У зале гарадзенскага манастыра назаратанак адбылося ўручэнне падарункаў былым вязням фашысцкіх лагераў. Сустрэчу ладзілі гарадзенскі “Карытас” разам з нямецкім фондам Максімільяна Кольбэ.
Гарадзенская сустрэча распачалася супольнай малітвай. Кіраўнік гарадзенскага “Карытас”ксёндз Віталь Дабраловіч чытае невялікую малітву і бласлаўляе ежу.
Пасля невялікай прамовы і пажаданняў напярэдадні святаў Віталь Дабраловіч прадстаўляе манаскую сястру Еву Танацку, якая з’яўляецца старшынёй праўлення Лодзінскага таварыства дапамогі былым палітычным вязням гітлераўскіх канцлагераў, турмаў і гета.
– Я прапаную вам шанаваць свой узрост і дзяліцца сваімі перажываннямі з маладым пакаленнем, – кажа сястра Ева.
Захар Тарасевіч, кіраўнік Гарадзенскага аб’яднання былых вязняў фашысцкіх канцлагераў распавядае прысутным, што іх з кожным днём становіцца ўсё менш і менш. У 1997 іх было каля дзесяці тысяч, зараз засталося каля 3 тысяч , а сюды прыехалі каля 30 чалавек.
– Але я яшчэ маю надзею сустрэць разам з вамі 70-годдзе Перамогі, якое будзе ў 2015 годзе і выпіць з вамі келіх шампанскага.
Гарадзенскім вязням уручылі падарункі, а валанцёр нямецкага фонду Георг Таўбіц сказаў прысутным наступнае: “На жаль, большасць з таго, што давялося перажыць вам, звязана з рэжымам Гітлера. Але я цешуся, што мая дапамога палягае не толькі на нейкай фінансавай падтрымцы, але непасрэдна і на асабістай дапамозе, якую я магу аказаць нейкаму канкрэтнаму чалавеку”.
Пасля сустрэчы ў паветры засталося нешта недасказанае, і ў паветры лунала шмат словаў падзякі гэтым людзям, што перажылі цяжкасці вайны.
Андрэй Мялешка