Аб праблемах беларускай сістэмы адукацыі напісана багата, а гісторый пра школьны гвалт над дзецьмі становіцца ўсё больш і больш. Некаторыя пры гэтым спрабуюць заяўляць, што «ў савецкія часы было лепш». Але ж цяпер ХХІ стагоддзе, новыя генерацыі і падыходы. Дык што новае, альтэрнатыўнае прапаноўвае сусветная практыка?
Дыджыталізацыя, індывідуальны падыход і ўзаемапавага замест паперак, калектывізацыі і аўтарытарызму — у прынцыпе, менавіта так можна каротка апісаць інавацыйныя падыходы да адукацыі новага пакалення. Вядома, гэта яшчэ не стала паўсядзённай практыкай, такія пераходы адбываюцца паступова, але пэўныя тэндэнцыі варта вывучыць. Менавіта яны стануць асновай для новых стандартаў адукацыі ў будучыні і менавіта на іх варта раўняцца і пераймаць вопыт. І не адной Фінляндыяй мы тут сытыя.
Таму прапануем разгледзець тры самыя яскравыя прыклады адукацыі новай генерацыі, дзе ёсць месца індывідуалізму і забаронены ўваход любому гвалту і дыскрымінацыі.
Steve Jobs school (Каралеўства Нідэрланды)
Гэта цэлая сетка школ у Нідэрландах, якая за аснову навучання ўзяла два галоўныя прынцыпы: індывідуальнасць і актыўнае выкарыстанне тэхнічных сродкаў у жыцці.
Гэтая школа лічыць, што самае галоўная задача — выхаваць арыгінальных, творчых і гнуткіх да пераменаў дзяцей, якія пры гэтым будуць шчаслівыя! Але нетыповасць на гэтым не заканчваецца. Першае, што можна заўважыць, уваходзячы ў гэтыя школы, — маніфест пад назвай «10 абяцанняў дзіцяці»:
1. Мы абяцаем уважліва выслухаць цябе, калі ты скажаш, што хочаш вывучаць. І ўважліва прасочым, каб працэс навучання падыходзіў менавіта табе.
2. Мы дапаможам табе правільна задаваць пытанні, каб ты сам зразумеў, што табе хочацца вывучаць.
3. Мы дапаможам табе стаць яшчэ лепшым у тым, у чым ты ўжо здольны.
4. Мы заўсёды будзем ставіць перад табой новыя задачы, каб ты мог паспрабаваць складаныя рэчы і вучыцца новаму.
5. Мы абяцаем, што ты заўсёды зможаш абіраць, што і калі табе рабіць. Мы дапаможам табе з гэтым выбарам, калі спатрэбіцца.
6. Мы дапаможам табе ставіцца да іншых без здзекаў і не падвяргацца ім самому.
7. Мы навучым цябе супрацоўнічаць з іншымі.
8. Мы абяцаем табе заўсёды выкарыстоўваць навейшыя метады, каб падрыхтаваць цябе да будучага свету.
9. Мы абяцаем навучыць цябе выкарыстоўваць сваё ўяўленне, каб ствараць новае.
10. Мы абяцаем табе, што ты будзеш добра падрыхтаваны для далейшага навучання на ўсё астатняе жыццё.
Замест настаўнікаў тут трэнеры, што складаюць персанальныя планы на 6 тыдняў, а класаў дык увогуле няма — часовыя групы, розніца ва ўзросце можа дасягаць да 4 гадоў.
Зусім іншы падыход, чым у Беларусі, праўда?
Гімназія Ørestad, Данія
Гімназія без класаў, сценаў і паперы. Перш за ўсё гэтая школа можа пахваліцца сваёй архітэктурай, бо знутры больш падобная на модны каворкінг, чым нейкую тыповую ўстанову адукацыі. Прычым кабінет у гімназіі толькі адзін — у спецыяліста па рамонце ровараў.
Навучанне больш індывідуальнае, заданні робяцца ў рэжыме анлайн, дзе настаўнік заўсёды можа паглядзець, як ідзе праца. Адзіны пабочны эфект, што заўважыла адміністрацыя, — вялікая папулярнасць Фэйсбука. Спачатку спрабавалі забараніць, але калі вучні пачалі абыходзіць блакіроўку, то вырашылі, што мабільнікі, планшэты і ноўтбукі застаюцца як працоўныя інструменты. Таму ў сацсетках усё роўна сядзяць, але сюды паступаюць толькі ў старэйшыя класы, а сістэма навучання вельмі блізкая да ўніверсітэта, таму ўсё ўпіраецца ў асабістую адказнасць. Можна сядзець дзе заўгодна, але дэдлайнаў трэба прытрымлівацца. Менавіта на адказнасці, індывідуальнасці і самаразвіцці базуецца мясцовая сістэма, што, дарэчы, сапраўды вельмі важна для сучаснага свету.
Big picture learning, ЗША/Нідэрланды/Канада/Італія/Аўсталія
Гэта цэлая сетка з 65 школ, якая грунтуе навучанне перш за ўсё на практычных ведах. Замест класаў — групы з 15 чалавек, якія, хутчэй, каманда аднадумцаў, што тут называюцца «саветы». Да кожнай такой супольнасці прыстаўлены ментар, які блізка з імі знаёміцца, вызначае цікаўнасці кожнага і складае індывідуальны план заняткаў. Пару разоў на тыдзень вучні праходзяць прафарыентацыю, знаёмяцца з ментарамі цікавых ім дысцыплін, а потым, вызначыўшыся, пачынаюць працу над практычнымі праектамі, якія і складаюць аснову навучання ў гэтай школе.
Таксама вучні пастаянна праходзяць розныя цікавыя стажыроўкі, а бацькі поўнасцю далучаныя да працэсу навучання і абмеркаванняў. Другая фішка гэтай установы — вучнецэнтрычнасць. Любая дыскрымінацыя жорстка забароненая, мэтры ставяцца да навучэнцаў з поўнай павагай, прыслухоўваюцца да іх і ўсяляк падтрымліваюць. Але нягледзячы на гэта ўсё, стаіць задача, каб па сканчэнні школы кожны вучань быў поўнасцю адукацыйна самастойны і вельмі дакладна ведаў, чаго ён хоча ў далейшым. Дарэчы, гэтая сістэма мае вельмі высокія паказчыкі паступлення ў каледжы (не блытаць з беларускімі).
З кожным годам такіх школ і сістэм становіцца ўсё болей і болей. Напрацоўваюцца вопыт і падыходы, ствараюцца новыя ўстановы. І насамрэч, хочацца нам таго ці не, свет змяніўся, як і людзі. І хочацца нам таго ці не, але тое, што цяпер называецца класічнай адукацыяй, хутка стане гісторыяй, якую будуць вывучаць на планшэтах дзеці, што абяруць гісторыю. А самае галоўнае — менш гвалту, больш узаемадапамогі і павагі. І як мінімум гэта павінна наш сусвет зрабіць хоць крышачку дабрэйшым і лепшым. Таму наперад, у будучыню!
Лаймуціс Сакалоў
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!