Узбуджаны натоўп з малітвамі і песнямі рухаецца да вясковага дома. Некалькі чалавек з цяжкасцю цягнуць вялізны драўляны крыж. Віднеюцца цвікі і малаток, хтосьці трымае самаробны вянок з калючага дроту. У хаце, да якой набліжаюцца людзі, хаваецца спалоханы «прарок» — натоўп ідзе, каб яго распяць.
Прарок Ілля з паслядоўнікамі. 1937 год. Крыніца: сходы Тадэвуша Слабадзянека
Прыкладна так маглі выглядаць падзеі, якія адбываліся 90 гадоў таму на Падляшшы — у селішчы Вершалін, якое заснаваў беларус Эліяш (Ілля) Клімовіч, лідар, бадай, самай буйной рэлігійнай секты міжваеннай Польшчы, піша MOST. Ён, непісьменны селянін, стаў «прарокам», згуртаваў вакол сябе сотні праваслаўных вернікаў, пабудаваў у падляскіх лясах царкву і цэлы «горад», які павінен быў стаць Новым Іерусалімам і сховішчам у канцы часоў.
Эліяш Клімовіч з’явіўся на свет у 1864 годзе ў праваслаўна-каталіцкай сям’і. Рос у вёсцы Грыбаўшчызна (зараз Stara Grzybowszczyzna), закінутай сярод глухіх падляскіх лясоў. Там жа, калі прыйшоў час, ажаніўся, праз нейкі час у яго нарадзілася дачка. Да 40 гадоў Эліяш працаваў на зямлі, вёў гаспадарку, наведваў праваслаўную царкву.
Жыццё падляскага беларуса змяніў сон — яму з’явіўся сівы старац і сказаў: «Ты! Пачні будаваць царкву на гэтым месцы, і праз сто гадоў тут будзе манастыр». Клімовіч вырашыў адправіцца ў Санкт-Пецярбург па тлумачэнні і благаслаўленне да Іаана Кранштацкага — у той час самага шанаванага праваслаўнага святара Расійскай імперыі.
У сталіцы беларус атрымаў блаславенне на будаўніцтва царквы ў роднай вёсцы і дазвол на збор грошай на гэтую мэту. Два гады Эліяш ездзіў па Расіі, а вярнуўшыся дадому, неадкладна прыступіў да справы.
Першы камень будучага храма быў закладзены ў 1904 годзе, аднак будаўніцтва ішло марудна, а праз 10 гадоў яго і зусім перапыніла Першая сусветная вайна: Клімовіч з сям’ёй вымушаны быў з’ехаць углыб Расіі.
Толькі ў 1919 годзе беларус вярнуўся ў родную вёску, якая, як і ўсё Падляшша, стала часткай незалежнай Польшчы. Новыя ўлады не хацелі даваць дазвол на працяг будаўніцтва, аднак Эліяша гэта не спыніла: ён прадаў маёмасць, каб працягнуць справу свайго жыцця. З-за гэтага ад будучага прарока сышла жонка з дзіцем, затое прыйшлі першыя паслядоўнікі, якія ахвяравалі грошы на будаўніцтва храма і збіралі міластыню ў навакольных вёсках.
Царква, пабудаваная Эліяшам Клімавічам. Крыніца Wojciech Załęski, «Eliasz. Fenomen pogranicza świadomości», Supraśl 2016
У 1924 годзе Польская праваслаўная царква аддзялілася ад Маскоўскага патрыярхата. Праз два гады польскія ўлады далі Эліяшу доўгачаканы дазвол на будаўніцтва, а яшчэ праз тры гады храм быў гатовы.
Па Падляшшы пачалі распаўсюджвацца чуткі пра царкву ў лесе, якая «сама вырасла з зямлі», і пра старца, які «прапаведуе і вылечвае». У Грыбаўшчызну сталі сцякацца пілігрымы з усёй «Усходняй Польшчы», у тым ліку з Віленшчыны, з Заходняй Беларусі і нават украінскай Валыні.
Вельмі хутка вернікі пачалі асацыяваць Эліяша — невысокага мужчыну з вялікай недагледжанай сівой барадой — з прарокам Іллём, адным з двух біблейскіх персанажаў, якога бог «узяў на неба жывым». Казалі, што ён вярнуўся на зямлю, каб падрыхтаваць людзей да другога прышэсьця Хрыста.
Паломнікі прыходзілі да Эліяша па ацаленне і адпушчэнне грахоў. Прыносілі яму дары: абразы, ручнікі, ежу, авечак, курэй, снапы пшаніцы. І грошы. Беларус нечакана для сябе стаў багатым, але працягваў ездзіць на драўляным возе і насіць сялянскую кашулю, а ахвяраванні траціў на абсталяванне свайго храма і дабрачыннасць.
Колькасць паслядоўнікаў прарока Іллі расла, былі сярод іх і даволі радыкальныя. Напрыклад, у вёсках Цалушкі (Ciełuszki) і Пухлы (Puchły) сектанты захоплівалі цэрквы, каб праводзіць там набажэнствы на свой лад, а таксама пабудавалі ўласную драўляную капліцу.
Радыкальнае крыло секты было настолькі некіравальным, што ў справаздачах падляскіх чыноўнікаў, якія сачылі за іх дзейнасцю, упершыню з’явілася выраз «рэлігійны псіхоз». Вось што гаворыцца ў адным з дакументаў, як мяркуецца, складзеным у 1931 годзе:
«Данелюк Вольга, 23 гады... выбіла ў школе ў Цалушках у дзевяці вокнах 22 шыбы, а ў школьным садзе вырвала пяць фруктовых дрэўцаў, а таксама перавярнула два праваслаўныя крыжы. У Данялюк Вольгі прысутнічаюць сімптомы псіхічнай хваробы, якая з’явілася, відавочна, на фоне рэлігійнага псіхозу».
Яшчэ праз год пра Вольгу пішуць, што яна «скінула з сябе вопратку і голая, без сукенкі і кашулі, бегала па вуліцы, заклікаючы: «Пакайцеся», а потым павыбівала вокны ў сябе дома і дамах іншых сектантаў... праз некалькі дзён, «крычучы канец усяму старому», пачала ламаць крыжы і аграды».
Прарок Ілля і вернікі. Крыніца: Wojciech Załęski. Eliasz. Fenomen pogranicza świadom, 2015
Вернікі злавілі дзяўчыну і прыкавалі ланцугамі да сцяны. Аўтар паведамлення сцвярджае, што так яна прастаяла год, сектанты ж лічылі яе святой і прыходзілі да яе падчас рэлігійных святаў, з песнямі і малітвамі. Яна ж кідалася на ланцугах і праклінала сектантаў грубымі словамі.
За дзейнасцю прарока Іллі і яго паслядоўнікаў сачылі не толькі ўлады, але і Польская праваслаўная царква. Мясцовыя святары ў сваіх пропаведзях вінавацілі Эліяша ў ерасі.
Аднойчы такое павучанне скончылася бойкай. У 1933 годзе ў царкве вёскі Трасцянка (Trześcianka) святар у чарговы раз пачаў крытыкаваць прарока. На гэты раз яго прыхільнікі не стрывалі і сталі крычаць. Завязалася бойка з іншымі прыхаджанамі, у выніку сектантаў выштурхалі з храма.
Пасля гэтага Польская праваслаўная царква вырашыла змяніць тактыку. Клімовічу прапанавалі здзелку: пабудаваны ім храм становіцца ўласнасцю епархіі, ён жа наўзамен атрымлівае афіцыйны духоўны сан і права служыць у гэтай царкве.
Клімовіч пагадзіўся і прыняў манаскае імя Ян. Урачыстая цырымонія пастрыжэння ў манахі адбылася ў ліпені 1934 года. На яе прыйшлі і паслядоўнікі прарока. У нейкі момант натоўп заспяваў песню «Свяціся, свяціся Новы Іерусалім», якую трэба выконваць толькі падчас велікоднай літургіі ў гонар уваскрэсення Ісуса Хрыста.
Гэта ашаламіла гарадзенскага біскупа Антонія. Ён перапыніў цырымонію, прызначыў свайго святара ў Грыбоўшчызну, а Іллю прыгразіў адправіць у манастыр. Беларус даў адпор — прагнаў дасланых служыцеляў палкай, пасля чаго падаў у суд на епархію, каб вярнуць сабе свой храм.
Пасля абвастрэння канфлікту частка сектантаў стала яшчэ больш радыкальнай. З’явіліся так званыя «аўторкі», якія перанеслі святы дзень з нядзелі на аўторак — дзень, калі яны прагналі з храма дасланага з дыяцэзіі святара — сатану, на іх думку.
Некаторыя сектанты сталі зваць сябе архангеламі і апосталамі, «бачыць адкрыцці» і нават «размаўляць з богам». Самыя радыкальныя фанатыкі сталі лічыць Эліяша ўвасабленнем Ісуса Хрыста, прыпісвалі яму розныя цуды і ацаленні.
Таксама вернікі адпраўляліся прапаведаваць, у тым ліку ў Заходнюю Беларусь. Напрыклад, у адной са справаздач за лістапад 1934 года гаворыцца, што 40 місіянераў прарока Іллі збіралі міластыню і вербавалі ў секту ў вёсках Ваўкавыскага павета. Іх затрымала паліцыя.
Павел Бялецкі, найбольш набліжаны да прарока Іллі апостал. Крыніца: сходы Тадэвуша Слабадзянека
Клімовіч спачатку адхрышчваўся ад радыкалізму сваіх фанатаў, але неўзабаве і сам стаў лічыць сябе нечым накшталт увасаблення Ісуса. З часам у яго з’яўляецца ідэя пабудаваць «Новы Іерусалім» — горад, у якім вернікі змогуць выратавацца ад канца свету. Гэтае месца павінна было стаць сталіцай свету.
Гораду вырашана было даць імя Вершалін. Ёсць дзве версіі паходжання назвы. Першая — ад рускага слова «здзейсніцца», другая — ад рускага слова «верхні».
Місіянеры Эліяша пачынаюць расказваць пра гэтую ідэю жыхарам Падляшша і Заходняй Беларусі — раздаюць надрукаваныя ў Беластоку ўлёткі: «Прарок Ілля будуе ў Польшчы горад Вяршалін». Таксама распаўсюджваліся іконы, на якіх у ролі Пана Бога быў Ян Кранштацкі, а ў ролі Езуса — Эліяш Клімовіч.
Неўзабаве беларус прыступіў да справы: выкупіў 40 гектараў зямлі за паўтара кіламетра ад Грыбаўшчызны і заснаваў паселішча (асаду). Спачатку было пабудавана тры жылыя дамы з падвойнымі вокнамі — вялікая раскоша ў тыя часы — і будынак для паломнікаў.
Эліяш планаваў узвесці таксама новую царкву, чатыры манастыры, бальніцу, школу і кветкавую краму. Жадаў нават запусціць уласную ветраную электрастанцыю, але яна так і не запрацавала, таму асвятлялі хаты газавымі лямпамі. Вось як апісваў будучыню «Новага Іерусаліма» адзін з яго будаўнікоў: «Пасля канца свету замест сталіцы Варшавы будзе сталіца Вершалін, таму што Варшава будзе ў руінах».
Вершалін у канцы 1938 года. Крыніца: сходы Тадэвуша Слабадзянека
У селішча сталі сцякацца вернікі, якія прадавалі маёмасць і разрывалі сувязі з сем’ямі. У Вершаліне стала жыло некалькі дзясяткаў чалавек. Сектанты прапаведавалі, перапісвалі сны прарока, друкавалі ўлёткі, у якіх называлі Эліяша Хрыстом, а жанчын паселішча — Паннамі Марыямі.
У 1937 годзе пабываць там удалося журналісту газеты Echo białostockie. Да Вершаліна ён дабраўся ўначы і ўбачыў, як на траве, перад адным з дамоў, сядзелі каля 50 чалавек, спявалі і маліліся. Іх твары цьмяна асвятлялі газавыя лямпы.
Вернікі цёпла прынялі журналіста, расказвалі яму пра цуды і ацаленні прарока Іллі. Праз нейкі час падышоў і сам лідэр секты. Журналіст прапанаваў прароку прысесці побач з ім.
— Я пастаю, мне вельмі непрыемна, калі нехта аказвае мне павагу. Непрыемна. Я невысока стаю, я — бедны просты мужык, — адказаў на гэта ён.
З такой дэкларацыяй сціпласці крыху разыходзіліся паводзіны сектантаў, якія апісаў журналіст: «[Вернікі] ціхія і задуменныя. Калі здарыцца, што міма іх пройдзе босы прарок, то неадкладна падаюць на калені і цалуюць месца, дзе стаяла яго ступня».
Польская прэса пра прарока Іллю: «Цень змрочнага містыцызму на Крэсах. «Прарок Ілля» стварае новую секту сярод забабонных сялян». Крыніца: Ilustrowany kurier codzienny, № 204, 1937
Бліжэй да пачатку Другой сусветнай вайны, прарок Ілля абвясціў аб хуткім канцы свету: «Паведамляю вам, Народы ўсіх краін, аб Другім прышэсці Госпада нашага Ісуса Хрыста на Зямлю».
Дату ён не назваў, але вернікі пачалі рыхтавацца да хуткага Апакаліпсісу, чакаючы яго з дня на дзень. Аднак канец свету ўсё не надыходзіў, і паслядоўнікі прарока пачалі ў ім расчароўвацца. А самыя радыкальныя — «аўторкі» — і зусім вырашылі распяць Іллю на крыжы.
Не зразумела, ці была насамрэч гісторыя з распяццем. Адны сведкі тых падзеяў казалі, што нічога падобнага не адбывалася. Іншыя ж расказвалі, як «аўторкі» прыйшлі да дома Эліяша з вялікім драўляным крыжом, цвікамі і вянком з калючага дроту.
Далей версіі зноў разыходзяцца. Па адной з іх, да Клімавіча падышоў сектант, каб пацалаваць прарока, як гэта зрабіў Іуда з Ісусам. У адказ Эліяш стукнуў яго кулаком і ўцёк у лес. Паводле другой версіі, Эліяш пагадзіўся на распяцце, але папрасіў час для апошняй малітвы. Выйшаўшы ўглыб дома, вылез праз акно, дабег да бліжэйшага паліцэйскага ўчастка і разам з узброенымі супрацоўнікамі прагнаў «аўторкаў».
Секта пакрысе прыходзіла ў заняпад, паслядоўнікі прарока Іллі, не дачакаўшыся канца свету, пачалі пакідаць Вершалін. А ў 1939 годзе замест Апакаліпсісу на Падляшша прыйшла Чырвоная Армія.
Пасля далучэння гэтых тэрыторый да БССР сляды Эліяша Клімовіча губляюцца. Ёсць некалькі версіяў таго, што з ім стала далей, ад высылкі ў Сібір да забойства беларускай міліцыяй.
Секта прарока Іллі — не адзіная, якая дзейнічала ў міжваенны перыяд на Падляшшы і ў Заходняй Беларусі. Але менавіта яна стала самай буйной і згуртавала вакол сябе больш за ўсё паслядоўнікаў.
Даследчыкі гэтага феномену лічаць, што падобныя секты былі рэакцыяй беларускіх сялян на глыбокі сацыяльны крызіс пачатку ХХ стагоддзя, на разбурэнне традыцыйных абшчынных асноў з-за пераходу ад аграрнага грамадства да індустрыяльнага.
Сяляне не разумелі, як жыць у новым свеце, па новых правілах, калі старыя ўжо не працуюць. І пачалі шукаць простыя сэнсы і простыя тлумачэнні. Секта Эліяша стала такім адказам — выратаваннем сталі радыкальныя рэлігійныя практыкі, але разам з тым простыя, зразумелыя і адназначныя.
Акрамя таго, свядомасць беларускіх сялян таго часу ўспрымала імклівыя змены як пагрозу не толькі свайму жыццю, але і «нябеснаму парадку», усяму свету. Гэта ўзмацняла веру ў хуткі канец свету.
Сёння пра існаванне секты прарока Іллі на Падляшшы нагадвае тая самая царква ў Грыбаўшчызне — у ёй да гэтага праводзяць праваслаўныя богаслужэнні. А вось ад паселішча Вершалін засталася толькі адна хата. Аднак у некаторых вясковых дамах усё яшчэ можна адшукаць іконы і абразкі з выявай Клімовіча. А сёй-той кажа, што прыдарожны крыж побач з вёскай Азёрскае (Ozierskie) — той самы, на якім «аўторкі» хацелі распяць прарока Іллю.
Царква, пабудаваная прарокам Іллём, працуе да гэтага часу. Крыніца: wikipedia.org
Адзіная пабудова, якая засталася ад Вершаліна. Крыніца: wikipedia.org
Гісторыя секты натхняла творчых людзей. Напрыклад, у 1974 годзе, відавочца тых падзеяў, беларускі пісьменьнік Аляксей Карпюк напісаў аповесьць «Вершалінскі рай». А ў 1997-м у Польшчы выйшаў фільм «Гісторыя прарока Іллі з Вершаліна». Таксама ў Супраслі дзейнічае тэатр Wierszalin.
Летась у беластоцкай блэк-метал-групы «ПАТРЫЯРХ», якая натхняецца праваслаўнай эстэтыкай, выйшаў альбом «Прарок Ілля», прысвечаны Эліяшу Клімовічу і яго секце.