Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведваем самы вядомы сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны азёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі, дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем наведаць непасрэдна раённы цэнтр, старажытнае паселішча Браслаў, і ўзняцца на ўзгорак сярод азёраў, які завецца гарой «Маяк», адкуль адкрываюцца фантастычныя краявіды.
Фота: planetabelarus.by
Браслаў
Найперш сёння наведаем адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі — Браслаў. Паводле даследаванняў археолагаў, паселішча на маляўнічым пагорку, аточаным азёрамі, узнікла яшчэ ў ІХ стагоддзі. А ўпершыню ў пісьмовых крыніцах Браслаў узгадваецца ў 1065 годзе, калі на Замкавай гары ўжо было ўмацаванае паселішча.
Браслаўскі замак. Фрагмент з мапы Томаша Макоўскага, 1613
У Сярэднявеччы тут месціўся адзін з васьмі замкаў, які бараніў Полацкае княства ад нападаў суседзяў. Браслаў меў важнае стратэгічнае значэнне не толькі ў абароне межаў, але і ў стварэнні аднога з цэнтраў улады ў ваколіцах. І ў познім Сярэднявеччы, і ў Новы час Браслаў не страціў сваёй стратэгічнай ролі значнага абарончага пункта на мяжы з Інфлянцкім ордэнам, Пскоўшчынай, а пазней і з Маскоўскай дзяржавай. Размяшчэнне на памежжы забяспечыла Браславу цікавую, але неспакойную гісторыю.
Фота: planetabelarus.by
Замкавая гара, Браслаў, 1915
Колішні драўляны замак у Браславе, які ўпершыню згадваецца ў 1514 годзе, мы сёння не пабачым, але Замкавая гара захавалася ў самым сэрцы мястэчка. Вакол яе ад самага заснавання віравала жыццё старажытнага паселішча. З пачатку XIV стагоддзя Браслаў знаходзіўся ў валоданні вялікіх князёў, перайшоў ад Гедыміна ягонаму сыну Януту. У розныя часы тут гаспадаралі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы.
Браслаўскае замчышча, Дзмітрый Струкаў, 1864
На Замкавай гары збіралася на соймікі мясцовая шляхта, але Браслаў так і не стаў буйным цэнтрам дзяржавы. Хоць ужо ў ХVI стагоддзі месцічы рассяліліся далёка за межы Замчышча на вузкім перашэйку паміж Дрывятамі і Нявятамі, моцна разбудавацца гораду перашкаджалі азёры, якія з усіх бакоў атачалі старажытнае паселішча. Вядома, што ў 1559 годзе Жыгімонт Аўгуст загадаў перанесці паселішча на больш зручнае месца, але Браслаў стаіць там, дзе ўзнік, і па сённяшні дзень.
Вуліца Вялікая, Браслаў, Дзмітрый Струкаў, 1864
У 1792 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права і ўласны герб, але ўжо праз два гады моцна пацярпеў падчас змагання паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі з расійскім войскам, і цэнтр ваяводства перанеслі адсюль у Відзы. Неўзабаве Браслаў патрапіў пад уладу Расійскай імперыі і больш за стагоддзе быў шараговым мястэчкам, толькі ў 1919 годзе, калі ўвайшоў у склад Польшчы, зазнаў турыстычны выбух.
Герб Браслава, 1792
Панарама з Замкавай гары, Браслаў, 1944
Размяшчэнне сярод азёраў з пясчанымі пляжамі, хваёвых лясоў тут прынесла свой плён: Браслаўшчына пачала ператварацца ў курортную тэрыторыю. Спрыяла яшчэ і пракладзеная вузкакалейка, якая выкарыстоўвалася таксама і з турыстычнымі мэтамі. У горадзе пачынаюць з’яўляцца гасцініцы і корчмы, адчыняюцца дом спорту, кіназала, дзейнічаюць дзіцячыя летнікі. Браслаўскім аддзелам Польскага краязнаўчага таварыства быў створаны турыстычны даведнік па Браслаўшчыне ды выдадзеныя паштоўкі з найбольш маляўнічымі пейзажамі.
Браслаў, Рынак, 1930-я
Увесь турыстычны рух прыпыніўся з пачаткам Другой сусветнай вайны і не аднаўляўся за савецкім часам. Але сёння Браслаў — адзін з асноўных турыстычных цэнтраў Беларусі, які з кожным годам працягвае актыўна развівацца.
Фота: planetabelarus.by
Апроч замчышча, азёрных маляўнічых краявідаў і іншых помнікаў прыроды, у Браславе ёсць і некалькі цікавых архітэктурных аб’ектаў, на якія варта звярнуць увагу. Адзін з іх — касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Чытайце яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка пятая
Першыя звесткі пра каталіцкі храм у Браславе датуюцца ХV стагоддзем, калі на Замкавай гары ваявода віленскі і староста браслаўскі Войцех Манівід фундаваў узвядзенне першага драўлянага касцёла пад тытулам Маці Божай. Касцёл не аднойчы цярпеў ад пажараў, апошні раз падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай касцёл працягваў дзейнічаць, але ўжо не змяшчаў усіх вернікаў, таму ў 1824 годзе ля Замкавай гары быў узведзены новы мураваны храм. Пасля пажару ў 1832 годзе, які знішчыў базылянскі кляштар на выспе возера Неспіш, што за 3 км ад Браслава, у касцёл перанесены абраз Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, які захоўваецца і сёння ва ўжо перабудаваным у 1897 годзе ў неараманскім стылі будынку.
У знешнім аздабленні касцёла варта звярнуць увагу на захаваную ад папярэдняга храма «разынкавую муроўку» з больш буйных камянёў, праслоеных дробнымі каменьчыкамі, якія сапраўды нагадваюць разынкі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
На 1928 год у браслаўскай парафіі налічвалася каля сямі тысяч вернікаў. Па Другой сусветнай вайне быў забіты мясцовы святар Мечыслаў Акрэец за тое, што хаваў яўрэяў у будынку касцёла.
Фота: planetabelarus.by
У 1950 годзе савецкія ўлады ператварылі храм у сховішча збожжа. Касцёл быў вернуты парафіянам праз два гады, але пераслед вернікаў працягваўся да 1990-х. Сёння касцёл адрэстаўраваны і дзейнічае, у алтары і зараз захоўваецца асноўная рэліквія — цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай.
Фота: planetabelarus.by
Праз дарогу ад касцёла месціцца царква Успення Багародзіцы, тыповая «мураўёўка», збудаваная ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1897 годзе. У царкве захоўваецца шэраг абразоў з колішніх мясцовых цэркваў, некаторыя з якіх напісаныя ажно ў XVII–XVIII стагоддзях.
Варта звярнуць увагу на вялікі будынак з чырвонай цэглы, што на рагу вуліцы Кірава, недалёка ад замчышча — то будынак былой лякарні, дзе працаваў, бадай, самы вядомы браслаўчанін — лекар Станіслаў Нарбут. На пачатку мінулага стагоддзя будынак быў самым вялікім у Браславе. Лякарня лічылася адной з найлепшых у ваколіцах. Зараз тут месціцца жаночы праваслаўны кляштар.
Фота: planetabelarus.by
Станісалаў Нарбут меў дыплом Баварскага каралеўскага ўніверсітэта ў Мюнхене, у Браслаў патрапіў ў 1880-я гады і каля сарака гадоў служыў гораду і месцічам. Яшчэ пры жыцці ў ягоны гонар тут была названая адна з цэнтральных вуліцаў. Нарбут працаваў у адчыненай ім лякарні, а ягонае прозвішча сярод мясцовага люду стала сінонімам да слова «лекар».
Станіслаў Нарбут
Апроч таго, што Нарбут быў медыкам, ён яшчэ служыў кіраўніком мясцовай пажарнай дружыны. Станіслаў Нарбут памёр ва ўзросце сямідзесяці двух гадоў ад запалення лёгкіх. Пахавалі яго на Замкавай гары ў строі пажарніка. І сёння на замчышчы мы можам пабачыць вялікі помнік у гонар выбітнага месціча, які стаў адным з сімвалаў Браслава.
Фота: wikimedia.org
Варта звярнуць увагу і на сённяшнія браслаўскія музеі, будынкі якіх узведзеныя напачатку мінулага стагоддзя. Адзін — гісторыка-краязнаўчы, у якім можна даведацца пра гісторыю мястэчка, рэгіёна ды месцічаў, размяшчаецца ў драўляным будынку колішняй друкарні, якому амаль сто год.
Іншы — музей традыцыйнай культуры — месціцца ў будынку пачатку ХХ стагоддзя на беразе возера Дрывяты. Тут адбываецца актыўнае культурніцкае жыццё, разнастайныя выставы, музычныя выступы, майстар-класы па рамесніцтве ад мясцовых майстроў. На базе музея працуе невялікая гасцініца «Заезны двор», дзе пры жаданні можна спыніцца ды азнаёміцца з гісторыяй корчмаў ды заездаў Браслаўшчыны.
Фота: braslaw.by
Фота: planetabelarus.by
З тым, каб падсілкавацца ды пераночыць, у Браславе не будзе праблемаў, тут круглы год працуе шэраг кавярняў ды рэстарацыяў, здаюцца кватэры на содні. Пры жаданні можна размясціцца ў гатэлях, базах адпачынку, аграсядзібах ці ў намётах у дазволеных месцах.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Маяк
Далей прапануем рушыць на Маяк — да найлепшай агляднай кропкі ў ваколіцах Браслаўскіх азёраў. Яе вышыня каля сарака пяці метраў. Сённяшняя назва за ўзгоркам, які раней называлі Бізняй, замацавалася ад геадэзістаў.
Фота: planetabelarus.by
Напачатку ХХ стагоддзя яны ўсталявалі трыангуляцыйную вежу, якую месцічы пачалі клікаць «маяком». Вежы даўно ўжо няма, але на самай вяршыні «гары» ўзведзена шматузроўневая аглядная пляцоўка, з якой падрабязна можна азнаёміцца з маляўнічымі ваколіцамі.
Фота: holiday.by
Фота: planetabelarus.by
Адсюль варта звярнуць увагу на возера Снуды, адкуль адкрываецца панарама на касцёл у вёсцы Плюсы. За вёскай ужо знаходзіцца мяжа з Латвіяй. З заходняга боку бачныя паўвыспа і вежы касцёла ў Слабодцы. З паўднёвага боку можна разгледзець касцёл у вёсцы Іказнь, возера Струста з маляўнічымі паўвыспамі, а сярод узгоркаў бачныя і абрысы Замкавай гары ў самім Браславе.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
Маяк узвышаецца сярод шэрагу ўзгоркаў, плошчай у некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якія маюць назву Кезікоўскія горы (паводле назвы вёскі Кезікі). Маяк — адзін з самых высокіх узгоркаў тут.
Чытайце яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка 6. Што паглядзець у Іказні
Быць на Браслаўшчыне і не наведаць Маяк для турыста — моветон, таму раім не зацягваць.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ