«Крылы. Вершы, паэмы» – новы паэтычны зборнік Анатоля Брусевіча пабачыў свет

У гарадзенскага паэта, літаратуразнаўцы і выкладчыка Анатоля Брусевіча выйшаў новы паэтычны зборнік пад назваю «Крылы. Вершы, паэмы». 


anatol_brusevich.jpg

Гэта чацвёрты паэтычны зборнік Анатоля, на 208 старонках паэтам сабраныя творы розных гадоў, якія аўтар падзяліў на чатыры раздзелы: «Верныя вершы», «Пад сцягам Мадагаскара», «Сумная вакханалія», «Ты — як зямляк». У першым раздзеле прадстаўлены творы агульнафіласофскага зместу. Другі раздзел аўтар прысвяціў Радзіме, Айчыне, Бацькаўшчыне: «малой» і «вялікай», «далёкай» і «блізкай», «сваёй» і «чужой». Творы дыянісійскага характару змешчаны ў трэцім раздзеле, а інтымная лірыка складае чацвёрты раздзел. Гэтыя чатыры раздзелы ўвасабляюць сабою чатыры сценкі дома, а своеасаблівым дахам, які аб’яднаў творы разам, з’яўляецца паэма «Крылы», якая і дала назву зборніку. 

Кніга выйшла ў гродзенскі выдавецтве «ЮрСаПрынт». Набыць зборнік у Мінску можна ў кнігарнях «Акадэмічная кніга» па вул. праспект Незалежнасці, 72 і вул. Багдановіча, 46. У Гродне ў кнігарні «Раніца» па вул. Маставая, 33 і ў кнігарні «Праметэй» па вул. Савецкая, 10.