Экстраардынарны, эпатажны і непасрэдны гурт «Дзецідзяцей» зрабіў вясновы падарунак сваім прыхільнікам – новы, цалкам беларускамоўны альбом «Рух», што быў урачыста прэзентаваны пад гучныя апладысменты на сцэне Купалаўскага тэатра 4 траўня.
У выступе гурта арганічна сышліся весялосць і дзелавіты смутак, радасці й перажыванні, таямнічая змрочнасць і лірычныя пакуты. Уласцівая гурту трапяткая атмасфера шчырасці і адкрытасці дадавала ў рытм канцэрту разгубленасці і прычынення, дзе агульнай тэатральнай сцэнай сталася ўся зала. Праз лірычныя адступленні – падарожжы па рэпертуары Купалаўскага тэатра ад Ганны Хітрык – вечар набываў рысы таямнічасці ды аўтэнтычнасці. Энэргічная вакалістка гурта ўзгадвала між песнямі чуллівыя моманты з пастановак «Памінальная малітва», «Сымон-музыка» ды інш.
Юлія Гушыцкая
Ганна Хітрык:
— Ведаеце, мне сёння сон прысніўся. Хочаце раскажу? Як быццам прыйшоў у нашу хату нехта такі незвычайны. На галаве месяц, у руцэ сонца трымае і кажа: «Годзе вам тут сядзець, годзе гібець, хадзіце за мной!»
Сцэна Купалаўскага тэатра – родная для гурта, ідэя зладзіць канцэрт у добра знаёмых сценах даўно цешыла музыкаў, а новы беларускі рэпертуар лагічна ўпісаўся ў духоўны кантэкст беларускага тэатра.
Ганна Хітрык:
– Ідэя выступу на гэтай сцэне прыйшла да нас у той час, калі мы вырашылі, што мы гурт і што час рабіць канцэрт. Але тады не атрымалася. І я мяркую, што гэта добра. Цяпер мы запісалі беларускамоўны альбом, і дзе як не на Купалаўскай сцэне можна прэзентаваць беларускамоўны альбом, тым больш першы.
Новы альбом ад «Дзецідзяцей» складаецца з чатырнаццаці трэкаў з адным рэпітам – песняй «Раптам». Музычныя пасылы творцаў межаваліся ад пазітыву і ваяўнічай радасці ў «Гімне моладзі» і жаноцкай лірыкі ў песні «Люты» да міфалагічнай таямнічасці ў «Рэчцы» ды «Камяках». Сюрпрызам сталі невядомыя дагэтуль кампазіцыі, што сёлета прагучалі ўпершыню: балада пра тынэйджэрскія пакуты пад красамоўнай назвай «Падлетак» і спустошаны вокліч расчаравання – песня «Нічога».
Антракт паўстаў адмысловым падзелам вечару па моўным крытэры. Перапынак адзначыў старт вандроўкі па дыскаграфіі «Дзяцей» ад самых першых да самых новых песняў. Сур’ёзныя развагі пра жаночую долю ды аповеды пра зайздрасць да сланоў, а таксама жарты, танцы, прыколы, скокі ды ігра музыкаў-актораў працягвала раскручваць кола «дзіцячага» пазітыву.
Падчас канцэрту краіна дазналася пра імёны сваіх герояў. Так, самаарганізаваная супольнасць стваральнікаў сайта «Дзяцей», што атрымаў бронзу на выставе Tibo ў намінацыі «Культура і мастацтва», былі ўзнагароджаныя дыпломамі.
Рэдактарка сайта Кацярына Нікіціна (Каштан):
– З музыкамі мы знаёмыя тры гады. Аднойчы я прыйшла ў тэатр і ўбачыла афішу «Дзецідзяцей». Паглядзела, што там усё знаёмыя па тэатры імёны, і вырашыла туды завітаць. Гэта было для мяне нешта неверагоднае. Музыкі «Дзяцей» вельмі жывыя і шчырыя людзі, што вялікая рэдкасць у наш час.
Рэдактарка сайта Кацярына Нікіціна
Амаль трохгадзінны выступ музыкаў скончыўся двайным бісам, кветкамі ды гучнымі апладысментамі.