Як пачаць супольную працу з людзьмі, якія з табой нават не вітаюцца? Як вярнуць аднавяскоўцам веру ў тое, што супольнасць здольная рабіць вялікія справы? Урэшце, чым адрозніваецца погляд на свет мухі і пчалы?
Любоў Ермакова мае 33 гады, працуе ў сферы турызму. Восем гадоў таму яна пераехала з сям’ёй у Новае Поле, вёсачку за 25 км ад Мінска, каб даць яму новае жыццё. Яе гісторыя – добры прыклад таго, як чалавек дбае і пра свой камфорт, і пра населены пункт, у якім жыве. Зрэшты, а ці можа чалавек адчуваць сябе камфортна, калі не цікавіцца тым, што адбываецца “за плотам”?
Але пра ўсё па парадку.
– Чаму вы абралі Новае Поле? Ці жывяце там самі ўвесь час?
– Да 18 гадоў я жыла на вёсцы з сям’ёй, потым вучылася ў Мінску – нібы “гарадской” стала. Калі ўжо з’явілася свая сям’я, муж, дзеці, то зразумела, што жыццё на вёсцы – самае поўнае, смачнае, утульнае. З’явілася мара збудаваць свой дом, мець сваю тэрыторыю, бачыць прыроду, слухаць цішыню.
Доўга шукалі месца. Спачатку хацелася недзе ў Заходняй Беларусі (бо маю польскія карані), каб і лакацыя была прыгожая, і нейкі старадаўні будынак побач – элемент гісторыі. Ну і каб ў Мінск на працу нядоўга было ехаць. Так восем гадоў таму мы набылі кавалак зямлі ў Новым Полі. Тут сышлося мноства фактараў: прырода, пагоркі, сосны, крыніцы, сядзіба Друцкіх-Любецкіх, 25 км да Мінска.
– Што падштурхнула вас развіваць менавіта гэтае месца, укладаць у працу свой час і рэсурсы?
– Энергетычна я заўсёды адчуваю, дзе мне добра. Новае Поле – гэта любоў з першага погляду. Лічу сябе чалавекам актыўным і адказным, але, шчыра кажучы, рабіць усё тое самае, напрыклад, у Каменнай Горцы ў Мінску я б не змагла… Каменная Горка мяне не натхняе, там я сябе адчуваю дрэнна энергетычна і фізічна, няма настрою рабіць нешта на карысць іншых.
А з Новым Полем усё інакш: і адчуванні іншыя, і бачанне перспектывы. Мяне ж турбуе, у якім асяроддзі будуць расці мае дзеці, ды і наогул дзе я планую правесці сваё жыццё.
– Вы згадвалі сядзібу Друцкіх-Любецкіх…
– Так, гэта тое, што мне баліць. Сам сядзібны комплекс не ў найлепшым стане, добра, што наогул захаваўся: да 1939-га там была памежная застава, пасля каледж, які займае будынак і дагэтуль. Але ў будынку вам нічога не раскажуць пра яго колішніх уласнікаў (выдатных людзей), няма там ні музейнага пакойчыка, ні нават інфармацыйнага стэнда!
Будынак фарбуюць у розныя колеры насуперак закону пра ахову помнікаў гісторыі. Жыхары проста не бачаць у сядзібе каштоўнасці – гэта праблема. І я не разумею, як тут маўчаць і не біць у званы.
– А скуль у вас такая цікавасць да гісторыі?
– Магчыма, адбітак наклала асяроддзе, у якім расла, – вёска Грабенка Чэрвенскага раёна. У нас там ніякіх гістарычных будынкаў не было, затое была легенда пра стол Якуба Коласа. Паводле сведчанняў мясцовых, Колас наведваў школу і прымаў экзамены. Жыў ён у хаце ў тутэйшых людзей, а пасля працы вечарамі любіў біць арэхі на стале. Так на крышцы стала ўтварылася ямінка, на якую пасля хадзілі глядзець усёй вёскай: “Сам Колас тут біў арэхі!..”
У дзяцінстве нас школай вазілі ў Навагрудак, Гродна, Мір, Нясвіж, Вязынку, Ляўкі і г.д. – я была ў захапленні! Разам з настаўнікам беларускай мовы Міколам Барбуком мы не толькі вандравалі, але і збіралі старадаўнія рэчы па хатах. У выніку зладзілі сапраўдны музей у кабінеце мовы і літаратуры: госці школы, нават Ніл Гілевіч, былі ў захапленні.
Таму сітуацыя са спадчынай у Новым Полі для мяне балючая і незразумелая: мець такую прыгажосць і закрываць вочы, не памятаць гісторыі…
– Але ж вы не апускаеце рук, правільна?
– Разумееце, я не ведала наогул, як і чым жыве Новае Поле. У вёсцы свайго дзяцінства, напрыклад, як ідзеш па вуліцы, то заўжды вітаешся, пагутарыш, абмяркуеш нешта. А тут табе нават няёмка казаць “прывітанне”, бо чалавек, які цябе не ведае, нават у твой бок не глядзіць.
Разам з тым я бачыла досвед іншых мясцовасцяў, дзе жыхары нешта робяць для развіцця сваіх вёсак, ладзяць сустрэчы, талаку, святы з конкурсамі, будуюць дзіцячыя пляцоўкі. Мне хацелася даведацца пра школу, садок, наогул пазнаёміцца і вырашыць свае пытанні.
– І вы пачалі дзейнічаць?
– Я ініцыявала першую сустрэчу па развіцці вёскі. Гэта было незабыўна: прыйшло мноства народу, карэнныя жыхары знаёміліся з новымі. Аказалася, што ў Новым Полі мноства цікавых душэўных людзей, ёсць мастак, гісторык, філолаг, кулінар, прадстаўнікі бізнесу. Мы агучылі нашы праблемы, абмеркавалі, як іх вырашаць супольнымі высілкамі.
Наступным крокам была талака: чысцілі стары парк, садзілі там кветкі. Адначасова зноў гутарылі, планавалі, так нарадзілася ідэя зладзіць свята вёскі. Атрымалася ўрэшце не проста свята, а фэст “Слімакі і гарбузы Новага Поля”.
– Бачыў, у вас і сімволіка Новага Поля ўжо ёсць…
– Так, лагатып вёскі мы распрацавалі разам з дзецьмі і дарослымі з мясцовай школы. Маем ужо сцяг, які ўздымаем на свята вёскі, свае фірмовыя цішоткі, торбы, кубкі. Думалі таксама пра лакальны брэнд. Спыніліся на тэме слімака (іх сапраўды тут мноства!), якую падаём у кулінарным святле: напрыклад, печыва ў форме слімакоў.
У планах – паставіць інфастэнд па гісторыі Новага Поля, акурат каля прысядзібнага парку. А ў парку, які прыбіралі самі жыхары, зрабіць сцэну, каб было дзе выступаць, святкаваць, супольна адпачываць. Нават сродкі ўжо знайшлі! Дарэчы, мы ўжо і кааператыў па добраўпарадкаванні вёскі арганізавалі – “Навапольства”.
– Ці арыентаваліся вы на прыклады падобнай лакальнай працы ў Беларусі ці за яе межамі?
– Так, паспяховыя і натхняльныя прыклады ёсць па ўсёй Беларусі. Напрыклад, у суседняй вёсцы Аксакаўшчына людзі разам зрабілі дзіцячую пляцоўку. А гэтым летам мы спецыяльна нанялі аўтобус, каб з “навапольцамі” завітаць у вёску Камарова на Мядзельшчыне. У іх супольнасці ёсць свой асобны будынак з кухняй, канферэнц-залай, бібліятэкай і г.д. Ёсць нават кавярня з прыгожай тэрасай: сядзеў бы сабе і смакаваў каву… Шчыра – мы былі ўражаныя.
– Як рэагуюць на вашу актыўнасць мясцовыя жыхары? Ці далучаюцца?
– Галоўная каштоўнасць Новага Поля – не будынкі, а людзі. Яны неверагодныя, добрыя, цікавыя, гэта не людзі, а планеты! Не магу сказаць, што наогул няма праблем: усё ж мы розныя. Але калі пагаворыш з чалавекам раз, другі, зразумееш яго пазіцыю, пажаданні – то усё магчыма. І калі адны дзверы зачыненыя, будуць адчыненыя суседнія.
– А як рэагуюць мясцовыя чыноўнікі?
– Па-рознаму. Мясцовая ўлада адразу зразумела: мы хочам развівацца. Раённая ўлада прыглядаецца, маўляў, Новае Поле было спакойным, а тут пачалі святы ладзіць, сцэну хочуць… Іх пакуль палохае актыўнасць. Маўляў, нармальны беларус – той, які нічога не робіць, сядзіць сабе ціха… Прынцыпы талакі, калі людзі збіраюцца і разам працуюць, на жаль, забываюцца.
– Як лічыце, ці маюць вашы ініцыятывы поспех?
– З аднаго боку, на такія актыўнасці трэба мноства часу. З іншага – калі б КОЖНЫ рэгулярна аддаваў хаця б 1 гадзіну свайго часу сумеснай працы, мы б ужо жылі лепш за Швецыю і Нямеччыну, я ўпэўненая! Нашы людзі працавітыя і таленавітыя, адно што трэба працаваць не толькі ў сябе на падворку, але і за плотам. Калі кожны будзе адчуваць адказнасць за сумеснае жыццё, усё ў нас наладзіцца.
– Якія планы (магчыма – мары) на будучыню?
– Як жа мы часам смяёмся на сустрэчах з аднавяскоўцамі і чыноўнікамі, маўляў, мы – летуценнікі! Хочам і кавярню, і пякарню з цёплым свежым хлебам, і веладарожкі, і ходнікі хаця б на цэнтральнай вуліцы, і сцэну, каб глядзець кіно, а з раніцы займацца ёгай, а ўжо пасля ісці па сваіх агародах, і каб гісторыя не забывалася…
Абмяркоўваем ідэю бізнес-кластара, каб развівацца і падтрымліваць адно аднаго. Напрыклад, прыязджае ў вёску турыст. Нехта яго частуе, нехта – поіць кавай, нехта – размяшчае на начлег, нехта – фатаграфуе ці прапануе сувеніры, нехта – ладзіць экскурсію, нехта – рамантуе транспарт. Усім добра, усе пры справе. Каб людзі працавалі для сябе, на сябе, з усмешкай, каб усім было добра і ўтульна.
– Што вы маглі б параіць іншым актыўным людзям, якія хацелі б укласціся ў развіццё сваёй вёскі ці мястэчка, але не ведаюць, з чаго пачаць?
– Будзьце не мухай, якая бачыць адно смецце, а пчалой, якая бачыць мёд. Гэта дапамагае не адчайвацца.
Не забывайцеся, што вы не самотныя, а усе разам, не цягніце самастойна, а рабіце талакой. Талака заўсёды знойдзе рашэнні, грошы, магчымасці.
Пачынайце размаўляць з людзьмі: два чалавекі – ужо талака. Проста пачынайце рабіць добрую справу, а магчымасці самі вас знойдуць!
Алесь Кіркевіч