У ХVI стагоддзі ў ВКЛ былі тры Беліцы. Адна — на Гомельшчыне, другая — на Віцебшчыне, а трэцяя ў сённяшнім Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Пра паходжанне яе назвы ёсць шмат версій. Але мясцовыя жыхары перакананыя, што Беліца азначае «белая», іншымі словамі, чыстая, светлая, вялікая і свабодная, піша planetabelarus.by.
На Лідчыне гэта, магчыма, самае старажытнае паселішча. У паўднёвым напрамку ад вёскі, недзе за 500 м, былі знойдзены крамянёвыя прылады працы эпохі позняга палеаліта. А на паўночны ўсход, на горцы адразу за Беліцай, знаходзіцца старажытны могільнік. Зрэшты, у наваколлі вёскі археолагі знайшлі шмат іншых знакаў таго, што людзі тут пасяліліся яшчэ да нашай эры.
Першыя дакументальныя згадкі пра Беліцу адносяцца да канца XIV ст. У 1377 годзе пад канец снежня балцкі комтур (брат-рыцар Тэўтонскага ордэна) прывёў сюды войска ў 600 чалавек. І крыжакі пачалі штурм Беліцкага замка. Праўда, здолелі яны захапіць замак ці паламалі свае зубы аб літвінскую зброю, звестак не захавалася. Але ў сярэдневяковай гісторыі Беліца адзначылася.
Другая, вядомая па пісьмовых дакументах згадка пра гэтую вёску — 1486 год. На той час Беліца была ўжо цэнтрам Беліцкай воласці і ўласнасцю нашых вялікіх князёў. Пад канец XV стагоддзі гэты велікакняжацкі валасны цэнтр атрымлівае статус мястэчка. А ў 1501 годзе вялікі князь і кароль Аляксандр піша грамату епіскапу Альберту Табару, у якой згадвае пра Беліцкую парафію. Відавочна, тут ужо быў парафіяльны касцёл, які, па сцвярджэнні гісторыкаў, з’явіўся недзе пасля 1430-х гадоў.
У XVI стагоддзі мястэчка Беліца было цэнтрам староства і цэнтрам павета. Вялікім князям яно належала яшчэ доўга, але ўсімі справамі тут запраўлялі велікакняжацкія намеснікі. Першым беліцкім намеснікам стаў князь Юрый Гальшанскі, якому менавіта на гэтай зямлі давялося вытрываць адно з самых суровых выпрабаванняў у жыцці.
На пачатку жніўня 1506 года на Беліцу раптоўна напалі крымскія татары пад камандаваннем крымскага хана Махмет-Гірэя. Пакуль вестка пра тое дайшла да Ліды, адкуль можна было чакаць дапамогі, татары захапілі багата палонных, набралі вазы дабра, спаліўшы ўсю Беліцу. Але далёка яны не адышлі, праз пару дзён, 5 жніўня 1506 года, войска літвінскае пад Клецкам пабіла іх ушчэнт, вызваліла ўсіх палонных і адабрала нарабаванае.
Намеснік беліцкі Юрый Гальшанскі таксама біў татар пад Клецкам і гнаў іх далёка праз Мазыр, Оўруч, Жытомір. Пазней Гальшанскага прыназначылі ваяводам кіеўскім, а беліцкім намеснікам стаў маршалак гаспадарскі і стараста лідскі Юрый Ільініч (той, што ўзвёў славуты Мірскі замак). Пасля яго змяніў яшчэ адзін Юрый — Радзівіл. На той час Беліца была ў закладзе ў Радзівілаў.
У 1557 годзе вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст падарыў мястэчка Беліца ў вечнае валоданне свайму таварышу Мікалаю Радзівілу па мянушцы Руды. Дарэчы, той быў швагер караля. Родная сястра Рудога, Барбара Радзівіл, пабраўшыся шлюбам з Жыгімонтам Аўгустам, стала каралевай! Пры Радзівілах тут, можна сказаць, надышоў залаты век.
Мікалай Руды быў пратэстант і заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, а пры ім — кальвінскую школу. Міністрам кальвінскага збора быў Лукаш Беднарскі, высокаадукаваны чалавек. У XVII стагоддзі ў Лукаша Беднарскага была ледзь не самая лепшая бібліятэка ва ўсім ВКЛ. І менавіта тут, у Беліцы, на працягу больш за 80 гадоў збіраліся кальвінскія сіноды. Пра Беліцу ведала ўся Еўропа.
У Беліцы над Нёманам Радзівілы збудавалі сваю рэзідэнцыю. Увесь двор яны абнеслі частаколам з адзінымі варотамі, да якіх ляжаў мост, амаль як у Нясвіжы. Праўда, беліцкі палац Радзівілаў быў сціплейшы. Але, калі Радзвілы на пачатку XVII стагоддзя запрасілі сюды знакамітага еўрапейскага картографа Тамаша Макоўскага, Беліцу на сваёй карце ён пазначыў.
Да пачатку XVII стагоддзя Беліца стала даволі вялікім мястэчкам. У 1627 годзе тут было 6 вуліц (у Лідзе, напрыклад, у той самы час — толькі 4), каля 230 гаспадарак і амаль 2000 жыхароў. Штогод ладзіліся кірмашы, былі свае майстры — аж на 16 спецыяльнасцей! У Беліцы жылі рамеснікі і купцы, прычым купцы высокага рангу. Наогул, народ тут быў заможны, разумны, таленавіты. Але пачалася вайна, якая знішчыла ўсё, — 13-гадовая вайна з Маскоўскай дзяржавай (1654–1667).
У лістападзе 1659 года да Беліцы падышло 30-тысячнае маскоўскае войска Івана Хаванскага. Літвінская шляхта вырашыла спыніць ворага на пераправе. Нёман заплакаў крывавымі слязьмі... Цэлы дзень доўжылася бітва, але сілы былі не роўныя, і войска літвінскае адступіла.
Можна толькі ўявіць, што ў Беліцы рабілася, калі туды ўвайшлі войскі Хаванскага... Мястэчка было знішчана цалкам. Але Радзівілы ўсё аднавілі. На карце 1770 года Беліца зноў пазначана як вялікае мястэчка. Справа ў тым, што знаходзілася яна на магістральным тракце з Масквы на Гародню.
Калі Радзівілы прынялі каталіцтва, пратэстантаў адсюль «папрасілі». Іх месца занялі дамініканскія манахі. У Беліцы з’явіўся касцёл, кляштар дамініканцаў. Але пасля паўстання 1831 года кляштар зачынілі, касцёл перадалі праваслаўным i ў Беліцы ўтварылася праваслаўная парафія.
Радзівілам Беліца належала да 1932 г. Пасля смерці Сафіі Радзівіл мястэчка перайшло да яе мужа Лявона Вітгенштэйна, а ад Вітгенштэйнаў патрапіла да Трубяцкіх (дарэчы, тут яшчэ захаваўся колішні дом графіні Трубяцкой).
У пачатку ХХ стагоддзя Беліца лічылася найбуйнейшым мястэчкам Лідскага павета, цэнтрам воласці. Тут былi валасная ўправа, бальніца, народнае вучылішча, стаяла 3 карчмы, на працягу года праводзіліся 4 кірмашы. У 1914 годзе, перад вайной, у Беліцы ўзнікла сваё паштова-тэлеграфнае аддзяленне.
За польскім часам (у 1921 годзе мястэчка далучылі да Польшчы) Беліца была цэнтрам гміны Лідскага павета. Будынак касцёла вярнулі католікам. А праваслаўныя засталіся без храма. І ў 1928 годзе збудавалі на мясцовых могілках драўляную царкву, асвяціўшы яе ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга (яна цудоўна захавалася і па сёння).
У гэтым будынку калісьці знаходзілася карчма...
У Беліцы здаўна душа ў душу жылі хрысціяне, мусульмане і іўдзеі. Акрамя царквы і касцёла, была і свая сінагога. Але падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты расстралялі амаль усіх яўрэяў. А каму ўдалося выжыць, сюды ўжо не вярнуліся.
Цяпер пра яўрэяў тут нагадваюць толькі колішнія яўрэйскія могілкі...