Цэлы травень у Беларускім доме ў Вільні будзе працаваць выстава Ксішы Ангелавай «Пакажы мне сваю рану», прысвечаная 40-годдзю Чарнобыльскай катастрофы. Мы пагутарылі з мастачкай пра яе творчасць і асабістае перажыванне наступстваў выбуху на ЧАЭС.

Ксіша Ангелава
Выстава «Пакажы мне сваю рану» ў Беларускім доме ў Вільні будзе працаваць амаль увесь травень: з 2-га да 31-га. Яна прысвечаная саракагоддзю Чарнобыльскай катастрофы і адлюстроўвае мой асабісты вопыт. Тыя падзеі моцна закранулі маю сям’ю. Таму мне хацелася б сведчыць пра іх. На 40 год будзе 40 маіх малюнкаў. І гэта толькі фон для таго, каб паразважаць пра сведчанні мастакоў, паэтаў, навукоўцаў — міждысцыплінарна і міжнародна. Выстава робіцца пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Экадом». Яны прыдумалі марафон імпрэз, каб кожны з 40 дзён узгадваць. Зараз свет палохае ядзерная зброя. Пасля Халоднай вайны зноў паўстала пытанне, што з гэтым трэба нешта рабіць.
На выставе прачытае лекцыю шатландскі доктар навук, фізік-ядзершчык Алан Флавэрз. Ён падзеліцца сваімі рэфлексіямі пра эвакуацыю пасля катастрофы: якая яна была і якой павінна была быць. Ён вялікі сябра беларусаў. Пасля аварыі на ЧАЭС прыязджаў у Беларусь рабіць даследаванні пры падтрымцы Інстытута імя Сахарава. Выступіць паэт Дзмітры Строцаў. Будзе доктар Джаэл Фазэрлэнд, арт-крытык The Times. Плануюцца таксама майстар-класы. Буду запрашаць літоўскіх эколагаў.
Фота 2
Першаснае ў гэтым усім — маё асабістае пражыванне. Мастацтва — гэта вопыт, прапушчаны праз сябе. Таму выстава завецца «Пакажы мне сваю рану».
Сёння гэта не прынята, паказваць свой боль, ці прасіць на яго паглядзець. А я лічу, што гэта вельмі чалавечна — быць адкрытымі да болю. Можа быць, гледзячы на чужы боль, лягчэй будзе праявіць уласны. Людзі сёння не дзеляцца болем, гэта лічыцца таксічным. А я лічу, што трымаць боль у сабе — кепска і для самога чалавека, і для грамадства нядобра. Калі ты пераасэнсаваў боль у нейкі кшталт мастацкага выказвання, ён жа ўжо не баліць. Таму я не кажу: «Паглядзі на мой шнар», а: «Вось, верш напісаны, вось — карціна».
Эмпатыя — гэта ж пра чалавечнасць, нейкі катарсіс унутры чалавека, які можа быць добрым. А як я буду добрым, калі я хаджу да псіхатэрапеўта, і сваё гора не паказваю людзям, і чужога не слухаю? Мне здаецца, варта, каб вярталася дабрыня да іншага, да нейкага яго стану. А то зараз: «Ой, я буду плакаць, ты выклікаў мае слёзы, я не хачу, мне свайго хапае». Дык падзяліся са мной сваім, табе будзе лягчэй, я цябе паслухаю. Я не вазьму твой боль, але табе будзе лягчэй ад таго, што цябе выслухалі. І гэта не псіхатэрапеўт, у якога гадзіны аплачаны. Такі я рэтраград. Я ў гэтым сэнсе вельмі архаічны чалавек.
Малюнак Ксішы Ангелавай
Калі выбухнула Чарнобыльская атамная станцыя, мне было 11 год. Мы жалі ў Мінску, але ўсё роўна было страшна. Страшна, калі небяспекі не бачна. А радыяцыі не бачна. Мы толькі і чулі: «Эвакуацыя, эвакуацыя, эвакуацыя». Беларусь — партызанская краіна, і «эвакуацыя» асацыявалася з вайной, з крайняй, сур’ёзнай мерай. Толькі пазней я стала думаць: «А чаму так позна? Чаму там два дні моўчкі трымалі людзей, у Прыпяці, не эвакуявалі часова?» Калі ты малы, то адчуваеш эмоцыі дарослых. Мой дзядуля, фізік, абураўся і не разумеў, як так можна, бо ўсведамляў, якія могуць быць наступствы.
Большасць ападкаў з Чарнобыля пайшла на Беларусь. Усе мы памятаем мапу радыяцыйнага забруджвання, дазіметры. З усяго гэтага складаўся наратыў, які выбухнуў ужо пасля перабудовы: трэба пайсці, трэба пра гэта сказаць.
Ксіша Ангелава
Мой першы марш, у 1996 г., я ўжо была студэнткай. Гэта было маё першае палітычнае ўсведамленне, што трэба ўзгадваць, трэба ісці. Мы нарабілі чорнага варанья з пап’е-машэ. Потым шмат каго выключылі, звольнілі з Акадэміі мастацтваў. Адзін мой знаёмы, патомны мастак, пасля выключэння з універсітэта з’ехаў за мяжу і там загінуў. Я думаю, калі б ён застаўся ў Беларусі, то жыў бы.
Яго бацьку адхілілі ад выкладання. І ў яго не вытрымала сэрца. І гэта, калі глядзець эпічна, — таксама наступствы Чарнобылю, рэжыму, які дапусціў гэтую катастрофу.
Праз год выходзіць «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч. Я памятаю, як гэта на ўсё наша грамадства паўплывала. Нам у школе распавядалі, што ліквідатары — героі. Так, героі, але потым мы праз мастацка-дакументальныя тэксты даведаліся, як было насамрэч. Якім болем, якімі ахвярамі гэта ўсё рабілася.
Малюнак Ксішы Ангелавай
Маю сям’ю таксама закранулі наступствы Чарнобылю. Матуля, Алена Пятросава, памерла ад раку нырак. Яна працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. І мне лекар сказаў, што гэта могуць быць наступствы радыяцыі, якой яна наглыталася ў забруджаных раёнах. Я лічу, гэта злачынства, што маладых дзяўчат туды накіроўвалі ў экспедыцыі па працы. Яны шукалі матэрыял для кнігі «Збор помнікаў архітэктуры Беларусі». Гэта была калектыўная праца, у сямі тамах. І гэтыя экспедыцыі спыняць пасля 1986 г. ніхто не збіраўся. Калега, з якой разам матуля ездзіла, таксама ўжо памерла. Яны хадзілі па палёх, а дазіметры ім ніхто не даваў — дзе там якая пляма.
Таму тэма Чарнобылю для мяне вельмі актуальная. Я сама перанесла анкалогію, жыву ў рэмісіі 12 гадоў. Я бачу сувязь між высокім узроўнем анказахворванняў у Беларусі і Чарнобылем, ёсць адпаведная статыстыка.
Васіль «Атам» Грудавік. Малюнак Ксішы Ангелавай
Ад пачатку я займалася пісаннем ікон. Рабіла спісы мясцовых, беларускіх цудадзейных абразоў. У нас амаль у кожнай вёсцы — свая цудадзейная Багародзіца: Груздаўская, Слабадская, Купяціцкая. Мяне дабраславіў святар і кажа: «Чаму ў нас малююць усё Уладзімірскую ды Казанскую Божую Маці? Чаму не пішам спісы сваіх, мясцовых ікон?» Толькі таму, што школа маскоўская — буйная, імперская. Мне б хацелася працягваць, але пакуль займаюся іншым. Трэба жыць тут і цяпер.
Мяне з дзяцінства натхняла Антыгона Сафокла. Яна пахавала свайго брата, якога праз дзяржаўную здраду забараніў хаваць яе дзядзя, Цар Крэонт. Забараніў пад страхам смяротнага пакарання. І вось яна хавала, бо ў ёй чалавечае вышэй за закон.
І ўва мне чалавечае вышэй за так званы закон, бо ў Беларусі ўжо няма законаў. Цяпер малюю партрэты жаўнераў, што загінулі ва Украіне. Антыгона ўва мне хавае іх і хавае, узгадвае... Адчуванне, што гэта трэба рабіць, нават калі табе самой нешта пагражае. Што ёсць нешта больш важнае за страх, за наступствы.

Ігар і Дар’я Лосікі. Малюнак Ксішы Ангелавай
Малюю нашых палітвязняў пяты год. Выстаўляла іх партрэты ва ўніверсітэце ў Страсбургу. Мы рабілі перформанс, чыталі апошнія словы ў судзе па-французску. Філалагічны факультэт, ім гэта цікава. Там вельмі зацікавіліся і пыталі, што яшчэ я б магла прывезці для іх студэнтаў. І вось чарнобыльскую выставу я таксама туды зважу, на тры дні. Будуць чытанні дакуметальных і мастацкіх тэкстаў.
Я лічу 1937 год — вялікі сталінскі тэрор, 1986-ы — Чарнобыльская катастрофа, і 2020-ы, калі скралі нашыя галасы, што выклікала абуджэнне народа, — гэта тры самыя адметныя і пераломныя вехі ў нашым грамадстве.
Алеся Лях, budzma.org
Ілюстрацыі з асабістага архіву гераіні