Наракаеш на колькасць правапісаў у беларускай? Пачытай пра нарвежскую!

Гісторык і выкладчык Сяргей Емяльянаў у сваім фэйсбуку распавядае пра  граматычныя нормы нарвежскай мовы і параўновае іх з беларускімі. Выяўляецца, беларускія тарашкевіца, наркамаўка і некалькі варыянтаў лацінкі выгглядаюць вельмі аднастайна.

054a8f940b96f9e5150d5b73301bcd4c.jpg


Пэрыядычна сустракаю ў нас такую пазыцыю: адной з праблемаў пашырэньня беларускай мовы зьяўляецца адсутнасьць адзінай граматычнай нормы. Бо нават у двух асноўных стандартах ёсьць розныя падплыні. А яшчэ ёсьць лацінка, якая, на дзень сёньняшні, таксама ў двух стандартах (не разглядаем "польскую" лацінку ХІХ ст. тады стандартаў будзе шчэ болей).

Вось літаральна сёньня ўбачыў такую думку ад пана Аляксандра Пашкевіча.

Дык вось, шаноўныя, мы не адныя з тою бядою. Ёсьць яшчэ Нарвэгія. Кароткая гісторыя не-Беларусі, але штосьці ёсьць:

- скандынаўскія мовы досыць падобныя адна да аной;

- ад 1397 г. (для параўнаньня - Крэўская ўнія 1385 г.) Нарвэгія існавала ў межах уніі з Даніяй і Швэцыяй (Кальмарская ўнія), ад 1536 г. (для параўнаньня - Люблінская ўнія 1569 г.) - у межах Дацка-Нарвэскай ўніі, дзе было адназначнае дамінаваньне Даніі. У выніку падзеяў Напаліёнаўскіх войнаў, ад 1814 г. (для параўнаньня - падзелы РП 1772, 1773 і 1795 г.), Нарвэгія была ў вуніі з Швэцыяй. Канчатковую незалежнасьць здабыла толькі ў 1905 г. (для параўнаньня - незалежнасьць БНР 1918 г.)

- увесь гэты час нарвэскія дыялекты лічыліся "простай мовай". Адукаваныя нарвэсцы пісалі і размаўлялі па-дацку.

- у ХІХ - пачатку ХХ стст. пачынаецца станаўленьне нованарвэскай літаратурнай мовы. Акурат, на падставе "высокай" дацкай, з асобнымі нарвэскімі элемэнтамі. У гэтай моўнай традыцыі два асноўныя этапы са сваімі асаблівасьцямі - больш раньні рыксмол і пазьнейшы букмол. Пасьля яшчэ пару-тройку падплыняў у гэнай плыні ўзьнікла.

- у сярэдзіне ХІХ ст., дзякуючы працы шалёных патрыётаў, была распачатая новая моўная традыцыя (тады яна звалася ландсмол). Ідэя была такая - ў афіцыйнай нарвэскай (тады гэта быў рыксмол) зашмат уплываў дацкай, трэба вывучыць "нізавыя" нарвэскія дыялекты ды на іх падставе стварыць "чыстую" мову. Так паўстала традыцыя нюноршку, у вузкім сэнсе - нованарвэскай мовы. Як і рыксмол/букмол, нюноршк (або "нюнорск" у некаторых дыялектных вымаўленьнях) шматразова за ХХ ст. рэфармаваўся. Гэтыя рэформы былі скіраваныя вось на што б вы думалі - на стварэньне аднаго афіцыйнага стандарту. Але дзе там! Розныя пурысты ў адказ на гэта стварылі ў межах традыцыі нюноршку так званы хёгноршк (хёгнорск) - такі варыянт нарвэскай, які цалкам пазбаўлены словаў і розных там граматычных штукаў, падобных да дацкіх.

Вынікі:

- недзе сто з гакам гадоў спробаў стварыць адзіную стандартызаваную нарвэскую скончыліся фіяска;

- у Нарвэгіі сёньня прынятыя два афіцыйныя стандарны, кожны зь якіх (во прыкол для айчынных барацьбітоў за стандартызацыю!) ня мае як такога пісмовага стандарту. То бок, "моўны стандарт" а-ля Норгэ - гэта ня жорстка замацаваныя (тым болей - не прынятыя законам, як у адной краіне) правілы граматыкі, і не кандовыя слоўнікі, а, хутчэй, плыні, традыцыі, з рознымі адгалінаваньнямі. Кожны мае права вольна абіраць, і як пісаць, і як вымаўляць.

- у школах выкладаецца адзін са стандартаў, у залежнасьці ад волі мясцовай грамады. У старэйшых клясах дадаецца другі паралельна.

- вішанка на торціку: Нарвэгія - адна з багацейшых і найбольш разьвітых краінаў у сучасным сьвеце. Так, у іх ёсьць нафта. Але ў нас яна таксама ёсьць (закрэсьлена) была, калі мы гадамі выкарыстоўвалі адну суседнюю краіну ў выглядзе гіганцкай нафтавай вышкі. За тыя ж трыццаць гадоў таннай нафты Беларусь і Нарвэгія прайшлі ну вось прынцыпова рознымі шляхамі. Таму ня ў нафце справа.

- пра тое, што яны там граюць круцейшую ў сьвеце музыку я памаўчу - вы й самі гэта ведаеце.

Сяргей Емяльянаў, facebook.com