Паэтка Наста Кудасава размясціла на сваёй старонцыў Фэйсбуку новы верш, вельмі шчымлівы, пра тое, што баліць зараз кожнаму беларусу.
я прашу цябе, едзь адсюль, я прашу, бяжы! хоць адну душу ад пякельнае ночы выратуй! гэта нашы, вер, ля дарогі стаяць крыжы, гэта нам з табой свежы дол сярод пустак вырыты.
я прашу цябе, едзь, ратуйся, бяжы адсюль! тут гадамі раскашавалі чужынцы-злодзеі, апаганьвалі наш пачэсны пасад, пакуль мы спявалі, спадзяваліся, карагодзілі...
я прашу, не раздумвай, не азірайся, едзь! я не маю сіл глядзець, як мы не вынырваем, як жывое нішчым, сцяўшыся пад павець, як мы забываем, што такое быць шчырымі.
я прашу, зберажы чалавека ў сабе, з’язджай! я ўжо не выдужваю гэты боль, не выплакваю... тут самота, страх, немата, бедната і жаль усё цягнуць і цягнуць народ мой вякоў клаакаю.
а пасля, калі вернуцца голас, любоў і слых, калі зможам задыхаць нанова ў сусветным вэрхале, тады ўстань, я прашу, ідзі і сведчы — пра тых, што насуперак слабасці гэтых радкоў не з’ехалі.
Паглядзіце, як Наста Кудасава чытае свае вершы ў арт-праекце «Словы мацней»