Большую колькасць Нобелеўскіх прэмій атрымалі празаікі, таму, калі вы нацэліліся на атрыманне гэтай узнагароды, лагічна было б кінуць вершаскладанне ці, тым больш, драматургію і заняцца рацыянальнай літаратурнай працай. Дзякуй Богу, не ўсе пайшлі гэтым шляхам, і цяпер мы маем купу цудоўных паэтаў-набеліятаў, у тым ліку перакладзеных на беларускую мову і выдадзеных паасобнай кніжкай, ці нават некалькімі.
Глядзіце таксама: Нобелеўскія лаўрэаты па-беларуску
Таму на пэўны час пакінем прозу жыцця і пройдземся па выдадзенай набеляванай паэзіі.
Да лаўрэата Фрэдэрыка Містраля ў перакладчыкаў рукі яшчэ не дайшлі, а вось кнігу Габрыэлы Містраль мы маем дзякуючы супрацы Рыгора Барадуліна і Карласа Шэрмана — “Ветраліст” (1984 і перавыданне ў серыі “Паэты планеты”, 2016). Кніга Габрыэлы Містраль — добры доказ таго, што не бывае жаночай і мужчынскай паэзіі, бывае проста паэзія, напісаная мужчынам альбо жанчынай.
Пакуты
Ужо дваццаць год, як працяў маё цела
кінжалам жахліва
вялікі верш і сядзіць у ім, востры,
з грабянямі прыліву.
Яго вялікасць цела ад стомы ные,
бо прыняло з пакорай.
Як спяваць вусны гэтыя могуць, што часта
ашуквалі гора?
Аслаблыя словы людскія не грэюць
крананнем патайным
яго языкатага полымя ціхім
яго трапятаннем.
Крыві маёй згусткамі корміцца верш мой,
як сын адзіны,
дзе сын яшчэ ёсць, каб крыві столькі выпіў
з грудзей жанчыны.
Жахлівы дар! Мой апёк незагойны,
Мой лямант няўчуты!
Хай той, хто працяў маё цела кінжалам,
адпусціць пакуты!
Дзякуючы серыі “Паэты планеты” выйшлі не толькі перавыданні ранейшых кніжак (гэта таксама хораша, бо паспрабуй знайдзі тыя старыя), але і творы паэтаў, якіх беларускія выдаўцы абмінулі ўвагай у савецкую пару. Так, толькі цяпер пабачылі свет асобным выданнем Ўільям Батлер Ейтс, Томас Эльёт, Хуан Рамон Хімэнэс.
У працы над кнігай “Выбраныя вершы” Ўільяма Батлера Ейтса (2017) паўдзельнічалі некалькі перакладчыкаў — Ганна Янкута, Антон Францішак Брыль, Лявон Баршчэўскі, але гэтым разам вока вылучыла вершы, пераствораныя Андрэем Хадановічам. Вершы, у якіх адчуваецца якраз тое ірландскае, што пераклікаецца з нашай уласнай ментальнасцю. Своеасаблівы суплёт здумлення ды іроніі пад пазнавальныя рытмы і жартаўлівыя рэфрэны:
І што мне тузін юных шлюх
Без любае старой?
Калі ведаеш, што аўтар — нармальны дзядзя і часам “шалее, як завея”, то і лірычныя яго творы ўспрымаюцца крыху інакш, гучаць больш пранікнёна.
***Азёрны востраў Інішфры
Устану й пайду, і выйду да вострава Інішфры,
Над вадою жытло збудую з галін і гліны –
Дзевяць бабовых градак, пчолы нясуць дары,
Слухаю на прагаліне хор пчаліны.
Ціхім туманам спакой ахіне душу,
Будуць ліловы заход і золкі світанак,
Зорная поўнач і вечар з цвыркунамі ўвушшу,
З трапяткімі крыламі канаплянак.
Устану й пайду, бо чую паўсюль і заўжды,
Днём і ўначы, на дарозе й дублінскім тратуары –
Там, каля берагу, хвалямі ціхай вады
Плешчуць у сэрцы мары.
Да чытання любой паэзіі трэба адпаведны настрой, але калі вы вырашылі ўзяцца за “Выбраную лірыку” Хуана Рамона Хімэнэса (2017), то рабіць гэта варта ў стане заспакаення, а не ўзрушанасці. Кніга тонкая і акварэльная. Калі крыху ўтрыраваць, то аўтар гуляецца нават не на паўтонах, а на чвэртках адцення той ці іншай з’явы.
***
Я — як дзіцёнак няўважны,
Якога за руку водзяць
на кірмашы сусветным.
Разбегліся сумныя вочы
ад бачанага багацця…
І, ах, ні з чым мяне ўпрочкі зводзяць!
(пераклад Лявона Баршчэўскага)
***
Малалецтва! Зялёнае поле, званіца,
пальма, шыбаў альтанкі зіхоткая казка,
сонца — той матылёк, што не даўся злавіцца,
і ў зеніце лунаў, як ружовая ласка.
Сад самотны, дзе ў засені птушка спявала,
брыз ласкавы з матывамі золата й жалю,
ён даходзіў здалёку, як музыка шалу
з той арэны, дзе спрэчку быкі вырашалі.
Безыменнай няўдачы пазнаўшы гаркоту,
Я, малы салавейка, любіў несціхана
адвячорка шаўковую цішу й пяшчоту,
і дыханне маўчання, і голас фантана.
(пераклад Рыгора Барадуліна)
Адна з самых выбітных паэтак усіх часоў Віслава Шымборска не была абдзеленая ўвагай у нашай краіне. Па-беларуску выйшлі наступныя кнігі знакамітай польскай аўтаркі: “Свет, варты вяртання” (1991) з цікавым уступным словам Уладзіміра Калесніка, “Хвіля”(2005), нячастая ў нашых шыротах білінгва “Двухкроп’е” (2010) — усё пераклады Ніны Мацяш, а таксама калектыўны зборнік перакладаў “Канец і пачатак” (2013), які з’яўляецца амаль поўным зборам твораў Віславы Шымборскай, плюс кніжка лаўрэатаў міжнароднага перакладчыцкага конкурса “Na wieży Babel”. Пільнае вока, парадаксальнае мысленне, глыбіня. Выбраць нешта для ілюстрацыі вельмі складана, але няхай гэта будзе наступны твор.
Уражанні ад тэатра
Найважнейшы ў трагедыі для мяне акт шосты:
уваскрэсенне мёртвых з пабоішчаў сцэны,
папраўлянне парыкоў, убораў,
вырыванне нажа з грудзей,
зыманне пятлі з шыі,
выстройванне ў рад поруч з жывымі,
тварам да публікі.
Паклоны паасобныя і агульныя:
белая далонь на ране сэрца,
рэверансы самагубцы,
ківанне адцятай галавы.
Паклоны парныя:
лютасць руку падае лагоднасці,
ахвяра шчасна глядзіць у вочы кату,
бунтаўшчык пакорна ступае вобак тырана.
Папіханне вечнасці залатым наском чаравічка.
Развейванне натацый полем капелюша.
Непапраўная гатоўнасць заўтра ўсё распачаць нанова.
Выхад аднаго за другім памерлых раней,
яшчэ ў акце трэцім, чацвёртым ды й паміж актамі.
Дзівоснае вяртанне без весткі прапаўшых.
Думка, што за кулісамі чакалі цярпліва,
не здымаючы касцюма,
не змываючы грыму,
мяне ўзрушвае болей, чым тырады трагедыі.
Невымоўна ўзнёслае апусканне заслоны
і тое, што можна шчэ ўгледзець у шчыліне ўнізе:
тут вось рука падымае паспешліва кветку,
таму другая хапае выпаўшы меч.
І тады толькі трэцяя ўжо, невідочная,
спаўняе павіннасць сваю:
сціскае мне горла.
(пераклад Ніны Мацяш)
Ёсць паэты якія пішуць вершы, а ёсць тыя, што пішуць вершам. Ствараючы высокамастацкі паэтычны тэкст быццам самахоць, міжвольна. Пры жаданні яны могуць апрануць яго ў форму (як і звычайныя паэты могуць напісаць верш), але часцей тэкст, і паэзія ў ім, з’яўляюцца ў чыстым выглядзе — “паэтычным мысленні” якое яно ёсць. Гэта дазваляе эксперыментаваць, гуляцца, сягаць па-за межы звыклага і адпаведна адкрываць новыя гарызонты. Адным з такіх аўтараў з’яўляецца Томас Стэрнз Эльёт, кніга “Выбранай паэзіі” якога пабачыла свет у 2018 годзе і, за выняткам пары вершаў, перакладзеная Максам Шчурам.
Цётка Гэлен
Міс Гэлен Слінгсбі, мая цётухна-нябожчыца,
жыла ў маленькім доме ля прыўкраснай плошчы
з прыслугай дбайнай з чатырох асоб.
На ейны скон нябёсы прамаўчалі
і вуліца.
Наглуха аканіцы
задраілі, і на парозе ногі выцер
нічым не здзіўлены бывалы далакоп.
Сабак не тычыўся фінансаў недахоп,
а вось чыюк пасля пажыў нядоўга.
Гадзіннік з Дрэздэна ўсё над камінам цікаў,
а лёкай за абедзенным сталом
сядзеў і пакаёўку на каленях ціскаў,
чаго пры цётухне быць проста не магло б.
Крыху не пашанцавала паэту Пабла Нерудзе, бо ў кнізе яго калектыўна перастворанай “Выбранай лірыкі”(1976) вершы адабраныя згодна з ідэйна-эстэтычнымі запатрабаваннямі часу і пэўна не даюць уяўлення пра творчасць аўтара. І толькі па некаторых прадстаўленых творах альбо іх урыўках можна зразумець, што аўтар меў сваё цікавае і ўнікальнае бачанне. Вось колькі фрагментаў з яго “Кнігі пытанняў” перакладзеных Аркадзем Куляшовым:
Ці ёсць што-небудзь маркатнейшае на свеце,
Чым нерухомы поезд пад дажджом?
Чаму начы самбрэра ўсё ж
Ляціць, хоць і дзіравае, як сіта?
Чаму ў эпохах змрочных
Пішуць нябачнымі Чарніламі?
Чатыры — для ўсіх чатыры?
Усе сямёркі аднолькавыя?
Калі вязень сумуе па святлу,
Гэта тое ж святло, што цябе асвятляе?
Што скажуць аб маёй паэзіі тыя,
Хто не крануў маю кроў?
Архідэі альбо жыта, —
Каму аддаюць перавагу?
Чаму столькі роскашы кветцы,
А бруднае золата коласу?
Такі сабе адказ “Апокрыфу” Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч жа ў сваю пару пісаў рэцэнзію на “Гітанджалі” Рабіндраната Тагора, перакладзеную на рускую мову. Прайшло болей за 100 гадоў, пакуль з’явілася магчымасць зрабіць рэцэнзію на беларускі варыянт кнігі ахвярных песень. Пасля часопіснай публікацыі ў “Даляглядах” (1992) “Гітанджалі” даступным шырокаму чытачу выданнем выйшлі ў 2018 годзе ў серыі “Паэты планеты” (пераклаў з англійскай Алесь Разанаў). Першы нееўрапейскі лаўрэат “нобелеўкі” вядзе своеасаблівую споведзь Госпаду і Жыццю. Паэзія Тагора ўзвышаная і псіхааналітычная, да таго ж еўрапейцам прыйшоўся даспадобы модны на тую пару ўсходні каларыт.
36
З малітвай сваёй звяртаюся да Цябе: выдзеры з
сэрца майго карані галечы.
Дай змогу, не хілячыся, ператрываць і радасць,
і скруху.
Дай змогу, каб у сваім служэнні сталася плоднай
мая любоў.
Дай змогу ніколі не адварочвацца ад бедака
і не згінаць каленяў перад пыхлівай уладай.
Дай змогу, каб дух мой узвысіўся над мітуснёю
гэтага дня і таго, што прыйдзе.
І дай мне, нарэшце, змогу, каб змог падначаліць
з любоўю я сваю змогу адзінай волі — Тваёй.
Часам беларускія паэтычныя суполкі абвінавачваюцца ў залішней замкнёнасці і ў гэтым ёсць свая праўда. Але тое ж можна аднесці і да ўсёй нашай літаратуры разам. Змяніўшыся крыху за апошнія пару дзесяцігоддзяў – з большага беларуская паэзія застаецца ў пазаеўрапейскім эстэтычным полі. І ў гэтым лёгка упэўніцца разгарнуўшы кнігу Тумаса Транстромера “Пад вольным небам” – грунтоўнай калектыўнай перакладчыцкай працай выдадзенай Зміцерам Коласам. Зразумела, што нам не трэба пісаць гэтак жа, але павучыцца, ці, прынамсі, пазнаёміцца – абавязкова.
Шубертыяна
І
Наўпоблізь Нью-Ёрка ёсць месца, з якога ў прыцемках
можна разгледзіць вокны адразу васьмі мільёнаў людзей.
Горад-гігант выглядае здалёку доўгім зіхоткім сумётам,
спіралепадобнай галактыкай.
І пасярэдзіне гэтай галактыкі кубачкі з кавай гарцуюць
на барных стойках, вітрыны выпрошваюць міласціну
ў мінакоў і натоўп чаравікаў праходзіць бясследна.
Лазяць па сценах пажарныя лесвіцы, лязгаюць пашчы
ліфтаў, а дзверы замкнёных кватэраў хаваюць прыбой
галасоў.
Сонныя постаці, скурчаныя ў вагонах, дрэмлюць
на трасах хуткасных катакомбаў.
А яшчэ, без усякай статыстыкі, ведаю: недзе там, у адным
пакоі, менавіта цяпер граюць Шуберта, і для кагосьці
гэтыя гукі сапраўднейшыя за жыццё
(пераклаў Андрэй Хадановіч)
(працяг будзе)
Міхал Бараноўскі