Сярод кнігарняў Віцебска “Абажурчык” займае асаблівае месца. За два гады працы крама стала клубам для дзяцей і дарослых з насычаным графікам падзей. Сёлета ў клубнай афішы з’явіліся мерапрыемствы на беларускай мове, якія праходзяць у тым ліку пры падтрымцы культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Гаспадыня кнігарні Ала Спірыдонава расказала budzma.by, чым займаецца клуб, як “Абажурчык” загаварыў па-беларуску, чаму важна чытаць разам з дзецьмі і як зрабіць з кнігі не бізун, а пернік.
“Васільеўна, у нас Груфала ёсць?”
Не выключана, што менавіта гэтае пытанне, якім гучна абменьваліся прадавачкі віцебскіх кнігарняў у марных пошуках бестселера Джуліі Дональдсан, прывяло да ўзнікнення “Абажурчыка”. Яго гаспадыня з задавальненнем успамінае, як падчас дэкрэтнага адпачынку ў іх доме з’явіўся невялічкі сямейны тэатр ценяў. “У хатніх умовах мы ставілі спектакль паводле казкі “Пеўнік і бабовае зярнятка”, — пачынае аповед Ала. — Пакуль аднойчы не атрымалі запрашэнне выступіць публічна. Спакуса парадаваць гледача пераадолела сарамлівасць, і мы дэбютавалі на фестывалі “Дзіцячы ўік-энд” у Віцебску. Для пастаноўкі мы абралі сюжэт надзвычай папулярнай і цяпер кнігі “Груфала”. І пачалі шукаць яе па гарадскіх кнігарнях — для нас было важна патрымаць папяровае выданне ў руках, пагартаць, уважліва разгледзець ілюстрацыі. Кнігі мы не знайшлі, а ўзроўнем абслугоўвання расчараваліся. І тады мы зразумелі, што ніша свабодная: якасных, модных перакладных кніг, як і добрых кансультантаў, у Віцебску няма”. 12 жніўня 2015 года эмацыйна і спантанна адкрыўся “Абажурчык”. “На адкрыцці прысутнічалі пераважна нашы сябры, — усміхаецца Ала. — І гандаль спыніўся на наступны дзень. У верасні-кастрычніку пачаўся гарачы сезон для падручнікаў і канцтавараў, а ў нас — нікога. І тут мы зразумелі, што знаходзімся на пятым паверсе велізарнага гандлёвага цэнтра, у месцы, дзе няма праходнасці, што мы сэканомілі на рэкламе, а ў нашай групе ў сацыяльных сетках не больш за сто чалавек”.
Продаж кніг — гэта падзейны бізнес
“Паступова мы зразумелі, што кнігі — гэта падзейны бізнес, — працягвае Ала. — Як толькі адбываецца нешта цікавае — публічнае чытанне, майстар-клас, спектакль, лекцыя, — прыходзяць дарослыя і дзеці, пасля івэнту нешта набываюць, робяцца пастаяннымі заўзятарамі і пакупнікамі”.
Цяпер у клубе даволі насычаны графік. Кожныя выходныя тут нешта адбываецца, і мерапрыемствы разлічаныя на шырокае кола наведнікаў — ад самых маленькіх да самых дарослых. “Дзеці асабліва любяць майстар-класы з шыццём, — кажа гаспадыня. — Па-першае, у канцы занятку яны трымаюць у руках вынік сваёй працы — самі зрабілі некалькі швоў, прыклеілі нос, набілі сінтэпонам і атрымалі цудоўную цацку. Па-другое, падчас майстар-класаў мы абавязкова робім перапынак на гарбату і чытаем. Абавязкова — па тэме: калі шыем сабачку, то і чытаем пра разумную сабачку Соню. Іншы наш любімы кірунак — кніжны дэкаратар у выкананні майстра Іны Брыль. Перад заняткам дзеці чытаюць кнігу, напрыклад, “Пітэра Пэна”, і вылучаюць пэўны элемент, які можна зрабіць уласнымі рукамі. Так, у “Пітэры Пэне” мы акцэнтавалі ўвагу на феі Дзінь-Дзінь і зрабілі для яе начнічок. Мастачка Настасся Ганчарова выкладае курс кніжных ілюстрацый “Самвыдат”. Дзеці пішуць гісторыі на любую тэму, малююць, кадруюць і ў тэхніцы калажу ствараюць сваю кнігу. У нас ужо ёсць некалькі кніг. Будзем працягваць заняткі і ствараць новыя кнігі, каб аддаць у сапраўдны друк найлепшую з іх”.
Дарослыя наведваюць “Абажурчык”, каб паслухаць лекцыі спецыялістаў, прысвечаныя важным момантам выхавання, пагуляць у настольныя гульні альбо абмеркаваць цікавую кнігу. Так ці іначай, у кожнай падзеі дамінуе кніга, каб пашырыць яе прысутнасць у паўсядзённым жыцці.
“Мы падтрымліваем мясцовых аўтараў і ілюстратараў”
На паліцах крамы — кнігі ад вядомых выдавецтваў “Самакат”, “Компасгід”, “Махаон”, “Лабірынт”. Частку асартыменту складаюць кнігі беларускіх выдавецтваў. “Асабліва добрыя адносіны ў нас склаліся з выдавецтвам “Кнігазбор” — у іх добры дзіцячы асартымент, — адзначае Ала. — А ўвогуле я падарожнічаю па выставах і бяру ўсё беларускае, вартае ўвагі. Літаратуру на беларускай мове шукаюць. І выдавецтвам вельмі важна правільна зрэагаваць на запыт. Найчасцей шукаюць кнігі альбо для зусім маленькіх дзетак, альбо для першага чытання. А гэта вялікія карцінкі і буйны шрыфт, словы, якія паўтараюцца і пры пазнаванні складаюць сітуацыю поспеху. Гэта стымулюе жаданне да чытання. Многія кнігі, перанасычаныя тэкстам, не падтрымліваюць такі фармат”.
Кнігу варта правільна падаць, упэўненыя ў кнігарні. Тут адбываюцца аўтограф-сесіі і прэзентацыі, у тым ліку на беларускай мове. Так, адной з апошніх беларускамоўных падзей пры падтрымцы кампаніі “Будзьма” стала прэзентацыя кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”. Яе паказваў дзеткам акцёр, казачнік, драматург і культуролаг Васіль Дранько-Майсюк. “Мы хочам прадаваць больш беларускай літаратуры і перакладной літаратуры па-беларуску, — дзеліцца планамі Ала. — І вельмі ўдзячныя бацькам, якія ствараюць попыт і набываюць “Пэтсана і Фіндуса”, “Алісу”, “Біла і Болу”, календары і паштоўкі па-беларуску. Яны даюць нам зарад энтузіязму і разуменне таго, што мы крочым у правільным кірунку”.
“Абажурчык” ахвотна падтрымлівае мясцовых аўтараў і ілюстратараў. Тут можна набыць раман Людмілы Клімят “Выжывуць толькі чараўнікі”, пагартаць серыю кніг з ілюстрацыямі Антона Ламаева — мастака родам з Віцебска. Вельмі важна, што ў “Абажурчыку” пра гэта расказваюць. І паход у кнігарню замест звычайнай працэдуры куплі-продажу робіцца цікавым падарожжам у свет кнігі.
Аматарскі тэатр і прафесійныя трупы
У “Абажурчыку” надзвычай любяць тэатр: нездарма кнігарня-клуб пачыналася з сямейнай трупы. За некалькі гадоў яе рэпертуар пашырыўся, і акрамя “Груфала” тэатр ценяў паказвае спектакль “Пра каханне” для дарослых і “Вярхом на памяле” для дзяцей паводле казак Джуліі Дональдсан, які ўдзельнічаў у вулічным форуме “На сямі вятрах” падчас “Славянскага базару”, інтэрактыўныя чытанні з тэатральным пагружэннем “Кіт плыве на поўнач” паводле кнігі Настассі Строкінай. “Але наш узровень аматарскі, — мяркуе гаспадыня, — таму з цягам часу мы пачалі запрашаць прафесійныя трупы, якіх задавальняе фармат невялікага памяшкання. Сярод першых нас падтрымаў тэатр моды “Касцюмер”. Нашымі гасцямі былі піцерскі “Прывет!” з “Маленькім Дзедам Марозам” і чароўным спектаклем “Пумпурум”, “Картонка” Святланы Бень з пастаноўкай “Быў бы ў мяне дракон”, віцебскі тэатр аднаго акцёра “Растармошка”, рэпертуар якога складае спектакль у пастаноўцы Алеся Аўсяннікава паводле кнігі Гары Бардзіна “Дастаць да неба”. Мы хочам данесці да дзяцей, што тэатр можа быць паўсюль, што мастацтва не абмяжоўваецца сцэнамі “Лялькі” і тэатра Якуба Коласа”.
Фармат тэатра стымулюе вывучэнне мовы
Сёлета ў “Абажурчыку” паказалі спектакль па-беларуску. “Упершыню “Лямцавую батлейку” я ўбачыла на кніжным кірмашы ў Мінску, — успамінае Ала. — З тае пары я чакала нагоды запрасіць акцёраў да нас. Зручны момант здарыўся акурат напярэдадні Дня роднай мовы. Я звязалася з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, і вандроўны тэатр даў у “Абажурчыку” два спектаклі па матывах шведскіх казак Юі Вісландэр “Мама Му ў басейне”. Фармат тэатра схіляе да вывучэння мовы — у пастаноўцы яна жывая і зразумелая. А гэта адразу здымае градус напружання. У школах і садках вывучэнне мовы мае афіцыйны характар, які можа адштурхнуць, пазбавіць жадання размаўляць. Гульнявы фармат запатрабаваны сярод свядомых бацькоў, які разумеюць, у якой краіне яны жывуць і якая мова родная для іх дзетак. На маю думку, у будучыні без беларускай мовы нам не абысціся, калі мы хочам, каб у нас было свядомае ўспрыняцце рэчаіснасці, каб мы падтрымлівалі нашу культуру”.
“Мы пачалі размаўляць па-беларуску і спадзяемся на падтрымку”
Гаспадары “Абажурчыка” пачалі надаваць больш увагі івэнтам на беларускай мове, бо яны робяцца запатрабаванымі. “На жаль, сённяшняя сістэма адукацыі не зможа ўзняць цікавасць да беларускай мовы, — упэўненая Ала. — Таму выйсце я бачу ў звароце да гульнявых фарматаў”. Гуляць па-беларуску ў “Абажурчыку” хацелі даўно, аднак доўга не маглі знайсці адказнага чалавека — аўтара і вядоўцы. Першую інтэлектуальную гульню MОВАМІХ для дзяцей ад сямі гадоў сёлета правяла Аксана Нядвецкая — рэдактар, аўтар артыкулаў для дзіцячай газеты, аматарка і ўдзельніца шматлікіх інтэлектуальных гульняў. Пытанні былі прысвечаныя мове, літаратуры, вядомым дзеячам беларускай культуры. “На гульні прысутнічалі дзеткі ад 7 да 11 гадоў, а гэта даволі вялікая ўзроставая разбежка, — кажа Ала. — І, нягледзячы на тое, агульны ўзровень ведаў аказаўся, на жаль, даволі нізкім, адзін хлопчык паказаў бліскучыя вынікі, і мы будзем прыкладаць намаганні, каб такіх дзяцей рабілася больш. Для нас гэта непракладзеная дарожка, мы толькі пачынаем размаўляюць па-беларуску і спадзяемся на падтрымку”.
Фестываль і кніжны марафон
Ідэям “Абажурчыка” часам не хапае месца ў невялікім памяшканні на пятым паверсе гандлёвага цэнтра. У мінулым годзе гаспадыня кнігарні ініцыявала правядзенне кніжнага фестывалю, які стаўся для Віцебска значнай падзеяй. “Мне хочацца, каб прысвечаных кнігам імпрэзаў у горадзе было як мага больш, — тлумачыць Ала. — Прымеркаваны да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі “АзBookФэст” мы праводзілі сумесна з бібліятэкай імя Леніна. Яна падрыхтавала пляцоўку, а мы працавалі над праграмай фестывалю. У кожнай зале будынка бібліятэкі нешта адбывалася — працавалі пляцоўка для бацькоў, пляцоўка гучных чытанняў, шоў-пляцоўка. Мы запрашалі прафесіяналаў, да якіх у дарослых часта ўзнікаюць пытанні: лагапеда, псіхолага, дзіцячага стаматолага, арт-тэрапеўта, казкатэрапеўта. З некаторымі спецыялістамі мы супрацоўнічаем і цяпер. Так, з часоў “АзBookФэста” ў Абажурчыку шэраг лекцый для свядомых бацькоў чытае казкатэрапеўт. Яна тлумачыць, як ператварыць выхаванне ў казку, якія казкі чытаць у розных сітуацыях — калі дзеці сварацца паміж сабой, капрызяць, не хочуць есці, не хочуць чытаць, баяцца цемры, дрэнна спяць, як адрозніць дрэнны мульцік ад добрага і ці варта ўвогуле іх паказваць дзецям”.
Праз фестываль прайшло больш за паўтары тысячы чалавек. Пра гэта арганізатарам паведаміла гардэробшчыца, у якой не хапіла кручкоў, каб павесіць усе курткі. І хаця фестываль меў поспех, досвед супрацы з бібліятэкай аказаўся не вельмі ўдалым. Сёлета Міжнародны дзень кнігі “Абажурчык” адзначае ўласнымі сіламі, на сваёй пляцоўцы. Акурат цяпер у клубе ідзе кніжны марафон, прымеркаваны да дня дзіцячай кнігі. Цэлы тыдзень насычаны цікавымі падзеямі — кінапаказамі, спектаклямі, сустрэчамі, чытаннем пад музыку, майстар-класамі па вырабе кніг розных фарматаў і з розных матэрыялаў, у тым ліку з гліны.
“Бібліятэкі маюць добрыя фонды дзіцячай літаратуры, але не хочуць мяняць метады працы”
Большую частку кніжнага свету Віцебска складаюць класічныя кнігарні. Галоўным канкурэнтам — у добрым сэнсе гэтага слова — гаспадары “Абажурчыка” лічаць Оz.by і спадзяюцца, што з часам цікавых кнігарняў і клубаў будзе з’яўляцца больш. Бо канкурэнцыя дае штуршок для развіцця. Гэта тое, чаго не хапае беларускім бібліятэкам. “Досвед узаемадзеяння з бібліятэкамі не спрацаваў, — кажа Ала. — Гучыць дзіўна, але яны аказаліся не падрыхтаванымі для дзіцячага фармату. У іх ёсць план па платных паслугах, які спыняе творчыя ініцыятывы. Маючы добрыя фонды дзіцячай літаратуры ад вядомых выдавецтваў, яны востра адчуваюць недахоп чытачоў. Але не хочуць мяняць метады працы. Мы спрабавалі праводзіць квэсты ў бібліятэцы. На маю думку, для невялікай групы дзяцей можна было б адкрыць архівы — з доўгімі калідорамі, кніжнымі паліцамі. Гэта было б надзвычай атмасферна, асабліва для дзяцей, якія растуць у час сучасных тэхналогій. Мы былі б радыя працаваць разам, аднак замест супрацы цяпер імкнёмся пашырыць уласнае памяшканне”.
Ала марыць калі-небудзь адкрыць кніжную кавярню, дзе можна будзе гартаць любімую кнігу пад кубачак кавы.
Камп’ютар — пернік, кніга — бізун
“А ўвогуле магу сказаць, што кнігі — гэта не для грошай, а для душы, — кажа Ала. — Мы самі фармуем сабе аўдыторыю, і кожны чалавек, які да нас дайшоў, — наш мэтавы кліент, выпадковых людзей тут няма. Мы працуем, каб падняць узровень каштоўнасці кнігі як прадукту, каб вярнуць папяровы фармат як адзіны магчымы ў чытанні, прынамсі, дзецям. Ад нас можна пайсці без кніжкі, але без парады — не. Мне хочацца, каб як мага больш людзей пазбавілася стэрэатыпу, які застаўся нам у спадчыну ад часоў, калі кніга была элементам пакарання. Бацькі часта казалі: “Вось пачытай раздзел, а пасля паглядзіш тэлевізар, пагуляеш за камп’ютарам”. Сучасныя гаджэты зрабіліся пернікам, а кніга — бізуном. Складана цяпер вярнуць усё назад, таму кнігай трэба асабліва зацікавіць. Колькі і як чытаць, залежыць ад эмацыйных сувязяў бацькоў і дзяцей. Як чалавек, які бачыць шмат людзей, якія набываюць і шукаюць кнігі, я б параіла перадусім чытаць дзецям перад сном, пакуль яны просяць. Гэта надзвычай каштоўна. Калі кніга закрываецца, працягвае працу галава — развіваецца фантазія, узбагачаецца мова”.
Для тых, хто сумняваецца ці страціў веру ў сілу сумеснага чытання, “Абажурчык” запусціў акцыю “Шчаслівыя гадзіны 5000”. Гэта сотні фотаздымкаў дзяцей і бацькоў з кнігай, выкладзеных у сацсеткі з хэштэгам #абажурчык#шчаслівыягадзіны як доказ таго, што кнігай варта стымуляваць, а не караць.
Яна Шыдлоўская,
фота – Андрэй Тавалжанскі