвартоным баку. Калі тыя плакаты ў кнігарнях скончыліся, пачалі маляваць на шпалерах. Кісці былі гаўняныя. Я прыдумаў і зрабіў міні-валікі з калёсікаў дзіцячага канструктару — і дамогся новых эфектаў.

Але так, нас не вучылі нават звычайнаму маркетынгу, а ад курсу эканомікі з камуністам-выкладчыкам хацелася засіліцца. Наведванне базару з бабуляй, якая прадавала там гародніну, далі мне больш разумення маркетынгу, чым вучоба ва ўніверы.

Магчыма, каб вну перакуплялі спецыялістаў, якія працавалі ў гэтай самай рэкламнай індустрыі, быў бы якійсьці плён для студэнтаў. Не важна, куды яны потым — у дызайн альбо ў мастацтва. Пакуль жа мне падаецца, што вну жывуць у нейкай паралельнай рэальнасці. Выкладчыкi вучаць таму, у чым самі не маюць аніякага досведу. Гэта кабздзец. Майму пакаленню давялося шмат год давучвацца самастойна.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну пачнуць судзіць 7 лютага

Суд над палітвязняволенай распачнецца ўжо 7 лютага, паведамляюць праваабаронцы.   Наталлю затрымалі ў Мінску...

valiancina_shauchenka
Грамадства Беларусы свету

«Свае людзі» у Вільні. Фалькларыстка Святлана Чакушка

Радыё Ўнэт у праекце «Свае людзі» працягвае расказваць пра беларусаў, якія волею лёсу апынуліся за межамі краіны,...

valiancina_shauchenka
Мастацтва Беларусы свету

Беларуска-брытанскі рэжысёр і стваральнік арт-рэплік Уладзімір Шчэрбань плануе пераўвасобіць творы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане

Беларускі-брытанскі тэатральны рэжысёр і акцёр Уладзімір Шчэрбань, вядомы апошнім часам як стваральнік сотняў па-майстэрску...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура Асоба

Алесь Гурло. «На рубе двух міроў»

Сёння, 4 лютага, спаўняецца 85 гадоў з дня смерці паэта, пісьменніка і перакладчыка Алеся Гурло. У дзень памяці...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну пачнуць судзіць 7 лютага
    Грамадства Беларусы свету
    «Свае людзі» у Вільні. Фалькларыстка Святлана Чакушка
    Мастацтва Беларусы свету
    Беларуска-брытанскі рэжысёр і стваральнік арт-рэплік Уладзімір Шчэрбань плануе пераўвасобіць творы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане
    Грамадства Літаратура Асоба
    Алесь Гурло. «На рубе двух міроў»
    Грамадства
    Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі
    Культура Гісторыя
    Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых
    Грамадства Музыка
    Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка
    Літаратура Беларуская мова
    «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»
    Грамадства
    «Сяргей можа застацца без лекаў...». Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата
    Адукацыя
    ЕГУ абвясціў імя новага рэктара
    Літаратура
    «Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння». Што раілі беларускія класікі маладым пісьменнікам
    Грамадства Гісторыя
    Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён
    Культура Грамадства Гісторыя
    У Мсціславе ў гэтым годзе прыступяць да рэканструкцыі забудовы XII-XIV стагоддзяў на Замкавай гары
    Культура Грамадства
    На вышытай мапе Беларусі кожны рэгіён будзе прадстаўлены сваімі этнаграфічнымі славутасцямі
    Музыка «Музыка»
    «Гэта нас натхніла і працягвае натхняць». Топ беларускіх трэкаў ад гурта «Puaro»

Афіша

  • 10.02 — 12.02

    Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні

  • 04.02 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 04.02 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 04.02 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 04.02 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 04.02 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 04.02 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 04.02 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
    • Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    • «У 73 гады паехала скараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    • Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага
    • 10-12 лютага ў Вільні пройдзе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип