Ці можа аматарскі футбольны клуб аб’яднаць вакол сябе змяшанае насельніцтва з “нявызначанай” самаідэнтыфікацыяй? Адказ шукалі на матчы FK Granitas у Новай Вільні, каб на ўласныя вочы пабачыць, што гэта мажліва.
У адным з мінулых матэрыялаў пра спартыўны актывізм і станаўленне нацый у нашым рэгіёне я закрануў тэму Вільні – гістарычна адной з самых выбухованебяспечных у этнічным плане сталіц. У артыкуле я распавёў пра спартовы клуб “Polonia Wilno”, які прэзентуе польскую супольнасць на спартыўнай мапе Літвы. На жаль, вельмі аўтэнтычную каманду, з вельмі цікавага раёна Вільні я не згадаў, бо фактычнага матэрыялу бракавала. Таму падчас чарговай вандроўкі ў літоўскую сталіцу я не мог не завітаць у Новую Вільню. Прызнаюся, у гэтым раёне, далёкім ад турыстычных маршрутаў, я пабываў першы раз, але раней шмат пра яго чуў: крымінал, рускамоўнае насельніцтва, “тутэйшая ідэнтычнасць”.
Вельмі хацелася даведацца, як уплывае спорт на мясцовую моладзь. Як ужываецца з літоўскім атачэннем?
Naujoji Vilnia была далучаная да Вільні ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Да пабудовы чыгуначнай станцыі ў пачатку ХХ стагоддзя на тэрыторыі сучаснага раёна знаходзілася некалькі вёсак. За савецкай уладай Вілейка, як называюць свой раён мясцовыя жыхары, стала буйным прамысловым прыгарадам, дзе ў большасці атрымлівалі кватэры былыя жыхары прыгарадаў, хаты якіх ішлі пад знос падчас будаўніцтва новых кварталаў літоўскай сталіцы. Таму этнічных літоўцаў тут заўжды жыло менш, чым палякаў, беларусаў і рускіх. Такая ж карціна засталася ў Новай Вільні і сёння. На раёне можна за цэлы дзень не пачуць літоўскай мовы, толькі рускую. Але, як удалося заўважыць падчас кароткага візіту сюды, некаторыя месцічы па дарозе ў касцёл пераходзяць на польскую.
Паводле некаторых ацэнак, цяпер у літоўскай Вілейцы пражывае каля 32 тысяч чалавек. Слава савецкіх прадпрыемстваў станкабудаўніцтва і сельскагаспадарчай тэхнікі даўно стала гісторыяй. Заводы не працуюць, гістарычных будынкаў тут амаль няма (за выключэннем псіхіятрычнай бальніцы і некалькіх касцёлаў).
Пра мясцовых жыхароў і іншых нашчадкаў колішніх насельнікаў польска-беларуска-літоўскага памежжа, “тутэйшых”, з нагоды 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы ў гэтым годзе партал delfi.lt зняў некалькі цікавых відэаматэрыялаў. Журналісты спрабавалі разабрацца ў складанай этнічнай карціне на поўдні краіны, зрабіўшы акцэнт на “тутэйшасці” як спалучэнні ідэнтычнасці і пазначэнні месца пражывання. Менавіта такое вызначэнне адлюстроўвае гэты “народны тэрмін” –тутэйшыя. Бо так сябе называюць і некаторыя палякі, і беларусы (такіх меншасць), а большасці “тутэйшых” дастаткова толькі гэтай канструкцыі самаідэнтыфікацыі.
Раён сярод літоўцаў мае вельмі дрэнную рэпутацыю. Гэта пацвердзілі і мае знаёмыя – жыхары Вільні. “Там і цяпер за літоўскую мову можна ўвечары атрымаць ад мясцовых”, – паведаміў мне 40-гадовы літовец, які памятае бойкі “па раёнах” у 90-я. Вядома, кантэкст у грамадстве сёння змяніўся, але нават беглы агляд раёна дазваляе ацаніць сітуацыю. Сапраўды, кідаецца ў вочы нашмат большая колькасць закінутых будынкаў, дрэнны стан шматпавярховікаў, што хаваюцца за дрэвамі гаёў і паркаў. Мне, жыхару Мінска, слаўнага новымі раёнамі, дзе знайсці дрэва, вышэйшае за пару метраў, – праблема, адразу падалося, што лес пачаў адваёўваць у Вільні тэрыторыю. А выгляд і паводзіны моладзі дазваляюць сказаць, што знаёмы літовец меў рацыю.
Стадыён FK Granitas знаходзіцца ў адным з паркаў раёна, адразу каля касцёла. Так блізка, што вернікі могуць назіраць за гульнёй з прыступак будынка.
Клуб быў заснаваны ў 2002 годзе, найперш як футбольная школа для падлеткаў. Улічваючы крымінагенную абстаноўку на раёне, футбол быў адзінай альтэрнатывай крыміналу для моладзі. З цягам часу грамадскае аб’яднанне знайшло падтрымку ў мясцовых і гарадскіх уладаў. І агульнымі вымогамі – улады і грамадскіх актывістаў – быў пабудаваны стадыён.
Галоўнае дасягненне FK Granitas – удзел у 2-м дывізіёне літоўскага чэмпіянату па футболе пяць гадоў таму. Але фінансавыя праблемы вымусілі адмовіцца ад спаборніцтваў на такім узроўні. Цяпер каманда знаходзіцца ў сярэдзіне турнірнай табліцы чэмпіянату Вільні і раёна. Гэта рэгіянальныя спаборніцтвы ў структуры федэрацыі футбола (4-ы дывізіён).
Але колькасці моладзі, якая займаецца ў клубе, могуць пазайздросціць беларускія клубы з вышэйшай лігі. Усяго у футболках Granitas гуляе 6 дзіцячых і юнацкіх каманд розных узростаў (каля 200 чалавек), а таксама 3 дарослыя і некалькі ветэранскіх.
Такога кшталту клубы існуюць па ўсёй Літве. Фінансуюцца ў першую чаргу мясцовымі ўладамі, спартыўнымі федэрацыямі – па еўрапейскіх і нацыянальных праграмах мясцовага развіцця. Але гэтая частка фінансавання пакрывае толькі выдаткі на моладзевыя каманды.
Вялікай справай для такога кшталту грамадскіх аб’яднанняў з’яўляецца магчымасць для грамадзянаў накіроўваць частку ад сваіх падаткаў адрасна. Кожны можа пры складанні дэкларацыі пазначыць арганізацыю, якой жадае дапамагчы наўпрост.
У чэмпіянаце Вільні і раёна 2018 года бяруць удзел 12 каманд ( у такіх жа спаборніцтвах у Мінску – 7). Палова з іх прадстаўляюць гарады ці раёны Вільні, у беларускай сталіцы такія каманды гуляюць толькі ў камерцыйных турнірах.
Granitas пасля 16 гульняў знаходзіцца на 7 месцы ў турнірнай табліцы, таму асаблівай цікавасці з боку прыхільнікаў да матчу, які ў мяне атрымалася наведаць, не было. На стадыёне прысутнічала каля 60 чалавек. Большасць з іх мае дачыненне да каманды – ветэраны, моладзь, жонкі і гэтак далей, усе віталіся і абмяркоўвалі камандныя справы. Зразумела, што паліцыі і аховы на такіх гульнях не бывае, таму на імправізаваных трыбунах не бракавала і піва. Каля клубнага “будынка” трэнерскі штаб абмяркоўваў з прыхільнікамі-сябрамі ход гульні.
Можна сказаць, што на трыбунах і на полі была адна вялікая сям’я. Не толькі самая гучная група моладзі, што перыядычна падтрымлівала каманду воклічамі “Вілейка, Вілейка!”, звярталася да футбалістаў па імёнах, але і пажылыя аматары футболу.
Калі б не дзіўныя для майго вуха імёны (Анджэй, Марцін, Рафал), можна было б падумаць, што я трапіў на матч першынства Маладзечанскага раёна.
Здаецца, у складзе Granitas толькі адзін літовец, але і ён размаўляў з таварышамі па камандзе па-руску. Па-літоўску звярталіся толькі да суддзі і супернікаў. Вілейскія футбалісты выкарыстоўвалі такі ж гульнявы слэнг, як і ў Беларусі. Адзіным “літуанізмам”, які я пачуў, быў зварот да каманды – “Шайка, собрались!” У нас так не кажуць, гэта пераклад слова “chebra”. Так літоўскія спартоўцы звяртаюцца да каманды, каб падтрымаць і падбадзёрыць.
“На прошлой игре побились с поляками из Salсininkai”, – распавёў юны футбаліст, які выступае за команду Granitas да 16 гадоў. “Они все по-польски понимают”, – дадаў ён. “Ага, только по-белорусски говорят – “ты шо, вапшчэ”, – падкрэсліў ягоны сябра. “Всё правильно, пусть знают Вилейку”, – падтрымаў хлопцаў нехта з ветэранаў каманды на трыбуне.
Адзін з аматараў футбола расказаў, што калі каманда з Новай Вільні гуляла ў другім дывізіёне, матчы праходзілі не на гэтым стадыёне і ў складзе было мала вілейскіх. Ён лічыць, што таму на гульнях людзей было менш, чым цяпер ходзіць на 4-ы дывізіён, і спонсары спынілі фінансаванне, а каманда пачала выступаць у чэмпіянаце горада.
Хаця на сайце клуба адной з мэтаў дэклараванае наданне прафесійнага статусу, мне падалося, што аматарам футбола з Вілейкі гэта не вельмі і патрэбна. Жыхары раёна прыходзяць падтрымліваць сваіх, ім падабаецца браць удзел у жыцці каманды, быць адной сям’ёй.
Здаецца, у свеце сучаснага спорту такога кшталту каманды займаюць важкую сацыяльную ролю. На прыкладзе FK Granitas можна сказаць, што клуб падтрымлівае ўнікальную супольнасць з “нявызначанай” этнічнай прыналежнасцю, “раённую свядомасць” (няхай гэта і не падабаецца літоўскім уладам), а не толькі папулярызуе спорт сярод моладзі і “арганізуе дасуг” для дарослых.
Granitas – не адзіны такі клуб, хаця і найбольш яркі і вядомы. У адрозненне, напрыклад ад чэмпіянату горада Мінска (таксама 4-ы дывізіён спаборніцтваў у Беларусі), большасць каманд першынства Вільні і раёна маюць рэгіянальную “афарбоўку”. Калі ў сталіцы Беларусі клубы прадстаўляюць спартыўныя школы, прадпрыемствы ці прыватна-грамадскія спартыўныя праекты, у Вільні – менавіта мясцовыя супольнасці.
Такі кірунак спартыўнай працы падтрымліваецца дзяржаўнымі ўстановамі як спрыяльны развіццю грамадства і той, што падтрымлівае моладзевую палітыку дзяржавы.
Аляксей Гайдукевіч