Якія тэндэнцыі мы назіраем сёння ў беларускім аматарскім спорце, ці развіваецца інфраструктура для моладзі?
Нехта адкажа: паглядзіце на колькасць спартыўных залаў, якія адкрываюцца ў буйных гарадах, на дзіцячыя і юнацкія секцыі, што фінансуюцца мясцовымі органамі.
Здавалася б, тэндэнцыя станоўчая. У справаздачах графікі імкнуцца ўверх.
Але. Беларусь разам з суседняй Літвой знаходзіцца ў лідарах па ўжыванні алкаголю, узрост пачатку спажывання спіртнога і наркотыкаў увесь час зніжаецца. У чым прычына?
Каб адказаць на гэтае пытанне, варта зірнуць на мэты ўсіх гэтых шматлікіх “новых залаў” і дзіцячых секцый.
А мэта адна – зарабіць грошы. Спартыўныя залы, секцыі, у тым ліку дзяржаўныя, упэўнена стаяць на пазіцыях атрымання як мага большага прыбытку. Гэта мэта бізнесу і чыноўнікаў, да якіх даводзяць устаноўкі зверху.
Здароўе моладзі, грамадзян у гэтай гонцы адыходзіць на другі, а можа, і на трэці план.
Хочаш займацца спортам – плаці
Нават у “бясплатных” секцыях пры спартыўных юнацкіх школах з бацькоў увесь час патрабуюць грошы “на форму, абсталяванне, рамонт”. Мы да гэтага ўжо прызвычаіліся.
Пра факты, калі месцамі ў асноўных складах футбольных і хакейных юнацкіх каманд “гандлююць” трэнеры, хай лепш пішуць справаздачы кампетэнтныя органы. Але ўлічваць іх таксама неабходна.
На гэтым фоне неабгрунтавана пасіўна выглядае пазіцыя недзяржаўнага сектара, які ў Беларусі ў апошнія гады ўзбуйняецца з вялікай хуткасцю.
Не варта абмяркоўваць праекты і ініцыятывы, якімі займаюцца гэтыя арганізацыі. Адзначым тэндэнцыю, што вымалёўваецца ў дзейнасці гэтага кшталту структуры: чым меншы маштаб у кірунку дзейнасці, тым, здаецца, большы рэзананс ён выклікае ў СМІ і грамадстве. Напэўна, менавіта такая мэта дзейнасці большасці НДА.
Але ёсць праца, якая сапраўды патрабуе вялікіх намаганняў і не мае такой аддачы ў прэсе і г.д.
У гэтым артыкуле не хацелася б апеляваць да савецкага мінулага, хаця і ў ім можна знайсці шмат станоўчых прыкладаў працы з моладдзю. Для прапаганды здаровага ладу жыцця, фармавання асобы ў атмасферы нармальнага спартыўнага саперніцтва.
Некапіталістычны капіталізм
Пакуль у Беларусі вакол стадыёнаў навучальных устаноў растуць платы, а пудовыя замкі і распараджэнні чыноўнікаў разбіваюць любую ініцыятыву і намаганні грамадзян, у суседняй Польшчы сучасныя школьныя спартыўныя аб’екты запрашаюць аматараў спорту ўдзельнічаць у рэгулярных спаборніцтвах.
Мяне зацікавіў досвед латвійскай ініцыятывы Ghetto Games, якая не толькі праводзіць аматарскія спаборніцтвы па вялікай колькасці відаў спорту, Але і арганізавала бясплатную спартыўную залу ў адным з паркаў Рыгі для моладзі і дарослых. Актывісты гэтага руху (можна і так яго назваць) ладзяць “талаку” ў рыжскіх парках. І, што самае дзіўнае, не толькі спартыўныя мерапрыемствы, багатыя на антураж і відовішчы, прыцягваюць моладзь, але і звычайныя ўборкі лесапаркавых тэрыторый.
Такім чынам, спартыўная ініцыятыва фармуе ў грамадстве сацыяльную актыўнасць.
Такога кшталту ініцыятывы – не навінка. Самы вядомы прыклад у свеце – Young Men’s Christian Association (YMCA, створаны ў ХІХ стагоддзі рух, актывісты якога першапачаткова дапамагалі моладзі ўладкавацца пасля пераезду ў буйныя гарады і наладзіць станоўчы адпачынак.
Менавіта валанцёры гэтай арганізацыі папулярызавалі баскетбол сярод студэнтаў амерыканскіх універсітэтаў, што прынесла сусветную славу гэтаму віду спорту.
Цяпер у гэтым руху па ўсім свеце налічваецца больш за 58 млн удзельнікаў (амаль палова – у ЗША).
Такая папулярнасць у Паўночнай Амерыцы – вынік працы ініцыятывы ў спартыўнай галіне. У ЗША функцыянуе больш 10 000 спарткомплексаў. Гэта сучасныя фітнес-цэнтры з басейнамі, заламі і г.д.
Каб падтрымліваць іх працу і плаціць заробкі персаналу, наведнікі купляюць абанементы (не больш за $25 за безлімітную колькасць трэніровак з кругласутачным доступам на спартыўныя аб’екты). Амерыканцы не былі б амерыканцамі, каб не назвалі гэта добраахвотнай дапамогай арганізацыі і не запісалі ўсіх кліентаў спартзалаў у актывістаў YMCA.
Але нягледзячы на такія акалічнасці, варта дадаць, што сваіх мэтаў структура дасягае – арганізуе здаровы і станоўчы адпачынак. Таксама YMCA USA праводзіць так званыя “летнія вандроўкі” для моладзі з элементамі скаўцкіх выправаў, займаецца дабрачыннасцю, вялікай колькасцю сацыяльных праектаў.
Дзякуючы працы спартыўных комплексаў YMCA камерцыйныя спартзалы трымаюць цэны на свае паслугі, якія лічацца самымі таннымі ў свеце, калі ўлічваць памеры даходаў амерыканцаў.
Што ў Беларусі?
Відавочна, што дзяржаўны апарат даўно не ў стане па-сучаснаму выконваць сацыяльную працу праз прапаганду спорту і здаровага ладу жыцця. Такое ўражанне, што чыноўнікі ўвесь час намагаюцца толькі даганяць імклівыя тэндэнцыі. Варта, хаця б згадаць, колькі гадоў заканадаўцы абмяркоўвалі і прымалі нарматыўныя акты, датычныя гандлю новымі сінтэтычнымі наркотыкамі.
У нас у краіне існуюць ініцыятывы, мэта якіх – сацыяльная праца праз спартыўную актыўнасць. Але на сённяшні момант ім альбо не хапае рэсурсаў і разумення і сярод чыноўнікаў, і ў асяродках НДА, альбо іх намаганні настолькі вузкаскіраваныя, што іх дзейнасць амаль не мае шансаў маштабавацца (вы здзівіцеся, але і ў Беларусі існуе філіял YMCA).
Відавочна, што наспеў час аб’яднаць намаганні спартыўных актывістаў. Пакуль дзяржаўны бюджэт падлічвае прыбыткі ад продажу алкаголю і тытуню, неабходна самастойна, з нізоў сфармаваць уцямную і рэальную стратэгію арганізацыі аматарскага спорту ў краіне для шырокага кола беларусаў. Другі этап – фармаванне кантэксту па ўзаемадзеянні з чыноўнікамі і рэсурснымі цэнтрамі, рэалізацыя стратэгіі сумесна з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі.
Аляксей Гайдукевіч, спартыўная ўстанова “Рэгбі Юніян”
Глядзіце таксама: