Працягваем публікацыю матэрыяла Аляксея Гайдукевіча, прысвечанага спорту, як аднаму з важных элементаў фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Пачатак глядзіце тут.
У міжваенны перыяд на тэрыторыі сучаснай Беларусі спартыўныя арганізацыі адносіліся да структур СССР ці Польшчы. На тэрыторыі савецкай дзяржавы пра грамадскія спартыўныя арганізацыі не вядома. У СССР спорт развіваўся толькі пры ўзгадненні з партыйным кіраўніцтвам. І любая ініцыятыва пасля ўхвалы трансфармавалася ў адпаведнае ўсесаюзнае таварыства (“Дынама”, “Ураджай”, “СКА” і інш.).
У Другой Рэчы Паспалітай вялікая ўвага надавалася вайсковаму спорту. Таму большасць каманд у розных відах спорту належала да пэўных вайсковых фармаванняў (WKS Grodno, Ruch Brzesc, Cresovia Grodno, Smigly Wilno). Трэба адзначыць, што гэтыя каманды дасягалі нядрэнных вынікаў у польскіх спаборніцтвах, на найвышэйшым узроўні.
Яўрэйскія каманды па футболе з Пінска, Баранавічаў, Лунінца і іншых гарадоў, напрыклад, удзельнічалі не толькі ў польскіх спаборніцтвах, але і ў міжнародных (сярод прадстаўнікоў яўрэйскіх арганізацый з усяго свету). Можна сказаць, што менавіта яўрэйскі спорт у нашым рэгіёне пакінуў вельмі шмат матэрыялаў даследчыкам. І, вядома, меў вялікае значэнне для жыцця супольнасці і яе стасункаў з іншымі этнічнымі і рэлігійнымі групамі.
Падчас Другой сусветнай вайны на акупаваных тэрыторыях (акруга Беларусь) немцы, у межах сваёй стратэгіі, дазвалялі элементы культурнага і спартыўнага жыцця. Добра вядома пра моладзевыя арганізацыі, створаныя пры ўдзеле акупацыйнай адміністрацыі, якія займаліся спартыўным выхаваннем моладзі. Таксама ёсць інфармацыя з архіўных крыніц пра футбольныя матчы (у прыватнасці, у Баранавічах, паміж нямецкімі вайсковымі камандамі і клубамі, за якія гулялі мясцовыя жыхары).
Сучасны спорт з нацыянальнымі рысамі
У 90-я гады ХХ-га стагоддзя ў Львове энтузіясты аднавілі футбольны клуб “Pogon”, які адразу пасля свайго заснавання ў 1907 годзе, быў 4-разовым пераможцам польскага чэмпіянату. Сваю дзейнасць клуб прыпыніў у 1939-м.
Адметна, што адраджэннем гэтай каманды займаліся і займаюцца ў тым ліку этнічныя ўкраінцы, якім неабыякавая спартыўная гісторыя рэгіёна. Выступаюць за каманду выхаванцы польскіх навучальных устаноў Львова.
Каманда ўдзельнічае ў аматарскіх спаборніцтвах. У тым ліку з польскімі і “паланійнымі” камандамі (напрыклад, з хмяльніцкім клубам “Палонія”).
Польская грамадскасць ва Украіне, а асабліва ў Польшчы, актыўна ўдзельнічае ў фінансаванні клуба з Львова. Спартсменаў запрашаюць на спаборніцтвы, а гульні наведваюць высокія чыноўнікі з Польшчы.
Але найбольшых спартыўных вынікаў дабілася іншая “Палонія” — з Вільні. Гэта сапраўдны спартыўны клуб, дзе развіваюць некалькі відаў спорту, працуюць спартыўныя секцыі. Клуб таксама падтрымліваюць як звычайныя палякі, так і дзяржаўныя ўстановы Польшчы.
На жаль, пасля некалькіх сезонаў, футбольную каманду Polonia Wilno напаткалі фінансавыя праблемы. Але цэлы сезон, пасля выступаў у ніжэйшых лігах, клуб нядрэнна гуляў у 2-м дывізіёне чэмпіянату Літвы.
Нягледзячы на праблемы, спартыўны клуб для польскай моладзі, дзе развіваюць некалькі відаў спорту, “Polonia” працягвае паспяхова існаваць.
На сённяшні момант самы паспяховы “польскі” футбольны клуб, які выступае не ў Польшчы, — гэта “Рух Брэст”. Цікава, што да дзейнасці польскіх нацыянальных арганізацый у Беларусі ён не мае дачынення. Больш за тое, у Польшчы пра гэтую каманду, у адрозненне ад львоўскай і віленскай, не шмат хто і чуў.
“Адрадзілі” клуб, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце Польшчы па футболе ў 20-я і 30-я гады мінулага стагоддзя, футбольныя энтузіасты — прыхільнікі “Дынама-Брэст”.
Не дзіўна, што ў 2018 годзе два брэсцкія клубы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Як адзначае кіраўніцтва каманды “Рух”, адраджэнне клуба — даніна спартыўным традыцыям горада і да нацыянальных пытанняў не мае дачынення.
Можна сказаць, што самым блізкім да патрыятычна-спартыўных клубаў пачатку мінулага стагоддзя з’яўляецца беларускі філіял польскага “Сокала”, які вядзе сваю гісторыю ад спартыўных ініцыятыў Галіцыі з канца ХІХ ст.
Цяпер у клубе, створаным у Гродне Саюзам палякаў Беларусі, па розных дадзеных, займаецца да 1000 маладых людзей. Каманды клуба па баскетболе, міні-футболе, валейболе і індывідуальных відах спорту не толькі ўдзельнічаюць у аматарскіх спаборніцтвах у Польшчы, Літве і Беларусі, але і бяруць удзел у “паланійных” мерапрыемствах (летніках для моладзі, гістарычна-патрыятычных сходах і г.д).
Лідскі “Сокал”, напрыклад, некалькі гадоў браў удзел у баскетбольным першынстве Беларусі (2-я ліга).
Барацьба за розумы
Нягледзячы на багатую гісторыю нацыянальных “спартыўных фармаванняў” у рэгіёне, самымі адметнымі былі і застаюцца польскія клубы, якія існуюць не толькі за кошт дзяржаўных структур Польшчы, але і мясцовых фундатараў, грамадскасці. Палякі надаюць вялікую ўвагу спорту як элементу фармавання самасвядомасці і грамадскай супольнасці.
Таксама існуюць украінскія эмігранцкія футбольныя клубы на поўдні Польшчы, але не на традыцыйных “этнічных тэрыторыях”.
Пра беларускія клубы, напрыклад, у Літве, ці Польшчы, у рэгіёнах гістарычнага пражывання беларусаў, нічога не вядома.
Ні дзяржава, ні мясцовыя ініцыятывы не клапоцяцца пра такі важны аспект існавання і развіцця беларускіх супольнасцяў за мяжой, як спорт.
Здаецца, што “эксперымент” з брэсцкім “Рухам” будзе мець працяг ужо ў нацыянальным кантэксце, што можа стаць прыкладам для польскіх актывістаў у Беларусі. Магчыма, хутка польская каманда будзе выступаць у чэмпіянаце Беларусі па футболе, Polonia Wilno — добры прыклад.
Вядома, суіснаванне народаў — гэта не толькі ўзаемадзеянне, але і супрацьстаянне (неабавязкова фізічнае, узброенае). Барацьба за розумы, у тым ліку праз спорт, культуру, ідэі, не спыняецца.
Такога кшталту “інвестыцыі” заўжды давалі плён, тым больш у нашым рэгіёне, дзе, нягледзячы на дзяржаўныя межы, этнічныя ўплывы дасюль трансфармуюць грамадства памежных тэрыторый. У якім кірунку — вырашае не толькі культура, эканоміка, мова, але і спорт.
Аляксей Гайдукевіч, спартыўная ўстанова “Рэгбі Юніян”
Глядзіце таксама: