Працягваем шэраг традыцыйных вандровак па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем наведаць Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае процьма цікавых архітэктурных і прыродных помнікаў, магілы славутых месцічаў, цікавыя гістарычныя мясціны. Сёння рушым у вёску Нагародавічы, якая ў XVII стагоддзі была адным з уплывовых цэнтраў беларускай грэка-каталіцкай традыцыі, дзе захавалася царква, збудаваная ў стылі народнага дойлідства ў ХІХ стагоддзі, і ў маляўнічую вёску Накрышкі, што на ўскрайку Ліпічанскай пушчы, дзе захавалася колішняя ўніяцкая царква ХІХ стагоддзя ды рэшткі парку пры родавай сядзібе мясцовых гаспадароў, шляхецкага роду Стравінскіх.
Фота: planetabelarus.by
Нагародавічы
Першым нашым пунктам на Дзятлаўшчыне будзе вёска Нагародавічы, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца напрыканцы XVI стагоддзя як уласнасць роду Вельямін-Руцкіх. Вядома, што шляхцічы Руцкія вызнавалі кальвінізм. Першы з вядомых гаспадароў тут, Фелікс Руцкі, напрыканцы XVI стагоддзя пабудаваў тут кальвінскі збор, які пазней наступныя ўладальнікі Нагародавічаў, што вызнавалі каталіцтва, перабудавалі пад касцёл. Праз пэўны час і касцёл страціў сваю першапачатковую функцыю храма, а з-за таго, што ў ім захоўвалася шмат каштоўных рэчаў, сярод месцічаў будынак пачаў звацца «скарбец».
Скарбец да 1939 года
«Скарбец» захаваўся на малюнках народжанага ў Нагародавічах вядомага мастака Вінцэнта Дмахоўскага. Некаторыя даследчыкі паводле захаваных выяваў мяркуюць, што «скарбец» быў адным з першых касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, збудаваных у стылі барока. На жаль, да нашых дзён будынак не захаваўся. Калі ў Нагародавічы прыйшлі бальшавікі ў 1939 годзе, «скарбец» быў ушчэнт зруйнаваны.
Нагародавічы, Вінцэнт Дмахоўскі, 1869
Першы вядомы гаспадар Нагародавічаў Фелікс Руцкі быў у шлюбе з Багумілай Корсак, і ў іх сям’і нарадзіўся яшчэ адзін выбітны дзеяч — заснавальнік ордэну базыльянаў, уніяцкі мітрапаліт, пісьменнік, філосаф, педагог, тэолаг Язэп Вельямін-Руцкі. Цікавы факт, што Язэп быў хрышчаны ў кальвінізм паводле веравызнання бацькоў, але ў 1608 годзе перайшоў у грэка-каталікі. З таго часу Язэп Руцкі ўсё сваё жыццё прысвяціў пашырэнню ўніяцтва.
Язэп Руцкі
Нагародавічы перайшлі па спадчыне ад бацькоў Язэпу Руцкаму, і калі ён стаў мітрапалітам Кіеўскім і усяе Русі, у ліпені 1617 года склікаў тут першы з’езд усіх базыльянскіх кляштараў ВКЛ. Вядома, што наведваў гэтую падзею і сам Іасафат Кунцэвіч. Вядома, што падчас першай капітулы базыльянаў у Нагародавічах быў прыняты і статут ордэна.
Фота: eparhia.by
Фота: eparhia.by
Пра падзеі тых слаўных часоў у Нагародавічах нагадвае драўляная царква Св. Міколы Цудатворца — помнік народнага дойлідства. Паводле некаторых даследчыкаў, храм перабудаваны ў ХІХ стагоддзі з першай уніяцкай царквы, якая была ўзведзена тут самім мітрапалітам Язэпам Руцкім. Пасля скасавання ўніяцтва расійскімі ўладамі царкву перадалі праваслаўным вернікам, а за Саветамі яе наагул зачынілі і ўсё аздабленне было вывезена ў невядомым напрамку. Храм адамкнуў свае дзверы для вернікаў толькі ў 1990-я.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Пасля Руцкіх гаспадары Нагародавічаў часта змяняліся, пакуль не перайшлі ва ўласнасць роду Дмахоўскіх, якія гаспадарылі тут ажно да прыйсця Саветаў у 1939 годзе. Раней згаданы знакаміты ўладальнік Нагародавічаў мастак Вінцэнт Дмахоўскі атрымаў маёнтак у спадчыну ад бацькоў. Вядома, што пачатковую адукацыю Вінцэнт атрымаў у Шчучынскім калегіуме ордэну піяраў, пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт, быў вучнем вядомага мастака Яна Рустэма.
Вінцэнт Дмахоўскі, 1904
Дмахоўскі сябраваў з Адамам Міцкевічам і іншымі прадстаўнікамі асветніцкіх гурткоў, заснаваных у Віленскім універсітэце. Вядома, што падчас Лістападаўскага паўстання 1831 года мастак не застаўся ўбаку і прыняў у ім актыўны ўдзел, за што пасля паразы быў вымушаны эміграваць. Але неўзабаве пасля амністыі 1837 года Вінцэнт Дмахоўскі вярнуўся на радзіму і прафесійна заняўся мастацтвам. Сам мастак жыў у Вільні, але часта прыязджаў у родныя Нагародавічы. Як выглядала вёска ў ХІХ стагоддзі, мы можам даведацца з ягоных карцін.
Гальшанскі замак, Вінцэнт Дмахоўскі, 1853
У 1853 годзе Яўстах Тышкевіч замовіў у Вінцэнта Дмахоўскага серыю карцін з выявамі крушняў колішніх замкаў ВКЛ. Пэндзлю мастака належаць больш за сотню разнастайных пейзажаў родных мясцінаў, дзякуючы якім мы сёння можам уявіць веліч мінулых часоў. Пахаваны Вінцэнт Дмахоўскі ў Вільні, але ў Навагародавічах на мясцовых могілках захаваўся склеп роду Дмахоўскіх, які не так проста адшукаць.
Руіны Наваградскага замка, Вінцэнт Дмахоўскі, 1856
Вядома, што сын Вінцэнта Уладзіслаў Дмахоўскі таксама стаў мастаком-ілюстратарам. Ён удзельнічаў у паўстанні 1863–1864 гг., пасля чаго быў вымушаны эміграваць, але ў 1880-я гады вярнуўся ў родныя Нагародавічы і жыў у бацькоўскім драўляным палацы. На жаль, ад палацава-паркавага ансамблю Дмахоўскіх сёння не засталося нават крушняў, усё было знішчана за Саветамі пасля Другой сусветнай вайны. Хіба рэшткі пейзажнага парку на беразе ракі Дзятлаўка нагадваюць пра велічнае мінулае Нагародавічаў.
Накрышкі
Працягнем вандроўку па Дзятлаўшчыне ў вёсцы Накрышкі, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1583 годзе як уладанні знакамітага канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Ёсць меркаванне, што назва паселішча ўзнікла ад словаў «крыж» ці «скрыжаванне», на якім і разбудоўваліся Накрышкі.
Фота: wikimedia.org Накрышкі, Барысаглебская царква
На працягу ўсёй гісторыі Накрышкаў уладальнікі тут часта змяняліся, але найбольшага росквіту паселішча дасягнула, калі тут гаспадарыў шляхецкі род Стравінскіх. Стравінскія збудавалі тут родавую сядзібу, у якой жылі з XVIII стагоддзя і ажно да самага прыйсця савецкай улады ў 1939 годзе, больш за 250 год. Першым са Стравінскіх у маёнтку Накрышкі быў слонімскі стараста Фларыян Стравінскі, у першай палове ХІХ стагоддзя — нашчадак Фларыяна Адам Стравінскі, аднаўляў родавую сядзібу пасля пажару ў 1883 годзе Станіслаў Стравінскі, а апошнім гаспадаром да 1939 года тут быў ягоны сын Ян Стравінскі.
Фота: wikimedia.org Накрышкі, Барысаглебская царква
На жаль, да нашых дзён сядзіба Старавінскіх не захавалася, яна была знішчана падчас Другой сусветнай вайны. Можна ўявіць, як яна выглядала, толькі паводле старых фотаздымкаў. Гэта быў аднапавярховы прастакутны драўляны будынак на нізкім падмурку, узведзены ў стылі класіцызм з усімі характэрнымі для яго вонкавымі аздабленнямі.
Накрышкі, сядзіба Стравінскіх. Выгляд з боку пад’езду. Здымак Яна Булгака (да 1939 г.)
Да Другой сусветнай вайны ў сядзібе захоўвалася вялікая бібліятэка, у якой было каля дванаццаці тысяч тамоў, у тым ліку і каштоўных старадрукаў. Сярод іх былі і першыя выданні твораў Адама Міцкевіча з прысвячэннямі аўтара. Да нашых дзён ад палацавага комплексу засталіся рэшткі калісьці велічнага прысядзібнага парку, закладзенага тут у XVIII стагоддзі, і некалькі паркавых сажалак.
Фота: intex-press.by
Сёння ў парку наведнікаў зацікавіць мясцовая славутасць — стары мемарыяльны камень з высечаным крыжом на ім. Месцічы сцвярджаюць, што гэты камень тут узнік яшчэ за слонімскім старастам Фларыянам Стравінскім у ХVIII стагоддзі, нібы як помнік на магіле любімага ўсёй сям’ёй хатняга гадаванца, верагодна, сабачкі.
Фота: radzima.org
Яшчэ з захаваных да нашых дзён маўклівых сведкаў мінуўшчыны ў Накрышках варта звярнуць увагу на Барысаглебскую царкву, што месціцца ў цэнтры вёскі. Яна была закладзена як грэка-каталіцкая ў 1790 годзе Францішкай Стравінскай. Новы будынак, ужо мураваны, у стылі позняга класіцызму, на месцы старога быў узведзены ў 1821 годзе. Пасля скасавання уніі расійскімі ўладамі ў 1939 годзе храм быў аддадзены праваслаўным і істотна перабудаваны ў 1886 годзе, набыўшы рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. У такім выглядзе мы можам пабачыць царкву і сёння.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org