«Не трэба рабіць з мовы ўчынак»

22.10.2014 Асоба

Паступова набіраюць абароты бясплатныя курсы «Мова Нанова» ў Віцебску. Запачаткаваныя ў сталіцы філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам у студзені, яны паспяхова і якасна праходзяць у іншых гарадах. З іх віцебскімі вядоўцамі Таццянай Дубоўскай і Сяргеем Маркавым паразмаўляем пазней.

Мінулай суботай на курсы ў Віцебску з канцэртам прыехаў вядомы беларускі мастак, паэт, тэлевядучы, лідар гурта «RECHA» Андрусь Такінданг. Яго карані – і з Беларусі, і з афрыканскай Рэспублікі Чад. І вядома, мы з ім размаўлялі. Пра што? Пра мову!

– Пачнём не з самага лёгкага пытання. Чаму, на твой погляд, беларусы не размаўляюць па-беларуску?

– Размаўляе хіба што абмежаваная колькасць людзей. Я наогул думаў раней, што па-беларуску размаўляю толькі я, мае сябры – мастакі, музыкі… А гадоў 12 таму трапіў на Мядзельшчыну, зайшоў у краму і пачуў, як там прадавачка размаўляе па-беларуску, на цудоўнай мове! І асіміляцыя па мяккасці, для мяне нязвыклая… Я проста быў захоплены. Шмат бываў там у вёсках і чуў літаратурную мову, якой нас вучаць у школе. Таму беларуская мова прысутнічае ў пабытовым жыцці. Ёсць рэгіёны, дзе больш-менш гавораць… Могуць сказаць: «Да свіданія! Спасіба!», – а ўвесь астатні тэкст па-беларуску. Вялікая частка не размаўляе па-беларуску. Ну так склалася гістарычна…

– Ты лічыш, што гістарычна так склалася?.. А не думаеш, што калі адбылося масавае перасяленне людзей з вёсак у гарады, то «сапраўдныя» гараджане лічылі, што беларуская мова «калгасная», «калхозная». І таму вяскоўцы пачалі перавучвацца і «гаварыць на гарадском языке»…

– Сапраўды, нават адмысловыя словы ўзнікалі. «Бірёза», напрыклад… Калі пасля вайны ў нас начальства было з Расіі пераважна і калі вяскоўцы прыязджалі ў горад, то чулі, што «паны», савецкія «паны», размаўляюць па-руску. І пачалі ўзнікаць словы, якія і нам здаюцца смешнымі. Тыя, дзе ёсць празмернае «эрь»… Таму пераймалі, як умелі. Гэта адна з прычынаў.

– Зараз беларуская мова, дзякуючы Богу і намаганням многіх ініцыятараў, робіцца моднай у горадзе. Ты лічыш, гэта тэндэнцыя пазітыўная або негатыўная? Бо мода як прыходзіць, так можа і сысці…

– Гэта цудоўная тэндэнцыя. Усё гэта супер! Былі ж розныя сродкі… Напачатку 90-х – адміністрацыйны рэсурс. Калі людзі наракалі, што змушаюць на працы вучыць беларускую мову, дакументы пісаць па-беларуску… Наракалі, наракалі, але тым не менш неяк яна зачапілася і была ва ўжытку, і людзі, якія раней ніколі не размаўлялі па-беларуску, былі вымушаны праз свае працоўныя абавязкі вучыць, цікавіцца… Цяпер мова існуе, функцыянуе ў горадзе таму, што модна. Я думаю, што сукупнасць розных дзеянняў – як ініцыятывы на мейсцах, моладзевыя рухі, так і мусі быць абавязкова ініцыятыва з боку дзяржавы – змогуць стварыць нашую моўную бяспеку.

– А скарыстаўшы ўсе гэтыя рэсурсы, ці зможа беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай? І ці патрэбна гэта ўвогуле?

– Для мяне зараз такая задача – каб беларуская мова не выклікала здзіўлення і непаразумення нідзе ў Беларусі. Гэта задача нумар адзін, тая, якая асяжная. Што будзе далей – мне цяжка пакуль што казаць. Трэба, каб не былі здзіўлення ні пазітыўнага, ні негатыўнага. Каб людзі не падымалі бровы дагары, калі чуюць беларускую мову. У адносінах да сябе асабіста мне ўдалося гэтага дасягнуць. Людзі звыкліся, і людзям будзе дзіўна, калі ці гурт «RECHA», ці Андрусь будуць размаўляць па-руску. Трэба, каб кожны чалавек мог не азіраючыся размаўляць, не трэба рабіць з мовы учынак, а проста ў побыце карыстацца. Ці будзе мова панаваць у нас у асяжнай будучыні, то я не магу гэта прагназаваць. І нават не думаў над гэтым пытаннем.

– Да прыкладу, вырашыў чалавек размаўляць хаця б большасць часу па-беларуску. З чаго яму пачаць, каб астатнія не глядзелі на яго з паднятымі дагары бровамі?

– Цяжка… Ёсць такія простыя словы – «дзякуй», «да пабачэння», якія зразумелыя нават тым, хто не валодае ні рускай мовай, ні беларускай. Калі табе робяць некую паслугу і ты сказаў: «Дзякуй!», – то зразумела, што ты дзячыш чалавеку. Кажаш: «Да пабачэння!», махаеш рукой, – ясна, што ты развітваешся. Ёсць такія словы, якія найбольш часта ўжываюцца, не патрабуюць тлумачэння. Можна пачаць іх выкарыстоўваць. Хаця б з гэтага… Ясна, што папрасіць булку з разынкамі ў краме яшчэ не кожны можа адважыцца. Але сказаць «Дзякуй!», калі цябе разлічылі – можна.

– А каго б з беларускіх пісьменнікаў ты параіў чытаць, каб падвысіць лексічны запас, навучыцца беларускай мове?

– Вінцук Адважны. Гэта псеўданім, а сапраўдае імя – Язэп Германовіч. Не ведаю, наколькі ён пісьменнік. Яго кніга ёсць у «Беларускім кнігазборы», ягоныя ўспаміны. Жыў ён у 20-я гады. Яго мова натуральная, яна нават яшчэ не перарывалася. Ён як размаўляў, так і пісаў. Мне было прыемна чытаць на гэтай мове, яна крыху адрозніваецца ад таго, як мы вучыліся. І вельмі прыгожа!..

– Вядома, што мова моладзі, у тым ліку беларуская, не класічная. У ёй многа слэнгавых слоўцаў. Што параіць чытаць моладзі, каб уліцца ў беларускамоўную прастору?

– Што параіць, каб сваю мову кшталтаваць, я не ведаю. А каб быць у сучаснай пульсацыі, чытайце Віктара Марціновіча. «Сфагнум», «Мова»… Думаю, кнігі будуць набіраць папулярнасць за кошт сваіх сюжэтаў. Наш сучаснік піша актуальныя раманы. Пачытайце «Цмокі лятуць на нераст» Марыйкі Мартысевіч.

– Дзякуй за парады, будзем спадзявацца, што дапамогуць. Андрусь, твой бацька родам з Чада. Скажы, а на якой мове размаўляюць у Рэспубліцы Чад?

– У Рэспубліцы Чад дзве дзяржаўныя мовы – французская і арабская, і таксама дзвесце нацыянальных дыялектаў.

– А ты сам ведаеш якую з гэтых моў?

– Я вучыў усё жыццё французскую мову, але, калі я на ёй размаўляю, мяне хіба разумее з большага мой зводны брат, які жыве ў Чадзе. У яго хапае цярплівасці, цярпення, вытрымкі чуць маю французскую мову.

– А хоць адзін з дыялектаў?

– Не, не ведаю. Толькі асобныя словы.

– Ці ж няма жадання вывучыць? Усё ж такі твае карані таксама адтуль…

– Напэўна, так… Я з разуменнем гляджу на гэтыя нацыянальныя мовы, мне цікава. І некаторыя словы, якія я даведваюся, поўняцца сэнсам і хараством, адразу выклікаюць нейкія эстэтычныя пачуцці і напаўняюць роздумам. Але пакуль што я не буду вучыць нацыянальныя дыялекты.

– Ну і на прыканцы. Па тваім меркаванні, ці маюць курсы «Мова нанова» і «Мова ці кава» эфект, ці патрэбныя яны?

– Я раней думаў, што пытанне мовы ў Беларусі даўно вырашана: хто хоча, размаўляе па-беларуску, хто не хоча – не размаўляе. Але калі ў інтэрнэце закранаецца тэма мовы, то адразу хай ўсчынаецца, гіпер-рэакцыя людзей. Як быццам гэта рана, якую соляць. Я не чакаў гэтага, але сутыкнуўся не адзін раз. І на курсы «Мова нанова», і «Мова ці кава» ў Мінску па 300 чалавек прыходзяць. І гэта вялікая колькасць для моўных курсаў. Гэта паказвае, што гэта актуальная праблема, актуальная падзея. Для мяне асабіста гэта дзіўна, але добра, што актуальна.

– А ці будуць курсы развівацца або проста паіснуюць і сыдуць?

– Яны будуць. Запатрабаванасць жа ёсць. У Віцебску, напрыклад, па 50 чалавек прыходзіць. Цудоўна!

Тэкст і фота: Ян Вецер. Vitebsk4.me