Нясвіжскі замак запрашае турыстаў на калядныя канікулы ў стылі XIX стагоддзя. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Наталля Жарко.
Госці былой княжацкай рэзідэнцыі на калядных вакацыях змогуць акунуцца ў атмасферу канца XIX стагоддзя. Наведвальнікаў замка будуць сустракаць князь Антоній Вільгельм Радзівіл і яго жонка Марыя Дарота дэ Талейран дэ Кастэлян Радзівіл – заснавальніца нясвіжскіх паркаў. Турыстаў чакае цікавая музычная праграма, сюрпрызы падрыхтуе тэатральная зала.
Калядная экскурсійная праграма будзе дзейнічаць з 2 па 8 студзеня. Як распавяла Наталля Жарко, у гэтыя дні ў Нясвіжскім замку плануюць прыняць 10-12 тыс. турыстаў. Кошт квітка для наведвання палацавага ансамбля вырасце на 25%: для дарослых з Br80 тыс. да Br100 тыс., для школьнікаў і студэнтаў з Br40 тыс. да Br50 тыс. Кошт уваходнага білета ў ратушу для дарослых складзе Br30 тыс., для школьнікаў і студэнтаў – Br15 тыс.
З 25 снежня па 11 студзеня комплекс будзе прымаць турыстаў без выходных, выключэнне – 1 студзеня.
Паколькі ў наступным годзе споўніцца 175 гадоў з дня нараджэння Марыі Дароты дэ Талейран дэ Кастэлян Радзівіл, многія мерапрыемствы ў комплексе будуць звязаныя з гэтай датай. Таксама ў будучым годзе Нясвіжскі замак традыцыйна далучыцца да “Ночы музеяў” і правядзе 14 выстаў.
Архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы – адна з славутасцяў Беларусі, занесеная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гістарычны помнік цікавы не толькі сваімі наземнымі збудаваннямі, але і падзямеллямі і склепам. З пачатку 2014 комплекс прыняў больш за 400 тыс. турыстаў.