Сасланыя ў Сібір пасля паразы паўстання 1863–1864 гадоў беларусы і палякі не проста выжывалі ў выгнанні. Яны стваралі школы і арцелі, распрацоўвалі федэралісцкія праекты і нават марылі пра незалежную «Свабодаславію». Іх уплыў на фарміраванне сібірскага рэгіяналізму аказаўся больш істотным, чым прынята думаць, піша «Новы Час».
Іркуцк у XIX стагоддзі — адзін з цэнтраў сібірскай ссылкі, куды накіроўвалі ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў (гравюра паводле фатаграфіі). Крыніца: Wikimedia Commons, public domain
Пасля падаўлення паўстання царская Расія дэпартавала тысячы яго ўдзельнікаў у Сібір — на катаржныя работы і ў месцы прымусовага рассялення. Былых паўстанцаў накіроўвалі ў Іркуцкую губерню, Забайкалле, Енісейскі край. Паводле розных ацэнак, колькасць ссыльных складала каля 18 000–20 000 чалавек.
Гэтыя ссыльныя — у тым ліку такія фігуры, як Агатон Гілер і іншыя дзеячы паўстанцкага асяроддзя, — прынеслі ў Сібір ідэі федэралізму, антыаўтакратыі і нацыянальнага самавызначэння. Яны апынуліся ў рэгіёне, дзе ўжо існавала незадаволенасць тым, што Санкт-Пецярбург глядзіць на Сібір выключна як на калонію.
Трэба сказаць, што і раней сібірская інтэлігенцыя «ў размовах на кухнях» наракала на каланіяльны статус краю. Прыбыццё з польскіх і беларускіх земляў былых паўстанцаў супала з гэтым інтэлектуальным крамольным рухам і надало пратэсным настроям сібіракоў выразнейшую палітычную форму.
У выніку нашы суайчыннікі паўплывалі на афармленне канцэпцыі сібірскага рэгіяналізму (пазней вядомага як «сібірскае абласніцтва») — руху, які выступаў за шырокую аўтаномію, эканамічную самастойнасць і культурную адметнасць рэгіёна.
Учорашнія паўстанцы сталі аўтарытэтамі для часткі сібірскага грамадства не проста так. Яны стваралі кааператыўныя арцелі на аснове прынцыпаў узаемадапамогі і самакіравання, вучылі мясцовых вырошчваць бульбу, наладжваць сыраробства, адкрывалі школы і бібліятэкі (іх зборы налічвалі да некалькіх тысяч тамоў), будавалі капліцы.
Сібірская вёска ў XIX стагоддзі. Менавіта ў такіх умовах ссыльныя арганізоўвалі арцелі, займаліся гаспадаркай і ўбудоўваліся ў мясцовае жыццё (гравюра, public domain)
У такіх раёнах, як Енісейская губерня, ссыльныя з ніжэйшых пластоў грамадства ўступалі ў шлюбы з мясцовымі жыхарамі, стваралі фермерскія гаспадаркі і ўносілі ўклад у развіццё адукацыі і медыцынскай дапамогі.
Аднак справа не абмежавалася лакальным актывізмам. Перыядычна ў асяроддзі былых паўстанцаў узнікалі і радыкальныя планы. Краснаярска-Канская справа 1865–1866 гг. паказала, што сярод ссыльных — разам з рускімі рэвалюцыянерамі, у тым ліку Мікалаем Сярно-Салавевічам, — абмяркоўвалася магчымасць узброенага выступу супраць імперскай улады.
Паводле шэрагу сведчанняў і пазнейшых інтэрпрэтацый, змоўнікі разглядалі стварэнне ў Сібіры незалежнай рэспублікі з федэратыўна-дэмакратычнай структурай кіравання. У публіцыстычнай традыцыі гэты праект часам называюць «Свабодаславіяй». Гаворка ішла таксама пра магчымасць аўтаномных адміністрацыйных адзінак для асобных этнічных груп, у тым ліку буратаў і іншых народаў рэгіёна.
Дарэчы, федэралісцкія ідэі не ўзніклі ў Сібіры з нуля. Яшчэ падчас паўстання такія дзеячы, як Зігмунд Серакоўскі, разважалі пра перабудову імперыі на федэратыўных прынцыпах у духу польска-літоўскай палітычнай традыцыі. Гэтыя канцэпцыі маглі ўплываць і на мысленне ссыльных.

Зігмунд Серакоўскі
Агатон Гілер і іншыя публіцысты паўстанцкага кола выступалі за саюзы прыгнечаных народаў імперыі. У іх тэкстах гучала ідэя, што супрацоўніцтва з татарамі і іншымі этнічнымі супольнасцямі можа аслабіць імперскі цэнтр.
Увогуле эмігранты ўзаемадзейнічалі з карэннымі народамі Сібіры, крытыкавалі імперскія злоўжыванні — захоп земляў, адміністрацыйны ціск, сацыяльную дэградацыю. Гэта не азначала поўнай гармоніі, але іх пазіцыя часта выглядала больш крытычнай, чым у афіцыйнай улады.
Імперскія ўлады выкрылі змову. Пачаліся арышты, быў узмоцнены паліцэйскі кантроль і нагляд за ссыльнымі. У 1870-х гадах частка ўдзельнікаў паўстання атрымала амністыю і вярнулася ў еўрапейскую частку імперыі, што істотна аслабіла іх уплыў на сібірскую грамадска-палітычную дыскусію.
Нядзіўна, што пасля 1866 года рух за аўтаномію Сібіры страціў радыкальны імпульс, і да падзей 1917 года маштабных сепаратысцкіх выступаў тут не адбывалася. Аднак сама ідэя сібірскай аўтаноміі як палітычная канцэпцыя сфармавалася менавіта ў той перыяд, калі ў рэгіёне знаходзіліся былыя паўстанцы 1863 года.
Гісторыкі прызнаюць, што сібірскі рэгіяналізм абапіраўся не толькі на дзейнасць ссыльных, але і на мясцовыя эканамічныя крыўды, а таксама на дэмакратычныя традыцыі дэкабрыстаў, сасланых у 1820-х гадах. Аднак эмігранты з польскіх і беларускіх земляў у сярэдзіне 1860-х гадоў надалі гэтым настроям выразную федэралісцкую і ідэалагічную афарбоўку.
Калі ў Сібіры калі-небудзь паўстане незалежная дзяржава, сярод яе ідэйных бацькоў-заснавальнікаў будуць і ўраджэнцы беларускіх земляў.