Няма помніка – няма праблемы!

На Клеччыне ўнікальны помнік драўлянага дойлідзтва, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы, пусьцілі на дровы.

Вёска Янавічы Клецкага раёну вядомая сядзібна-паркавым комплексам Яленскіх, закладзеным ў XVIII ст. Сюды напрыканцы кастрычніка прыехала група журналістаў, каб пабачыць самую сядзібу ды ўнікальны двухпавярховы сьвіран, аднесены да 3-й катэгорыі. Побач з мураваным домам гергечуць гусі. Гледзячы на зьнешні стан колішняга дому, якім у розныя часы валодалі Яленскія, Беразоўскія, Войцэхоўскія ды Піляўскія, разумееш, што гэтыя гордыя птушкі не ўратавалі свой Рым. Каля ганку на лаве сядзіць бабуля. Ад яе даведваемся, што сьвіран, які мы не маглі адшукаць, мясцовы калгас… разабраў на дровы. Вось так! Мясцовым начальнікам, зважаючы на тое, што закон аб абароне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў нас фактычна перастаў дзейнічаць, прасьцей разабраць якое-небудзь «ламачча» на паліва, чымся даглядаць яго. Няма помніка — няма праблемы. Дом Яленскіх, пакуль у ім жывуць людзі, неяк ліпіць. Тыльныя памяшканьні ня маюць шыбаў, да сьцяны прытуліліся старыя матрацы з іржавымі спружынамі.

На фота: 1. Унікальны сьвіран, помнік 3-й катэгорыі, можна пабачыць толькі на здымках.

2. Сядзіба Яленскіх.

Сямён Печанко

Тэгі: , ,