Як падарожжа Скіргайлы ў Ордэн стала пачаткам звяржэння Кейстута?

12.07.2024 Гісторыя

З дапамогай каго і як Ягайла рыхтаваў змову супраць Кейстута? Якую ролю адыгралі ў падрыхтоўцы змовы крыжакі? Чаму пасольства Ягайлы імі шчыра прымалася? Якім чынам Скіргайлу ў той час удалося атрымаць званне «князя Русі» і ў чым была выгода Ягайлы? Ці здагадваўся пра змову стары князь Кейстут? У гісторыі палітычных перыпетый канца XIV стагоддзя разбіраецца Алесь Краўцэвіч.


Гісторыя за 5 хвілін

Летам 1379 г. Ягайла, які ад пачатку гаспадарання не быў заўважаны ў дапамозе Кейстуту ў змаганні з Ордэнам, раптам распачаў актыўныя дзеянні на заходнім кірунку. 3 ліпеня 1379 г. у Мальбарку з’явіўся Скіргайла са світай у 30 асобаў. Афіцыйнай мэтай пасольства было наладжванне адносінаў з Захадам, сустрэча з польска-венгерскім каралём Людовікам Анжуйскім, рымскім (германскім) каралём Вацлавам ІV Люксембургскім і Папам Рымскім Урбанам VI. (З апошнім меліся нюансы, бо ад 1378 г. у каталіцкай царкве пачалася «Вялікая схізма», якая працягвалася да 1417 г. і дзейнічалі два папы — рымскі Урбан VI і авіньёнскі Клеменс VII.).

Скіргайлу з гонарам прымалі ў Мальбарку і ў іншых крыжацкіх замках па дарозе праз ордэнскую дзяржаву. Хоць ён нібыта спяшаўся на вяселле Добжыньскай княгіні Маргарыты з Генрыхам сынам Бжэгскага князя (гэта ў Сілезіі), праезд праз тэрыторыю Ордэнскай дзяржавы заняў працяглы час — 11 дзён.

Пра далейшае падарожжа Скіргайлы за межамі Ордэнскай дзяржавы інфармацыі няма, невядома, ці адбыліся сустрэчы з манархамі. Наступныя звесткі пра яго прысутнасць у Літве адносяцца да лета 1381 г. Польскі гісторык з XIX ст. Станіслаў Смолька на падставе запісу ў Торуньскіх аналах (XV ст. processit ulterius ad regem Ungarie et ad regem Romanorum et fuit dux Russie s: «Ён перайшоў далей да караля Венгрыі і да караля Рымлян і быў князем Русі», выказаў асцярожнае дапушчэнне, што Скіргайла мог атрымаць ад германскага караля — вышэйшай асобы ў свецкай іерархіі заходняга хрысціянства, тытул «князь Русі». Зрабіў гэта дзеля падмацавання ў вачах Захаду права на валоданне праваслаўнымі землямі (летам 1381 г. ён здабываў Полацк у саюзе з Лівонскім ордэнам).

Адразу пасля выезду Скіргайлы ў Мазовію высокі ордэнскі чын, адзін з кіраўнікоў (вялікі маршал ці вялікі комтур) напісаў ліст да маці Ягайлы і Скіргайлы вялікай княгіні-ўдавы па Альгердзе Ульяны Аляксандраўны, які ўтрымлівае дадатковую інфармацыю пра паездку і пралівае святло на планы ордэнскага кіраўніцтва. Піша пра сустрэчу Скіргайлы з хохмайстрам, яго жаданне прыняць каталіцтва, пра ўрачыстыя прыёмы яе сына, провады да мяжы з Мазовіяй. Потым пераходзіць да выкрывання намераў Кейстута, які «нібы шалёны сабака» снуе планы, «разважае, як бы здрадзіць вашаму слаўнаму сыну Ягайлу, а самому захапіць замкі і зняволіць люд з усім каралеўствам». Крыжацкі кіраўнік просіць Ульяну выслухаць паслоў, якія прывязуць ліст і вусна перакажуць нешта ад яго і ад хохмайстра і пра што не выпадае напісаць Ягайлу (ужо гэта акалічнасць насцярожвае). Згадваецца таксама падарунак хохмайстру ад Ягайлы, а менавіта падзяка за прысланае сядло, што сведчыць калі не пра ініцыятыву вялікага князя, то прынамсі жаданне да наладжвання саюзных адносінаў з Ордэнам.

Храніст Віганд з Марбурга запісаў пра працяг кантактаў: «Кароль Ягайла паслаў да магістра Вінрыха. Ён хацеў пацвердзіць заключаныя трактаты, стаць хрысціянінам і ніколі не шкодзіць Ордэну». Усе гэтыя факты, сабраныя разам: нечаканая паездка даверанай асобы Ягайлы ў Ордэн, ліст з Ордэна да вялікай княгіні з абгаворваннем Кейстута, падарункі і пасольства Ягайлы да крыжакоў, не пакідаюць сумнення — завязвалася змова Ягайлы з Ордэнам супраць Кейстута, прычым абодва бакі актыўна рабілі крокі насустрач. Большасць даследчыкаў згодная, што насамрэч афіцыйная мэта падарожжа Скіргайлы была прыкрыццём для таемных перамоваў з ордэнскім кіраўніцтвам пра саюз супраць Кейстута. Пра гэта засведчылі далейшыя дзеянні саюзнікаў.

Паездка Скіргайлы несумненна мела быць узгодненая з Кейстутам. Невядома, як старому князю была патлумачаная яе мэта: як уласная ініцыятыва Скіргайлы ці як спосаб праз дыпламатыю хаця б часова паўстрымаць мілітарную актыўнасць Ордэна.

Бакі прыйшлі да згоды, што дамоўленасць павінна застацца ў таямніцы. Ягайла не быў пэўны ў перамозе ў выпадку адкрытага канфлікту з дзядзькам, кіраўніцтва Ордэна мела на ўвазе свой інтарэс. Добрым прыкрыццём для таемнага саюза было адначасовае вядзенне мірных перамоваў з Кейстутам, які ніколі не адмаўляўся ад замірэнняў, хоць бы часовых, з Ордэнам.

Папярэднія выпускі глядзіце па спасылцы.