Яшчэ адно захапляльнае падарожжа па вуліцах Мінску адбылося ўчора дзякуючы маладзёваму грамадскаму аб’яднанню “Гісторыка”. Як заўжды яно сабрала шмат мінчукоў, прагных да невядомых фактаў з гісторыі роднага гораду. Падарожжа ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Экскурсаводам выступіў ужо вядомы па мінулых вандроўках па Мінску Іван Сацукевіч, гісторык-тапаніміст, выкладчык БДЭУ і Беларускага Калегіюму. У цэнтры ягоных расповядаў гэтым разам былі малавядомыя моманты з гісторыі заснавання і ўзвядзення будынкаў сучаснай вуліцы Леніна і старога гораду.
Так, напрыклад, ён распавёў, што адна з галоўных і на сённяшні дзень найпрыгажэйшых вуліц Мінску, што носіць гордае імя правадыра вялікай сацыялістычнай рэвалюцыі Уладзімера Леніна, да свайго перайменавання звалася Францішканскай. У свае часы вуліца мела статус элітарнай, бо на ёй пражывалі “вяршкі грамадства” тагачаснага Мінску. Іван Сацукевіч звярнуў увагу слухачоў і на архітэктурныя асаблівасці сучаснага пяцізоркавага гатэлю “Еўропа”, што знаходзіцца на перасячэнні вуліцы Леніна і Інтэрнацыянальнай. Пасля група накіравалася ў касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і доўгі час кружляла вакол Мінскай ратушы, сімвала самакіравання беларускай сталіцы.
Інтарэс да падарожжаў “Гісторыкі” і іх прывабнасць, не зважаючы на іх ранішні час у “святую” для шматлікіх мінчукоў нядзелю, не сціхае. У нядзелю “Гісторыка” рыхтуе новае падарожжа па Гародні, а ў бліжэйшы чацвер адбудзецца інтэрактыўная гульня “Нечаканая штодзённасць”. Калі вы хочаце адкрыць для сябе новыя бакі гораду, які заўжды лічылі прадказальным і вывучаным як свае пяць пальцаў, далучайцеся да нашых вандровак!