У Еўропе Новага часу (XVI–XIX cтст.) дамінавалі абсалютныя манархіі. У той час распаўсюдзілася перакананне, што толькі манархічная дзяржава можа быць дастаткова моцнай, каб эфектыўна выконваць свае асноўныя функцыі — абарону ад знешніх ворагаў і падтрыманне правапарадку ў самой краіне.
Аднак у ранні Новы час істотную ролю ў гісторыі Еўропы адыгралі тры рэспублікі, якія сваімі поспехамі даказалі магчымасць альтэрнатывы абсалютнай манархічнай уладзе. Гэта, акрамя Венецыі, пра якую ўжо была гаворка, Аб’яднаныя Правінцыі Нідэрландаў, ці па-простаму Галандыя, а таксама Рэч Паспалітая абодвух народаў.
Нідэрландская рэспубліка
Аб’яднаныя Правінцыі Нідэрландаў узніклі ў 1579 г. падчас паўстання супраць іспанскага панавання. Здабыўшы незалежнасць, яны зусім не планавалі сабе рэспубліканскага ўстрою, аднак не знайшлі годнага манарха, хоць вельмі таго хацелі.
У якасці замены манарху стварылі пасаду намесніка (штатхоўдэра), якую займалі выхадцы з мясцовай дынастыі князёў Аранскіх. З намеснікамі дзялілі ўладу Генеральныя штаты, куды ўваходзілі выбарныя прадстаўнікі ўсіх сямі нідэрландскіх правінцый. Намеснік кіраваў войскам і адміністрацыяй, затое Генеральныя штаты, у якіх дамінавалі г.зв. рэгенты (буйныя гандляры, банкіры, уладальнікі караблёў) трымалі пад кантролем самае галоўнае — фінансы.
Генеральныя штаты Нідэрландаў (1625 г.). Крыніца: wikipedia.org
У 1650 г., калі не аказалася ў наяўнасці паўналетняга князя Аранскага, Генеральныя штаты перанялі паўнату ўлады, зліквідавалі пасаду штатхоўдэра, скарацілі войска і ваенны флот, аддаўшы іх пад кантроль цывільных уладаў. Гарады самыя выбіралі мясцовую ўладу. Так утварылася алігархічна-ліберальная рэспубліка, якой кіравалі выбітныя інтэлектуалы і рабілі гэта надзвычай рацыянальна. Відочным элементам дэмакратыі быў прынцып аднагалосся пры прыняцці рашэнняў Генеральнымі штатамі.
Амстэрдам. 1690 г. Мастак JohannesKip Крыніца: https://inter-antiquariaat.nl
Нідэрландская рэспубліка, нягледзячы на нязначныя тэрытарыяльныя памеры і колькасць насельніцтва, у сярэдзіне XVII ст. заняла дамінуючую пазіцыю ў еўрапейскай свеце-гаспадарцы. Толькі прайграныя войны з непараўнальна магутнейшай Францыяй, ды яшчэ марскія сутычкі з Англіяй прывялі рэспубліку да крызісу.
«Шляхецкая дэмакратыя» ў Рэчы Паспалітай
Не менш цікавым гістарычным эксперыментам аказалася Рэч Паспалітая, якая пэўны час займала пазіцыю рэгіянальнай супердзяржавы ва Усходняй Еўропе. Падставай яе ўстрою быў лад, выпрацаваны ў Польскім каралеўстве на працягу XIV — XV стст. Ён называўся «шляхецкай дэмакратыяй». У кіраванні краінай акрамя караля брала ўдзел шляхта, якая падпарадкавала сабе ўсе іншыя станы, акрамя духоўнага. Тым не менш доступ да яго, прынамсі да вышэйшых царкоўных пасадаў, шляхта зарэзервавала для сябе.
Польскі шляхціч. Крыніца: wikipedia.org
Кароль меў значную ўладу — быў галавой адміністрацыі, вышэйшым суддзёй, галоўнакамандуючым войскам, кіраваў замежнай палітыкай. Разам з ім краінай кіравала Каралеўская Рада (пазней стала Сенатам), складзеная з вышэйшых дзяржаўных ураднікаў і каталіцкіх біскупаў. Характэрнай рысай устрою было функцыянаванне агульнага сойму, правінцыйных соймаў і земскіх соймікаў. Прынцып роўнасці правоў дазваляў кожнаму шляхціцу браць удзел у правінцыйных і земскіх соймах. Рэч Паспалітая стала прыкладам эксклюзіўнай шляхецкай дэмакратыі. Большасць насельніцтва — сяляне, народам не лічыліся і ніякіх палітычных правоў не мелі.
З другой паловы XVI ст. магнаты пад прыкрыццём захавання шляхецкай роўнасці абмежавалі правы караля і давялі справу да дэцэнтралізацыі ўлады. З’явілася ліберум вета (прынцып аднагалоснасці), і ў выніку не меней трэці ўсіх соймаў былі сарваныя ці заканчваліся без прыняцця рашэнняў.
Шляхецкі соймік у касцёле. 1785 г. Мастак Пётр Норбін. Крыніца: wikipedia.org
Шляхецкая дэмакратыя стала феноменам еўрапейскага маштабу. Яна выпрацавала невядомыя на захадзе формы непасрэднай дэмакратыі, менавіта ўдзел кожнага шляхціца ў рэалізацыі ўлады. Працяглы час дзяржава з такім устроем даволі спраўна функцыянавала і здабывала поспехі на міжнароднай арэне.
Рэспублікі ранняга Новага часу: Венецыя, Нідэрланды і Рэч Паспалітая, дапамаглі захаваць кволую традыцыю дэмакратыі і пранесці яе да лепшых часоў, якія запачаткавала Вялікая французская рэвалюцыя.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org